РУС БЕЛ ENG 中文

Каб падтрымаць дзяцей, якія хварэюць на анкалогію, у Беларусі праводзіцца дабрачынная акцыя

28.07.2023

Настаўнікаў і вучняў запрашаюць далучыцца да дабрачыннай рэспубліканскай акцыі «Дзеці замест кветак», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Гэтая акцыя праводзіцца ў Дзень ведаў. Сэнс яе ў тым, каб замест мноства кветак школьнікі падарылі педагогу адзін букет ад усяго класа, а сэканомленыя грошы ахвяравалі дзеткам, якія праходзяць лячэнне ад анкалагічных, гематалагічных і імуналагічных захворванняў.

— У мінулым навучальным годзе на ініцыятыву нашай арганізацыі адгукнуліся 6 000 чалавек з 250 навучальных устаноў краіны, — расказвае заснавальнік сацыяльна-дабрачыннай установы KinderVita Надзея Манцэвіч. — Дзякуючы іх дапамозе было сабрана больш за 54 000 рублёў. Гэтай сумы хапіла, каб на працягу 6 месяцаў падтрымліваць пацыентаў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі спецыялізаваным харчаваннем, сродкамі гігіены, цацкамі і інш. Спадзяемся, што сёлета атрымаем не меншы водгук.

Ініцыіраваць удзел у акцыі могуць як настаўнікі, так і бацькі. Ужо другі раз далучыцца да яе клас настаўніцы сярэдняй школы № 130 імя Рут Уолер Мінска Марыны Стадольнік.

— Калісьці я ўбачыла на старонцы сацыяльнай установы пост пра акцыю і захацела яе падтрымаць. Безумоўна, вырашыла параіцца з бацькамі сваіх навучэнцаў, скінула спасылку ў наш чат. Прыемна, што ўсе адобрылі ідэю. У 2022-м, замяніўшы многія букеты адным, мы перадалі на дапамогу дзеткам, якія хварэюць на анкалогію, каля 350 рублёў. Што тычыцца бягучага навучальнага года, то на гэты раз першай ініцыятыву ўжо праявіла адна з нашых мам. Лічу, што ўдзел у такой акцыі — добры прыклад для вучняў. Яны вельмі пранікліся, калі расказала ім пра хворых дзетак, — падзялілася педагог.

Каб падтрымаць «Дзеці замест кветак», жадаючым неабходна запоўніць спецыяльную форму або звязацца з арганізатарамі. Дарэчы, каманда прадугледзела для ўсіх удзельнікаў памятныя сувеніры — бірулькі «Я дапамагаю дзецям».

Сярод тых, хто падаў ужо заяўкі (іх прыём ажыццяўляецца да 20 жніўня), — два класы з Краснасельскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна. У іх вучацца дзеці Таццяны Болдак. Актыўная мама адразу, як толькі даведалася пра збор, прапанавала астатнім бацькам далучыцца да добрай справы.

 Як толькі ўбачыла інфармацыю аб прыёме заявак, абмеркавалі пытанне ў бацькоўскім чаце, потым узгадніла ўсё з класным кіраўніком, — адзначыла яна.

Пасля заканчэння акцыі каманда праекта абавязкова падае справаздачу аб сабраных ахвяраваннях і іх выкарыстанні. На афіцыйным сайце арганізацыі або ў яе групах у сацыяльных сетках пастаянна публікуецца інфармацыя аб тым, якая дапамога паступае дзецям і як размяркоўваецца.

— Маё малодшае дзіця хварэла на анкалогію, таму я не па чутках ведаю, наколькі важнай у такі цяжкі перыяд з’яўляецца падтрымка, — дзеліцца асабістымі назіраннямі Н. Манцэвіч. — Акцыя «Дзеці замест кветак» дапамагае атрымаць гэтую падтрымку. Яна прыцягвае ўвагу да анкахворых дзетак і дае магчымасць сабраць сродкі для дапамогі ім. А яшчэ, што асабліва важна, вучыць дзяцей рабіць дабро.

 

Источник: https://nastgaz.by/