РУС БЕЛ ENG 中文

Лічбавыя памочнікі: якую ролю адыгрываюць гэтыя сэрвісы ў адукацыі

27.07.2023

Каб захаваць сваю ўнікальнасць ва ўмовах лічбавай трансфармацыі, кожная ўстанова адукацыі павінна праводзіць маніторынг дзейнасці, вызначаць траекторыю свайго развіцця. На дапамогу прыходзяць лічбавыя інструменты. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

— За апошняе дзесяцігоддзе з’явіліся лічбавыя інструменты, якія дазваляюць установе адукацыі самастойна ацэньваць бягучы стан інфарматызацыі, выяўляць перспектыўныя напрамкі і фарміраваць доўгатэрміновую стратэгію свайго развіцця, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 119 Мінска Таццяна Балуціна.

Што гэта за інструменты? У межах праекта “Разумная школа” да сэрвісу “Бібліятэка лічбавага адукацыйнага кантэнту”, дзе будзе ўтрымлівацца базавы і варыятыўны верыфікаваны кантэнт, да 2030 года павінны атрымаць доступ усе навучэнцы і педагогі. Мяркуецца, што ўжо да 2024 года трэцяя частка ўсіх урокаў будзе праводзіцца з выкарыстаннем сучасных лічбавых матэрыялаў. Сэрвіс дазволіць адначасова рэалізоўваць адукацыйныя праграмы павышанага ўзроўню, выбудоў­ваць індывідуальныя адукацыйныя траекторыі і павышаць прафесійныя кампетэнцыі педагогаў.

“Лічбавы памочнік навучэнца” павінен быць рэкамендацыйнай сістэмай, якая будзе складаць для школьнікаў персаналізаваныя падборкі вучэбных матэрыялаў і планы навучання на аснове лічбавага профілю. Гэта паўнавартасны лічбавы арганайзер, у якім навучэнцы павінны праходзіць самаабследаванне на выяўленне інтарэсаў і схільнасцей і весці самадыягностыку таго, як яны засвойваюць адукацыйную праграму.

Сэрвіс “Лічбавае партфоліа навучэнца” — “Мае поспехі” — са згоды бацькоў будзе фікса­ваць адукацыйную траекторыю і ўсе дасягненні навучэнца. Па даных сэрвісу можна будзе сфарміра­ваць пакет дакументаў для паступлення ва УВА або каледж. У перспектыве школьнік зможа кіраваць адукацыйнай траекторыяй на аснове бясшоўнага пераходу паміж рознымі сэрвісамі і з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту.

Сэрвіс “Лічбавы памочнік баць­коў” стане каналам узаемадзеяння школы і бацькоў, у тым ліку забяспечыць абмен імгненнымі паведамленнямі з настаўнікамі: сэрвіс аўтаматызаванага запісу ў школу, запіс на алімпіяды (гарадская платформа дыстанцыйнага навучання), конкурсы, спаборніцтвы, экзамены і атрыманне дакументаў аб адукацыі.

Задача сэрвісу “Лічбавы памочнік настаўніка” — аўтаматызаваць за кошт сістэм штучнага інтэлекту частку работы педагогаў: праверку ўсіх дамашніх заданняў, для якіх гэта магчыма, і планаванне рабочых праграм. Другой часткай сэрвісу павінна стаць сістэма павышэння кваліфікацыі педагогаў у анлайн-фармаце. Сэрвіс павінен ­стаць праактыўным: прадбачыць патрэбы і запыты педагогаў.

 У цяперашні час, згодна з канцэпцыяй лічбавай трансфармацыі адукацыі, вядзецца распрацоўка лічбавых інструментаў, якія дапамагаюць планаваць развіццё ўстаноў адукацыі. Іх мэта — дапамагчы школам укараніць лічбавыя тэхналогіі ў навучанне. Яны мо­гуць паказаць, якія рашэнні па выкарыстанні лічбавых тэхналогій аказаліся паспяховымі, якія патрабуюць паляпшэння, дазваляюць вызначыць прыярытэты. З дапамогай ананімных анлайн-апытанняў фарміруецца статыстыка меркаванняў навучэнцаў, настаўнікаў і кіраўнікоў школ аб тым, як лічбавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў іх школе. Пытанні тычацца сферы кіравання, інфраструктуры, пад­рыхтоўкі і прафесійнага развіцця настаўнікаў і лічбавай кампетэнцыі навучэнцаў, — адзначае Таццяна Уладзіміраўна. — Сёння не хапае інструмента, які б на гэтай аснове аўтаматычна генерыраваў справаздачу моцных і слабых бакоў школы ў выкарыстанні лічбавых тэхналогій. Атрыманая інфармацыя дапамагла б выявіць тыповыя праблемы і вырашыць іх.

 

Источник: https://nastgaz.by/