РУС БЕЛ ENG 中文

Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама – пра планы на новы навучальны год

26.07.2023

Сваёй ацэнкай летняга аздараўлення дзяцей і планамі на новы навучальны год з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася  начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк. 

— Адпачынак і аздараўленне дзяцей — справа сур’ёзная, і мы падыходзім да яе адказна, — гаворыць Вольга Зігмундаўна. — Пры падтрымцы Лідскага раённага выканаўчага камітэта праведзена вялікая работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем — іх у нас тры. 

Важна, каб адпачынак дзяцей быў бяспечным і цікавым. Гэтым двум складнікам мы ўдзяляем належную ўвагу. У супрацоўніцтве з зацікаўленымі забяспечваем неабходныя санітарна-гігіенічныя ўмовы, медыцынскае абслугоўванне, якаснае харчаванне. Дарэчы, адпачынак у аздараў­ленчых лагерах у гэтым сезоне вельмі запатрабаваны. Дзяцей прываблівае і культурна-адукацыйная праграма, якая ім прапаноўваецца. Праекты аздараўленчых змен разнастайныя, уключаюць шырокі спектр сучасных форм работы.  Ужо не першы раз на базе лагера “Спадарожнік” пройдзе змена для ўдзельнікаў інтэлектуальных клубаў краіны. 

Лагеры з дзённым знаходжаннем таксама запатрабаваны ў нашым раёне. Найбольшай папулярнасцю яны карыстаюцца ў тых, хто вучыцца на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Усяго гэтым летам плануем аздаравіць каля 5 тысяч дзяцей.

— Як рыхтуецеся да новага навучальнага года?

— Падрыхтоўка да новага навучальнага года — гэта асаблівая частка жыцця сістэмы адукацыі. Калі гаварыць пра самыя маштабныя праекты, то сюды можна аднесці будаўніцтва новага дзіцячага сада ў мікрараёне Поўнач на 190 месцаў. Яго ўвод у эксплуатацыю запланаваны на 4-ы квартал 2023 года.

Яшчэ адзін маштабны праект — рэканструкцыя Першамайскай сярэдняй школы. Яна ўключана ў пералік аб’ектаў будаўніцтва (рэканструкцыі), якія фінансуюцца ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2022 год і зацверджаны Указам Прэзідэнта № 257. Абноўленая школа сустрэне навучэнцаў 1 верасня.

За сродкі Лідскага райвыканкама абнаўляюцца фасады двух дзіцячых садоў і адной школы, праводзіцца рамонт дахаў дзвюх устаноў адукацыі. У адным дзіцячым садзе ідзе капітальны рамонт харчаблока з поўнай заменай тэхналагічнага абсталявання.

Паэтапна праводзім рамонт школьных стадыёнаў: на двух стадыёнах у Лідзе ўжо абноўлены бегавыя дарожкі. Да канца лета яны будуць абноўлены яшчэ ў дзвюх установах адукацыі. А ў Бярозаўцы абновяць плоскасныя спартыўныя збудаванні. Для гэтага выкарыстоўваюцца сродкі мясцовага бюджэту, а таксама спонсарскія грошы.

Рамонтныя работы, доб­раўпарадкаванне тэрыторый праводзяцца ў кожнай установе адукацыі. Нядаўна запусцілі ў Telegram-канале “Адукацыя Лідчыны” новую рубрыку з вельмі гаворачай назвай “Да новага навучальнага года гатовыя? — Рыхтуемся!”, дзе ўсе нашы пад­рыхтоўчыя работы, вялікія і не вельмі, будуць асветлены. Бацькі і дзеці павінны ведаць: установы адукацыі зноў чакаюць сваіх навучэнцаў.

— Што вас як кіраўніка цікавіць у “Настаўніцкай газеце”?

— “Настаўніцкую газету” чытаю даўно і з цікавасцю. Выданне прыцягвае тым, што на яго старонках аператыўна адлюстроўваюцца новаўвядзенні ў сферы адукацыі, абмяркоўваюцца актуальныя пытанні навучання і выхавання, трансліруецца лепшы педагагічны вопыт. Заўсёды цікава ведаць, чым жывуць рэгіёны, знаёміцца з перадавой педагагічнай практыкай і прафесійнымі знаходкамі калег.

На мой погляд, газета цікавая як вопытным педагогам, так і маладым спе­цыялістам — тут кожны можа знайсці свежую цікавую ідэю, дабавіць да яе свае прафесіяналізм і творчасць і ў выніку атрымаць матывацыю вучняў да ведаў, развіцця і самарэалізацыі. 

З цікавасцю чытаю матэрыялы з вопыту кіравання якасцю адукацыі, развіцця алімпіяднага руху і даследчай дзейнасці, аб практыцы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, фарміравання культуры здаровага ладу жыцця, развіцця ініцыятывы і творчасці дзяцей і падлеткаў, узаемадзеяння з сям’ёй па пытаннях выхавання. Безумоўна, сёлета чытала ўсё, што тычылася арганізацыі цэнтралізаванага экзамену, уступнай кампаніі.

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: