РУС БЕЛ ENG 中文

Як арганізаваны адпачынак дзяцей летам у гімназіі № 1 Навагрудка

26.07.2023

Пазітыўнае лета — пад такім лозунгам у гімназіі № 1 Навагрудка арганізавана правядзенне вольнага часу не толькі для навучэнцаў установы адукацыі, але і ўвогуле дзетвары мікрараёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Цёплым летнім днём на стадыёне чуецца дзіцячы гоман. Некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі спяшаюцца ў робаклас ці на дадатковыя заняткі з настаўнікам у межах падрыхтоўкі да алімпіяды па любімым прадмеце. Ужо ў фае ўстановы адукацыі кідаецца ў вочы прыгожы арт-аб’ект — сонейка, кожны прамень якога сімвалізуе пэўны напрамак работы.

— У летні час прыярытэтным кірункам з’яўляецца арганізацыя занятасці нашых навучэнцаў і ўсіх дзяцей, якія жывуць у мікрараёне, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Навагрудка Юлія Эдуардаўна Шолк. — Разгорнута цімураўская, валанцёрская дзейнасць. Дзеці дапамагаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, педагогам — ветэранам працы, займаюцца добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў. У рамках працоўнага дэсанту наводзяць чысціню на тэрыторыі гімназіі, паліваюць кветкі. Арганізоўваюцца дваровыя гульні, школьнікі право­дзяць час з настаўнікамі фізкультуры, ладзяцца спартыўныя мерапрыемствы. Таксама кожны жадаючы можа ­ўзяць у гімназіі спартыўны інвентар і пазаймацца самастойна. У чэрвені амаль150 школьнікаў наведвалі лагер “Пазітыў”. Яшчэ 27 былі задзейнічаны ў часовай працоўнай занятасці, для 20 з іх гэта была першая работа і магчымасць атры­маць сваю працоўную кніжку.

Не пустуе і робаклас. Настаўнікі Наталля Ула­дзіміраўна Кароль і Аксана Уладзіміраўна Логін працуюць з рознымі групамі — ад пачаткоўцаў да вучняў старшых класаў.

Віталь Цыркевіч і Міхаіл Харонжы толькі перайшлі ў 4 клас, аднак у LEGO-канструяванні і робататэхніцы не навічкі. Сабраны і запраграмаваны імі гадзіннік быў прадстаўлены на спаборніцтвах у Лідзе. Хлопчыкі вельмі добра ладзяць паміж сабой, адзін хутка спраўляецца са зборкай мадэлі, другі працуе над праграмным забеспячэннем. Дзецям так падабаецца займацца любімай справай, што яны і летам вывучаюць простыя мовы праграмавання, выкарыс­тоўваюць іх у рабоце з канструктарам.

У летні час добра развіта экскурсійная дзей­насць. Гімназісты не толькі адпраўляюцца ў падарожжы па родных мясцінах, наведваюць музеі іншых устаноў адукацыі, але і з задавальненнем прымаюць гасцей у двух сваіх музеях: “Вытокі”, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне і генацыду беларускага народа, а таксама музеі лёну і побыту.

— Дзецям падабаецца летам займацца той справай, якой яны захапляюцца, — упэўнена дырэктар гімназіі № 1 Навагрудка Святлана Іванаўна Аляхновіч. — Прыхільнікі футбола праводзяць шмат часу на школьным футбольным полі. Захоп­леныя жывапісам займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах і разам са сваім кіраўніком Аленай Віктараўнай Галанавай дапамагаюць абнаўляць малюнкі на сценах школьных калідораў. Ёсць і тыя, хто працягвае займацца з настаўнікамі-прадметнікамі, рыхтуючыся да алімпіяд. Калі табе нешта цікава, то лета — той час, калі можна скарыстацца магчымасцю заняцца любімай справай.

Не ўсе бацькі могуць арганізаваць якасную заня­тасць свайго дзіцяці, таму ўстановы адукацыі дапамага­юць ім у гэтым. Ды і дарослыя мо­гуць быць спакойнымі, бо ведаюць, дзе знахо­дзяцца іх дзеці, чым займаюцца і пад чыім наглядам.

 Ірына АНІКЕВІЧ

 

Источник: https://nastgaz.by/