РУС БЕЛ ENG 中文

Працоўны кодэкс: якія навацыі будуць уведзены з новага года

24.07.2023

З 1 студзеня 2024 года ўступіць у сілу прыняты напрыканцы чэрвеня Закон “Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін”. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”разбіралася, што новага ўносіць ён у Працоўны кодэкс нашай краіны.

Насустрач дзяцінству

Бацькі, якія выхоўва­юць траіх ці больш дзяцей або дзіця з інваліднасцю, карыстаюцца ў нашай краіне асаблівай падтрымкай дзяржавы. Змяненні ў Працоўны кодэкс яшчэ больш пашыраюць іх магчымасці сумяш­чаць бацькоўскія і працоўныя абавязкі. Цяпер яны змогуць па ўзгадненні з наймальнікам замест дадатковага аплатнага выхаднога дня адзін дзень у ты­дзень скарачаць працягласць працы на адну гадзіну штодзённа. Адна ўмова — гэта не павінна перашкаджаць нармальнай рабоце арганізацыі. Калі ж бацькам зручней, як і раней, браць адзін дзень у тыдзень — гэта іх права, такая норма працягне дзейнічаць і далей.   

Будзем здаровыя

Здароўе чалавека — рэч вельмі каштоўная, і клапаціцца пра яго трэба не толькі тады, калі ўжо не на жарт прыхапіла. Таму Працоўны кодэкс дапоўнены нормамі, якія будуць дадаткова гэтаму спрыяць. Так, падчас праходжання дыспансерызацыі ў арганізацыях аховы здароўя работнікі будуць вызваляцца ад працы з захаваннем сярэдняга заробку. Перыядычнасць праходжання дыспансерызацыі будзе залежаць ад узросту работніка. Людзі, якім да 40 гадоў, будуць вызваляцца ад працы на адзін дзень раз у тры гады; больш за 40 гадоў — на адзін дзень штогод; жанчыны пасля 53 гадоў і мужчыны пасля 58 — на два дні штогод.

Дзень ці дні для прахо­джання дыспансерызацыі трэба будзе ўзгадняць з наймальнікам. Прадастаўляць іх будуць на аснове пісьмовай заявы. Потым неабходна будзе прынесці на работу дакументы, якія пацвер­дзяць праходжанне ў паліклініцы неабходных абследаванняў.

Зручная камбінацыя

Працоўны кодэкс дапоўнены нормамі, якія даюць магчымасць чаргаваць перыяды выканання работы дыстанцыйна і на працоўным месцы ў арганізацыі (так званая камбінаваная праца). Гэта дазволіць падыходзіць да арганізацыі працоўнага працэсу больш гібка. 

Змяненні ў Працоўным кодэксе закранулі больш за 80 артыкулаў, з’явіліся 4 новыя артыкулы.

Наймальнікам дазволілі ажыццяўляць прававыя дзеянні ў адносінах да работнікаў не толькі ў пісьмовай форме, але і ў электронным выглядзе. Але гэта тычыцца не ўсіх дакументаў. Дазволена, калі гаворка ідзе аб азнаямленні з дакументамі, накіраванні апавяшчэнняў, атрыманні згоды ад работніка і інш. Не дазволена — для заключэння, падаўжэння і змянення працоўных дагавораў, дагавораў аб поўнай матэрыяльнай адказнасці.

Калі наймальнік мае намер прымяняць механізм электроннай перасылкі, трэба выканаць дзве ўмовы. Па-першае, праграмныя комплексы, якія выкарыстоўвае прадпрыемства, павінны дакладна ідэнтыфікаваць работнікаў. Па-другое, павінен быць прыняты лакальны дакумент, у якім прапісана, як і з якімі дакументамі наймальнік будзе знаёміць работнікаў у электронным выгля­дзе.    

Добрага адпачынку

Пасля ўступлення новага закона ў сілу работнік зможа дзяліць працоўны водпуск на больш чым дзве часткі, калі гэта прадугле­джана не толькі калектыўным дагаворам, але і іншымі лакальнымі прававымі актамі наймальніка. Такім чынам, пайсці ў водпуск тры ці больш разоў за год змо­гуць работнікі і тых арганізацый, дзе калектыўнага дагавора няма, але наймальнік падпісаў іншы адпаведны дакумент.

Ігар Старавойтаў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны: Навацыі Працоўнага кодэкса накіраваны на ўзмацненне сацыяльных гарантый работнікаў, пашырэнне магчымасцей прымянення ў сістэме працоўных адносін інфармацыйных тэхналогій, карэкціроўку норм па пытаннях рабочага часу і працоўных водпускаў, а таксама іншыя пытанні, якія ўзніклі з улікам практыкі прымянення.

У выпадках незапланаванага прадастаўлення работніку працоўнага водпуску наймальніку дазволілі са згоды чалавека выплачваць сярэдні заробак не пазней чым за два працоўныя дні пасля пачатку водпуску. Гэтую норму ўвялі ў сувязі з тым, што, калі работніку трэба пайсці ў водпуск тэрмінова, не па графіку, наймальніку цяжка выканаць заканадаўчую норму аб выплаце адпускных за два дні да пачатку водпуску і ён ідзе на згоду неахвотна. Цяпер вырашаць такія сітуацыі стане лягчэй. 

Палепшыць веды

Устанаўліваецца не права, а абавязак наймальніка прадастаўляць водпуск без захавання заработнай платы ў сувязі з атрыманнем адукацыі (пры адсутнасці накіравання наймальніка на навучанне):

– работнікам, якія ўпершыню атрымліваюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю;

– работнікам, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, без прывязкі да крытэрыю “ўпершыню”.

Наймальнік таксама будзе абавязаны прадаставіць работнікам водпуск да 12 каляндарных дзён без захавання заработнай платы на час паступлення ў аспірантуру. А тыя, хто піша дысертацыю, атрымаюць права на аднаразовы водпуск з захаваннем сярэдняга заробку працягласцю не больш як 30 каляндарных дзён.

Для тых, хто працуе няпоўны дзень

Закрануць навацыі і тых, хто працуе няпоўны рабочы дзень. Устанаўліваецца, што для іх працягласць працы ў перадсвяточны дзень будзе скарачацца прапарцыянальна працягласці працоўнага часу. Як вядома, для працуючых на поўную стаўку 8 гадзін перад святамі прадугледжана скарачэнне на 1 гадзіну. Такім чынам, калі занятасць у чалавека, напрыклад, чатырохгадзінная, яго дзень зробяць карацейшым на 30 мінут.   

Зменяцца нормы аднос­на перапынку для адпачынку і харчавання. Калі працягласць штодзённай работы чалавека не перавышае 4 гадзіны, перапынак для адпачынку і харчавання па жаданні работніка ўжо можа і не прадастаў­ляцца. Згодна з цяперашнімі нормамі, ён павінен быць абавязкова (не меншым за 20 мінут). Але некаторыя работнікі не хо­чуць браць такі перапынак, бо ён зацягвае час знаходжання на працоўным месцы і не аплач­ваецца. Па новых правілах, кожны зможа сам выбіраць, як яму зручней.

 

Источник: https://nastgaz.by/