Якія дзённікі будуць выкарыстоўвацца ў школах краіны ў 2023/2024 навучальным годзе
20.07.2023У Міністэрстве адукацыі паведамілі, якія дзённікі будуць выкарыстоўвацца ў агульнаадукацыйных установах краіны ў 2023/2024 навучальным годзе, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Ва ўпраўленні агульнай сярэдняй адукацыі галіновага ведамства адзначылі, што ў 2023/2024 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, выкарыстоўваюцца дзённікі навучэнцаў, выдадзеныя паліграфічнымі прадпрыемствамі ў 2023 годзе ў адпаведнасці з тыпавымі формамі дзённіка навучэнца, якія зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 2022 года № 267 (у рэдакцыі ад 16 мая 2023 года № 157). Акрамя таго, могуць выкарыстоўвацца дзённікі, выпушчаныя ў 2022 годзе, па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі.
Згодна з пастановай, прапаноўваецца па 2 тыпавыя формы дзённіка для вучняў пачатковай (III—IV класы) і старэйшай (V—XI класы) школы. Можна выбраць мову — рускую ці беларускую.
На тыльным баку вокладкі пазначаны кантакты і адрас сайта Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі. Тут жа ёсць і QR-код, які вядзе на інтэрактыўную платформу “Патриот.by”.
На ўнутраным баку вокладкі размешчаны дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь — выявы сцяга і герба, тэкст гімна. На ўнутраным баку задніка дзённіка змяшчаецца інфармацыя пра дзяржаўныя святы, святочныя дні і памятныя даты ў нашай краіне.
У тыпавой форме дзённіка таксама ёсць старонкі, дзе пазначаны асноўныя правы і абавязкі навучэнца. У прыватнасці, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, вучань мае права на атрыманне сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі з боку спецыялістаў установы адукацыі; бясплатнае карыстанне бібліятэкай, фізкультурна-спартыўнымі збудаваннямі, вучэбнай базай установы адукацыі; заахвочванне за поспехі ў вучэбнай, грамадскай, эксперыментальнай, інавацыйнай дзейнасці; удзел у фізкультурна-аздараўленчых, спартыўна-масавых, спартыўных мерапрыемствах, а таксама ў адукацыйных мерапрыемствах.
Нагадваецца парадак вядзення дзённіка, дзе сказана, што ўсе запісы павінны весціся з захаваннем наступных патрабаванняў:
- запаўняць дзённік на адной з дзяржаўных моў;
- пісаць акуратна, без памылак, разборлівым почыркам, карыстацца шарыкавай ручкай з пастай фіялетавага або сіняга колеру. Нельга выкарыстоўваць каляровыя алоўкі, фламастары, наклейкі і аплікацыі;
- у пачатку навучальнага года запаўняць тытульны ліст, указваючы прозвішча і ўласнае імя ў родным склоне, запісваць расклад вучэбных заняткаў;
- назвы вучэбных прадметаў запісваць з малой літары — беларуская мова, матэматыка і г.д. — на ўсіх старонках дзённіка, у тым ліку пры запаўненні раскладу вучэбных заняткаў;
- заданні і назвы месяцаў запісваць у дзённіку з малой літары.
Правілы скарачэння слоў рэгламентуюцца настаўнікам згодна з існуючымі нормамі.
Традыцыйна ў дзённіку прадугледжаны старонкі з графамі для заўваг настаўнікаў, а таксама прысвечаныя канікулам, дзе можна пазначыць іх даты, плануемыя мерапрыемствы, час і месца правядзення.
Разварот дзённіка традыцыйны — з раскладам вучэбных прадметаў па днях тыдня, графамі для запісу дамашняга задання і выстаўлення адзнак. На апошняй старонцы табліца, куды будуць уносіцца звесткі аб выніках правядзення прамежкавай і выніковай атэстацыі ў 2023/2024 навучальным годзе.
Источник: https://nastgaz.by/