РУС БЕЛ ENG 中文

Чаму аздараўленчы лагер «Сузор’е» стаў вельмі папулярным сярод дзяцей Гро­дзенскага раёна

19.07.2023

Дзіцячы аздараўленчы лагер “Сузор’е” ўпраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама ў мінулым годзе быў названы адным з лепшых у краіне па арганізацыі медыцынскага забеспячэння, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Не толькі гэты напрамак у лагеры на вышыні. Пацвярджэннем гэтага  слу­жыць той факт, што запыт на пуцёўкі ў шмат разоў перавышае колькасць месцаў. На першую змену, якая носіць назву “Казачная краіна “Сузор’е”, заехала 272 дзіцяці, а жадаючых было нашмат больш. Што тычыцца наступных змен, то колькасць пададзеных заявак вырасла ў разы. Чаму лагер стаў такім папулярным сярод дзяцей Гро­дзенскага раёна і іх бацькоў? Аб гэтым спыталі ў начальніка аздараўленчага лагера Алы Кіўляк.

— Сапраўды, з году ў год дзеці імкнуцца трапіць у наш лагер, — расказала Ала Вікенцьеўна. — У першую чаргу пуцёўкі выдаюцца тым, чые бацькі працуюць на прадпрыемствах і ў сельскагаспадарчых арганізацыях Гродзенскага раёна. Адпачываюць тут і дзеці з прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзеці-інваліды. У чым наша іскрынка? Па-першае, мы знаходзімся на беразе возера Малочнае, дзе ёсць абсталяваны пляж з пірсам. Па-другое, выкарыстоўваем магчымасці санаторыя “Парэчча”: дзеці наведваюць басейн, а тыя, хто на працягу года хварэў на рэспіраторныя і алергічныя захворванні, — янтарны і саляны пакоі здраўніцы, п’юць кіслародныя кактэйлі. У нас камфортныя ўмовы пражывання, дзеці да 11 гадоў жывуць у блоках з душам і туалетам. Сучасным абсталяваннем аснашчаны харчаблок. Дарэчы, дзеці ў сталовай не дзяжураць, працуюць афіцыянты. Ёсць таксама медыцынскі блок. У нас няма іншых прыярытэтаў, акрамя аздараўлення дзяцей.

За кошт бюджэтных сродкаў і дапамогі арганізацый, гаспадарак раёна штогод паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база. Толькі ў час падрыхтоўкі да сёлетняга сезона было набыта тавараў і паслуг больш як на 287 тысяч рублёў. Закуплена новае абсталяванне для харчаблока, у тым ліку бактэрыцыдны рэцыркулятар, а таксама неабходныя рэчы для жылых карпусоў. Адкрыты сенсорны пакой. Добраўпарадкавана баскетбольная пляцоўка, устаноўлены вулічныя трэнажоры.

Яшчэ ў мінулым годзе, калі ў “Сузор’і” рэалізоўваўся праект “Рэсурснае лета”, узнікла ідэя абсталяваць сенсорны пакой. Як лічыць начальнік лагера, ён патрэбны для рэабілітацыі, псіхалагічнага расслаблення, карэкцыі паводзін дзяцей педагогам-псіхолагам. Памяшканне аформлена з любоўю, сцены размаляваны па матывах твора “Маленькі прынц” Антуана дэ Сент-Экзюперы. Сучаснае абсталяванне не толькі адпавядае патрэбам навучання і выхавання — усё гэта вельмі цікава самім дзецям. Распрацаваны праграмы заняткаў. Дарэчы, у першую змену выхавальнікамі ў лагеры працуюць студэнты-псіхолагі ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Дзеці прыязджаюць у лагер адпа­чыць, а для таго каб зняць напружанне пасля навучальнага года, хутчэй правесці адаптацыю, у жніўні мінулага года і быў адкрыты сенсорны пакой. Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ў летнім аздараўленчым лагеры мы разглядаем як працэс узаемадзеяння дзіцяці і дарослага, заснаваны на падтрымцы і клопаце, накіраваны на задавальненне як фізіялагічных, так і сацыяльных патрэб школьнікаў. Разнастайнасць форм і прыёмаў псіхолага-педагагічнага суправаджэння дапамагае дзецям і падлеткам атрымаць новы сацыяльны вопыт, асвоіць найбольш паспяховыя мадэлі паводзін, творча самараскрыцца, — адзначыла А.В.Кіўляк.

Як расказала намеснік начальніка па асноўнай дзейнасці ДАЛ “Сузор’е” Аксана Філімонава, праграма змены “Казачная краіна “Сузор’е” складзена на аснове казкатэрапіі, каб дзеці адчулі асалоду ад казак, навучыліся знаходзіць у іх адказы на свае пытанні. На працягу змены яны ствараюць і сваю ўласную казку, мяняючы сюжэт, дапамагаюць галоўнаму герою выйсці з цяжкай жыццёвай сітуацыі. У аздараўленчым лагеры сума­ваць няма калі. Тут вельмі цікавая праграма, ёсць магчы­масць заняцца спортам, пагуляць у настольныя гульні, скарыстацца багатым бібліятэчным фондам.

Нельга не адзначыць падыход адміністрацыі да арганізацыі харчавання. У гэтым годзе распрацавана новае меню з улікам праве­дзенага анкетавання дзяцей, якія адпачывалі ў лагеры мінулым летам. Як аказалася, выхаванцы больш любяць дранікі з мясам, амлет, тварожныя запяканкі, ­боршч, гарохавы суп, булачкі і, безумоўна, кожны дзень яны атрымліваюць фрукты і сокі. Яшчэ на стадыі выдачы пуцёўкі кіраўніцтва лагера звяртаецца да бацькоў з пытаннем аб неабходнасці дыетычнага харчавання. Тэхнолагі распрацоўваюць адпаведнае меню. Так, у лагеры трэці год адпачывае хлопчык, у якога вельмі шмат абмежаванняў па харчаванні. Для яго распрацавана спецыяльнае меню. Напрыклад, калі ўсе дзеці атрымліва­юць рыбу, а ён рэагуе на яе пах, то яму падаюць абед у корпус. Мама вельмі ўдзячна, што сын з такой складанай дыетай мае магчымасць быць ра­зам з дзецьмі без апекі бацькоў, бо яго харчаванне што­дзень кантралюе медык.

Адпачынак у “Сузор’і” толькі набірае абароты. Наперадзе змены “Спадчыну Беларусі я берагу”, “У рытме здаровага лета”, “Рэсурснае лета. Прафесіяналы будучыні”.

 

Источник: https://nastgaz.by/