РУС БЕЛ ENG 中文

Пытанні пра размеркаванне і правядзенне развіццёвых заняткаў: рубрыка «Вам адказвае Міністэрства адукацыі»

19.07.2023

На актуальныя пытанні чытачоў адказала Любоў Мальковіч, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы Міністэрства адукацыі.

Я з’яўляюся студэнтам бюджэтнай формы навучання на юрыдычным факультэце дзяржаўнай установы адукацыі, атрымліваю вышэйшую адукацыю і падлягаю размеркаванню. Калі пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі я праігнарую накіраванне на вызначанае месца работы і замест таго, каб прыбыць па месцы размеркавання, самастойна працаўладкуюся ў следчы камітэт, міліцыю або армію на службу па кантракце, ці буду я абавязаны кампенсаваць сродкі за навучанне і як будуць дзейні­чаць нормы вышэйназванага заканадаўс­тва ў такім выпадку? Магчыма, гэтае пытанне рэгулюецца іншымі НПА? Як у гэтай сітуацыі будзе вырашацца пытанне з тым месцам працаўладкавання, куды першапачаткова мяне размяркуе ўніверсітэт? Ці магчымы ў прынцыпе такі ва­рыянт развіцця падзей пасля выпуску з універсітэта, ці мяне не мае права прыняць на службу ні адзін дзяржаўны орган, калі я падлягаю размеркаванню?

У адпаведнасці з часткай першай пунк­та 4 артыкула 78 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс), з выпускнікоў, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання, прызваных на ваенную службу, якія паступілі на ваенную службу па кантракце або накіраваны на альтэрнатыўную службу і праслужылі (прайшлі альтэрнатыўную службу) не менш за тэрмін, устаноўлены заканадаўствам для праходжання ваеннай службы па прызыве для адпаведнай катэгорыі ваеннаслужачых, тэрмін ваеннай службы, устаноўлены кантрактам аб праходжанні ваеннай службы, тэрмін альтэрнатыўнай службы для адпаведнай катэгорыі грамадзян, сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку, не спаганяюцца.

Згодна з часткай трэцяй пункта 29 Палажэння аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, перанакіравання на работу, прадастаўлення месца работы выпускнікам, якія атрымалі навукова-арыентаваную, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспуб­лікі Беларусь ад 31.08.2022 № 572 (далей — Палажэнне), воінскія часці (органы паг­ранічнай службы) у выпадку прыняцця грамадзян з ліку выпускнікоў, маладых спецыялістаў на ваенную службу па кантракце на працягу 15 каляндарных дзён пісьмова паведамляюць аб гэтым установе адукацыі і наймальніку з указаннем даты (чаканай даты) заключэння кантракта аб прахо­джанні ваеннай службы і тэрміну службы ў адпаведнасці з кантрактам. Для прыняцця на ваенную службу па кантракце грама­дзяне з ліку выпускнікоў, маладых спецыялістаў прад’яўляюць у воінскія часці (органы пагранічнай службы) пасведчанне аб накіраванні на работу (яго копію, завераную наймальнікам) або даведку аб самастойным працаўладкаванні (яе копію, завераную наймальнікам).

У адпаведнасці з абзацам трэцім часткі першай пункта 18 Палажэння, установы адукацыі ажыццяўляюць пераразмеркаванне выпускнікоў, маладых спецыялістаў у сувязі з паступленнем на службу ў органы ўнутраных спраў, органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях са згоды наймальніка, да якога выпускнік, малады спецыяліст накіраваны на работу (службу) па размеркаванні, і вышэйстаячага ў адносінах да наймальніка дзяржаўнага органа (арганізацыі) (пры наяўнасці).

Згодна з часткай другой пункта 18 Палажэння, для разгляду пытання аб пераразмеркаванні выпускнік, малады спецыя­ліст звяртаецца ва ўстанову адукацыі, якая накіравала яго на работу. Пры звароце прад’яўляюцца дакумент, які сведчыць асобу, а таксама (абзацы пяты, шосты часткі другой пункта 18 Палажэння):

ліст Міністэрства ўнутраных спраў (яго дэпартамента) або тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў аб згодзе на заключэнне кантракта аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў, а таксама ліст наймальніка, да якога выпускнік, малады спецыяліст накіраваны на работу па размеркаванні, аб згодзе з пераразмеркаваннем у сувязі з паступленнем на службу ў органы ўнутраных спраў. Пры гэтым у такім лісце павінна змяшчацца інфармацыя аб тым, што рашэнне наймальніка ўзгоднена з вышэйстаячым у адносінах да наймальніка дзяржаўным органам (арганізацыяй);

ліст Міністэрства па надзвычайных сітуацыях або тэрытарыяльнага органа па надзвычайных сітуацыях, а таксама ліст наймальніка, да якога выпускнік, малады спецыяліст накіраваны на работу па размеркаванні, аб згодзе з пераразмеркаваннем у сувязі з паступленнем на службу ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. Пры гэтым у такім лісце павінна змяшчацца інфармацыя аб тым, што рашэнне наймальніка ўзгоднена з вышэйстаячым у адносінах да наймальніка дзяржаўным органам (арганізацыяй).

Я з’яўляюся ІП. Планую ў хуткім часе аказваць паслугі па кодзе дзейнасці 85590 “Іншыя віды адукацыі, не ўключаныя ў іншыя групоўкі”. Хачу ажыццяўляць дзей­насць такім чынам: праводзіць развіццёвыя заняткі з дзецьмі працягласцю ад 45 мінут да 2 гадзін. Гэтыя развіццёвыя заняткі не тычацца вучэбнай адукацыйнай праграмы дзіцячага сада і школы, а будуць накіраваны на развіццё ў дзяцей маторыкі, логікі і цікавасці да працэсу пазнання. Прашу пац­вердзіць магчымасць аказання паслуг па вышэйназваным відзе дзейнасці без ліцэнзіі. У адваротным выпадку, калі мой від дзейнасці будзе падпадаць пад іншы код АКЭД (напрыклад, пад код 85100), прашу пракансультаваць, ці патрэбна мне ліцэнзія і ў якім парадку я магу яе атрымаць.

Развіццёвыя заняткі для дзяцей да­школьнага ўзросту могуць быць арганізаваны праз рэалізацыю праграм аб’яднанняў па інтарэсах па адпаведных профілях (артыкул 225 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, зацверджанага Законам Рэс­публікі Беларусь ад 14 студзеня 2022 г. № 154-3 (далей — Кодэкс).

Для рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі неабходна распрацаваць і зацвердзіць праг­раму аб’яднання па інтарэсах па адпаведным профілі дзейнасці і ўзгадніць яе ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку (пункт 7 артыкула 235 Кодэкса).

Згодна з агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь АКРБ 005-2011 “Віды эканамічнай дзейнасці”, зацверджаным пастановай Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2011 г. № 85 (далей — АКЭД), рэалізацыя адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адносіцца да віду эканамічнай дзейнасці 85590 (“Іншыя віды адукацыі, не ўключаныя ў іншыя групоўкі”).

Згодна з АКЭД, падклас 85100 “Да­школьная адукацыя” ўключае дзейнасць па рэалізацыі адукацыйнай праграмы да­школьнай адукацыі, якая забяспечвае выхаванне і навучанне дзяцей.

Звяртаем вашу ўвагу, што пунктам 3 артыкула 26 Кодэкса аб адукацыі ўстаноўлена наступнае. Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць, могуць рэалізоўваць толькі:

адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі;

адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі;

адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых, а менавіта — адукацыйную праграму вучэбных курсаў (лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў, афіцэрскіх курсаў і іншых відаў вучэбных курсаў);

адукацыйную праграму курсаў мэтавага прызначэння, адукацыйную праграму ўдасканалення магчымасцей і здольнасцей асобы (падпункты 4.1, 4.2, 4.3 пункта 4 артыкула 252 Кодэкса аб адукацыі).

Такім чынам, індывідуальны прадпрымальнік не можа рэалізоўваць іншыя адукацыйныя праграмы.

Атрыманне ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць патрабуецца пры рэалізацыі адукацыйных праграм дашкольнай і спецыяльнай адукацыі. Згодна з пунктам 2 артыкула 212 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 2022 г. № 213-3 “Аб ліцэнзаванні” (далей — Закон), Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, гарадскія (гарадоў абласнога падпарадкавання) і раённыя выканаўчыя камітэты ажыццяўляюць ліцэнзаванне паслуг, якія складаюць від дзейнасці, што ліцэнзуецца, і ўказаныя ў падпунктах 2.6—2.13 пункта 2 артыкула 213 Закона.

Калі вы маеце намер аказваць паслугі, якія складаюць адукацыйную дзей­насць і ўказаныя ў падпунктах 2.6—2.13 пункта 2 артыкула 213 Закона, па атрыманне ліцэнзіі вам неабходна звярнуцца з заявай і дакументамі, вызначанымі Палажэннем аб парадку прадстаўлення і пераліках дакументаў і (ці) звестак, неабходных для прыняцця рашэнняў па пытаннях ліцэнзавання, патрабаваннях да дакументаў і (ці) звес­так, якія прадстаўляюцца, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 лютага 2023 г. № 154 “Аб ліцэнзаванні”, у адпаведны ліцэнзуючы орган.

Структурныя падраздзяленні Мінскага гарадскога, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) і раённых выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі па месцы знаходжання юрыдычнай асобы, месцы жыхарства індывідуальнага прадпрымальніка, у адпаведнасці з Законам ажыццяўляюць падрыхтоўку матэрыялаў для прыняцця рашэння па пытаннях ліцэнзавання.

Звяртаем вашу ўвагу на недапушчальнасць арганізацыі навучання непаўналетніх без ведама, уліку і кантролю з боку структурных падраздзяленняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі, без дзяржаўнага санітарнага нагляду.

Ці пераносіцца катэгорыя з пасады майстра вытворчага навучання на пасаду настаўніка ў школе?

Умовы і парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам вызначаны Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.2012 № 101 (далей — Інструкцыя).

Інструкцыяй не прадугледжаны “перанос” кваліфікацыйных катэгорый.

У адпаведнасці з часткай другой пунк­та 6 Інструкцыі, кваліфікацыйная катэгорыя прысвойваецца педагагічнаму работніку па кожнай пасадзе, якую ён займае.

Згодна з пунктам 20 Інструкцыі, без уліку стажу работы на пасадзе настаўнік можа прэтэндаваць на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі, прысвоенай раней па пасадзе майстра вытворчага навучання ўстановы адукацыі.

Пры гэтым павінна выконвацца ўмова аб адпаведнасці атрыманай адукацыі кваліфікацыйным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да пасады настаўніка.

Такім чынам, для вырашэння пытання аб прысваенні кваліфікацыйнай катэгорыі па пасадзе педагога дадатковай адукацыі неабходна звяртацца ў атэстацыйную камісію арганізацыі, у якой вы займаеце названую пасаду.

Ці можа, у адпаведнасці з палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2022 г. № 175-З “Аб дзяржаўнай службе” і Закона Рэспуб­лікі Беларусь ад 15 ліпеня 2015 г. № 305-З “Аб барацьбе з карупцыяй”, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў дзяржаўнай агульнаадукацыйнай школе быць рэпетытарам?

У адпаведнасці з артыкулам 17 Закона Рэс­публікі Беларусь ад 15 ліпеня 2015 г. № 305-З “Аб барацьбе з каруп­цыяй”, кіраўнікі, іх намеснікі і галоўныя бухгалтары дзяржаўных арганізацый і арганізацый, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў долей (акцый) знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы і (ці) яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, не маюць права выконваць іншую работу, што аплачваецца, не звязаную з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў па месцы асноўнай службы (работы) (акрамя педагагічнай (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі), калі іншае не ўстаноўлена Канстытуцыяй Рэспуб­лікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі.

Паводле норм артыкула 50 Кодэкса Рэс­публікі Беларусь аб адукацыі, да педагагічнай дзейнасці адносіцца рэалізацыя зместу адукацыйных праграм, праграм выхавання, аказанне карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, ажыццяўленне навукова-метадычнага забеспячэння адукацыі і (ці) кіраўніцтва адукацыйнай дзейнасцю ўстановы адукацыі, яе адасобленых падраз­дзяленняў, структурных падраздзяленняў.

Згодна з артыкулам 335 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пад рэпетытарствам разумеецца аказанне кансультацыйных паслуг па асобных вучэбных прадметах (прадметах), вучэбных дысцыплінах (дысцыплінах), адукацыйных галінах, тэмах, у тым ліку дапамога ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

У сувязі з выкладзеным, лічым, што ажыццяўленне намеснікам дырэктара ўстановы адукацыі рэпетытарства разглядаецца як парушэнне заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: