Андрэй Іванец: кожны трэці абітурыент у Беларусі паступае ва ўстановы вышэйшай адукацыі без ЦТ
19.07.2023Міністр адукацыі Андрэй Іванец правёў на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта пашыраную сустрэчу з прафесарска-выкладчыцкім складам устаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Кіраўнік ведамства прапанаваў да разгляду два блокі актуальных пытанняў развіцця адукацыі. Першы з іх — уступная кампанія. Міністэрства адукацыі поўнасцю падтрымлівае стратэгічную лінію і праводзіць сур’ёзную комплексную работу па выкананні даручэння кіраўніка дзяржавы развіваць рэгіёны, у тым ліку праз удасканальванне сістэмы прафесійнай адукацыі. Агульная задача — зрабіць усё магчымае, каб маладыя людзі паспяхова вучыліся і заставаліся працаваць у тых месцах, дзе нарадзіліся і выраслі. Адпаведна, прыярытэтнае значэнне набывае пастаянная зваротная сувязь. У прыватнасці, падобныя сустрэчы з рэктарскім корпусам, прафесарска-выкладчыцкім складам устаноў вышэйшай адукацыі праходзяць ва ўсіх абласцях краіны. Андрэй Іванец зрабіў асобны акцэнт, што сёлетняя ўступная кампанія праводзіцца з кастрычніка, калі стартавала падрыхтоўка да ўніверсітэцкіх алімпіяд, хаця датай пачатку прыёму дакументаў на бюджэтную форму навучання вызначана 17 ліпеня:
— Папярэдняя падрыхтоўка да ўступнай кампаніі была маштабнай і напружанай. Безумоўна, шэраг тэхнічных момантаў патрабуе карэкціроўкі або настройкі з пункту гледжання арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, уключаючы неабходнасць уніфікацыі алімпіядных заданняў. Разам з тым на сёння мы ўжо склалі партрэт пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд. На што мы звяртаем увагу. Па-першае, 75 працэнтаў пераможцаў названых алімпіяд раней вучыліся ў тых рэгіёнах, дзе знаходзіцца УВА, у якую яны паступаюць. Другая задача, якая перад намі стаяла, — падтрымаць выпускнікоў з раённых цэнтраў, сельскай мясцовасці. Іх па ўніверсітэцкіх алімпіядах паступіла больш за палову ад агульнай колькасці залічаных — таксама важная траекторыя, і мы будзем яе развіваць. Радуе высокая паспяховасць: больш за 90 працэнтаў пераможцаў з’яўляюцца выдатнікамі.
У цэлым па краіне, па ацэнцы міністра, правядзенне рэгіянальных універсітэцкіх алімпіяд стала найважнейшым элементам прафарыентацыйнай работы рэгіянальных УВА. Пры гэтым кожны рэктар разумеў сваю персанальную адказнасць, нягледзячы на пашырэнне траекторыі паступлення ў рэгіянальныя УВА пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Вопыт універсітэцкіх алімпіяд будзе распаўсюджвацца. Другі завершаны этап уступнай кампаніі — мэтавы набор. Дарэчы, партрэт мэтавіка-2023 таксама складзены.
— Сёлета мы падзялілі этапы паступлення, — адзначыў Андрэй Іванец. — Гэта поўнасцю выключыла магчымасць перакладання дакументаў з мэтавай формы паступлення на бюджэтную, матывавала свядомы выбар спецыяльнасці. Напрыклад, на некаторыя педагагічныя спецыяльнасці прахадныя балы — звыш 190 з 200. У прынцыпе мы сёння разглядаем магчымасць увядзення парогаў для мэтавікаў, асабліва ў дачыненні ключавых галін. Па педагагічных спецыяльнасцях, лічу, што тыя парогі, якія ў нас зараз існуюць для выпускнікоў педагагічных класаў, — 7—8 балаў — могуць экстрапалявацца на мэтавікаў.
Мы нацэлены і ўжо сёлета зрабілі неабходныя крокі, каб забяспечыць набор на запатрабаваныя спецыяльнасці для аграпрамысловага комплексу, і працягнем гэтую работу. У цэлым набор на мэтавую форму складае больш, чым на 1000 чалавек у параўнанні з мінулым годам. На фоне росту падрыхтаванасці мэтавікаў гэта добрая дынаміка, і думаю, што ў далейшым яна будзе развівацца і пашырацца.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі і бягучы этап уступнай кампаніі — непасрэдна прыём на бюджэтную і платную формы атрымання адукацыі. Асобна кіраўнік ведамства папрасіў рэктараў падзяліцца меркаваннямі, зыходзячы з практыкі правядзення вуснага ўступнага іспыту на мэтавую форму падрыхтоўкі. Вопыт, як падкрэсліў Андрэй Іванец, даволі нестандартны і разам з тым далёка не новы:
— Міністэрствам на працягу шэрага гадоў вядзецца сістэмная работа па складанні траекторыі паступлення ва ўніверсітэт па ўнутраным іспыце. На сённяшні дзень кожны трэці абітурыент паступае ў нашы ўстановы вышэйшай адукацыі без цэнтралізаванага тэсціравання. І калі мы разглядаем пытанне магчымага дадатковага ўвядзення ўнутранага экзамену, у першую чаргу для спецыяльнасцей сацыяльна-гуманітарнага блока, то гэта цалкам эвалюцыйнае рашэнне. Па бесперапыннай форме навучання праз унутраныя іспыты паступаюць ва УВА выпускнікі каледжаў, такіх амаль 10 тысяч у гэтым годзе. Больш за тое, на ўзроўні школы развілку адукацыйнай траекторыі зараз мы робім пасля 9 класаў, планамерна скарачаючы прыём у каледжы для выпускнікоў 11 класаў. Каб кожны з дзевяцікласнікаў і іх бацькоў разумеў: калі своечасова не паступіць у каледж, пасля 11 класаў гэта будзе складаней зрабіць, таму што месцаў значна менш. У сваю чаргу выбар для паступлення ў каледжы на аснове агульнай базавай адукацыі пашыраем.
У размове прагучалі пытанні паступлення на творчыя, спартыўныя спецыяльнасці па ўнутраным іспыце, нярэдка шматэтапным. Таксама ўнутраны іспыт здаюць па многіх іншых спецыяльнасцях — напрыклад, будучыя архітэктары, журналісты. Па меркаванні міністра, з часам працяг траекторый развіцця бесперапыннай адукацыі, мэтавай падрыхтоўкі і ўкаранення мадэлі вуснага ўнутранага іспыту для спецыяльнасцей сацыяльна-гуманітарнага блока дазволіць палове абітурыентаў паступаць ва УВА без цэнтралізаванага тэсціравання.
Другі блок разгледжаных на сустрэчы пытанняў закранаў эканоміку вышэйшай адукацыі. У ходзе рабочай паездкі Андрэй Іванец таксама наведаў лабараторыі і залу інавацыйных распрацовак ВДТУ, разам з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрыем Мезенцавым і першым сакратаром Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандрам Лук’янавым адказаў на пытанні юнакоў і дзяўчат на медыяфоруме, прыняў удзел ва ўрачыстай прэзентацыі брэндавага прыпынку “БСА — 60 гадоў”, азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы.
Источник: https://nastgaz.by/