РУС БЕЛ ENG 中文

Як павысіць ціка­васць вучняў да заняткаў спортам, ведаюць у Воранаўскай сярэдняй школе

17.07.2023

Вучэбна­-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Воранаўскай сярэдняй школы ў складзе сямі педагогаў на працягу навучальнага года актыўна займалася праектнай дзейнасцю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Для таго каб узнікла ціка­васць да самастойных заняткаў спортам, мы прапанавалі школьнікам прыняць удзел у рэалізацыі праекта “Развіццё фізічных якасцей навучэнцаў з дапамогай выкарыстання дадатковага абсталявання і інвентару праз рэалізацыю прынцыпу “роўны вучыць роўнага”. Як паказала практыка, прыклад аднагодкаў больш матывуе дзіця да заняткаў спортам і фізічнага самаўдасканалення, — расказала старшыня метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Воранаўскай школы Анжэла Іванаўна Станевіч.

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Воранаўскай сярэдняй школы Анжэла Іванаўна Станевіч і Дзяніс Леанідавіч Мяцюнас прынялі ўдзел у Рэспубліканскім алімпійскім уроку — 2023 у Міжнародны дзень спорту на карысць развіцця і міру. За гэта яны былі адзначаны сертыфікатам Беларускай алімпійскай акадэміі.

Праект рэалізоўвалі сем педагогаў, а яго вынікі прэзентаваны на рэспубліканскім семінары-практыкуме па фізічнай культуры і здароўі, які прайшоў на базе Воранаўскай школы ў мінулым навучальным годзе. Ініцыятар правядзення семінара — Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. У мерапрыемстве ўдзельнічалі ўсе, хто звязаны са школьным спортам: работнікі Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, супрацоўнікі Гро­дзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, метадысты раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, старшыні раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў і настаўнікі фізічнай культуры і здароўя.

— У нас выдатная спартыўная база. Максімальна стараемся задзейнічаць усе напрамкі. Актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх відах спаборніцтваў рознага ўзроўню, — адзначыла Анжэла Іванаўна.

Пастаўленыя задачы вырашаюцца праз уключэнне інавацыйных, здароўезберагальных і гульнявых тэхналогій у праграму навучання і выхавання. У школе склалася каманда творча працуючых настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя. Чатыры педагогі — Анжэла Іванаўна Станевіч, Валерый Раманавіч Шчэрба, Андрэй Янавіч Семяняка і Алег Эмільевіч Наркевіч — маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, Марына Уладзіміраўна Запаснік — першую кваліфікацыйную катэгорыю. Сумесная работа дае адчувальныя вынікі. Больш за 10 гадоў школа перамагае ў раённай спартакіядзе.

— Шэсць вучняў школы перамаглі на раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. На абласным этапе навучэнцы сярэдняга звяна заваявалі 12 дыпломаў I, II і III ступеняў, — дадала Анжэла Іванаўна.

Самі педагогі — члены вучэбна-метадычнага аб’яднання выступаюць у конкурсах “Вытокі-квіз”, “Лета — пара спартыўная!”, “Прывітанне, свет!”.

— Па выніках удзелу нашай установы адукацыі ў спаборніцтвах абласнога ўзроўню за бягучы год мы заваявалі 3-е месца ў фінале вобласці спартыўна-масавага мерапрыемства “Фестываль школьнага спорту” — сярод юнакоў 2008—2009 гадоў нараджэння, 2-е месца — у восеньскім першынстве вобласці па лёгкай атлетыцы, 2-е месца — у вясновым першынстве вобласці па лёгкай атлетыцы, 2-е месца — у фінале спартакіяды Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы ў бегу на 600 і 1000 метраў. Усе гэтыя дыпломы заваяваў наш вучань Мікіта Корсунаў. Таксама вылучылася наша вучаніца Марта Шымулінене: 3-е месца ў восеньскім першынстве вобласці па лёгкай атлетыцы, 3-е месца ў вясновым першынстве вобласці па лёгкай атлетыцы і 3-е месца ў фінале спартакіяды Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы ў спартыўнай хадзьбе на 2 км і 3 км, — адзначыла настаўніца фізічнай культуры і здароўя. 

Адным са значных школьных спабор­ніц­тваў на Гродзеншчыне лічыцца спартыўна-масавае мерапрыемства “Фестываль школьнага спорту”. У другім этапе Воранаўскі раён прадстаўлялі каманды Воранаўскай сярэдняй школы ў дзвюх узроставых катэгорыях: малодшай (6—7 класы) і старэйшай (8—9 класы). Па выніках занальных спаборніцтваў, якія праходзілі ў Лідзе, малодшая група заняла 2-е месца. А каманда вучняў 8—9 класаў, атрымаўшы перамогу ў занальных спаборніцт­вах, прайшла ў фінал фестывалю. Юнакі і дзяўчаты спаборнічалі ў пяці відах спорту: настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы, баскетболе 3х3, валейболе, плаванні. У старэйшай узроставай групе канкурэнцыю склалі каманды Ваўкавыскага, Ашмянскага, Навагрудскага раёнаў і Кастрычніцкага раёна Гродна. У агульным заліку старэйшая каманда Воранаўскай сярэдняй школы заняла 3-е месца. Узнагароджанне прайшло асобна па відах спорту сярод юнакоў і дзяўчат. Вучаніцы з Воранаўскага раёна ўзна­гароджаны дыпломамі III ступені ў лёгкаатлетычным мнагаборстве, III ступені — у плаванні, I ступені — у баскетболе 3х3. А юнакі атрымалі дыпломы III ступені ў лёгкаатлетычным мнагаборстве, II ступені — у плаванні, I ступені — у настольным тэнісе і валейболе.

У школьнікаў і жыхароў Воранава зараз ёсць магчымасць актыўна займацца спортам не толькі днём, але і ўвечары. Усё дзякуючы таму, што нядаўна па ініцыятыве Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта было праведзена асвятленне на стадыёне Воранаўскай сярэдняй школы. Сродкі на гэта былі выдзелены з раённага бюджэту. Па ўсім перыметры стадыёна ўстаноўлены энергазберагальныя свяцільні. Цяпер добра асветлены дзве міні-футбольныя, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, вулічныя трэнажоры, спартыўны гарадок і бегавая дарожка. Спартыўнае збудаванне даступна ўсім жадаючым.

Дарэчы, на базе Воранаўскай сярэдняй школы сумесна са спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школай алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы паспяхова функцыянуюць 9 “Б” і 6 “А” спартыўныя класы, у якіх вучацца 28 дзяцей. У 2022 годзе два дзевяцікласнікі Данііл Герасімовіч і Данііл Сянько адправіліся вучыцца ў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву.

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: