У гімназію па правілах: якія патрэбны дакументы і як праходзіць залічэнне
17.07.2023У цяперашні час у агульных сярэдніх навучальных установах ідзе прыём у профільныя класы. Бацькі задаюць пытанні (у тым ліку звяртаюцца ў нашу рэдакцыю), таму акцэнтуем увагу на дакумент, які тлумачыць умовы залічэння ў профільныя класы.
Размова ідзе пра пастанову Міністэрства адукацыі ад 17 жніўня 2022 года № 269 “Аб прыёме асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў гімназіях, сярэдніх школах”, якой зацверджаны правілы прыёму асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў гімназіях і правілы прыёму асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў сярэдніх школах.
Спынімся на гімназіях: у адпаведнасці з дакументам, прыём (залічэнне) асоб у 10 клас гімназій, у 11 клас гімназіі на свабодныя месцы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму па конкурсе на падставе выніковай атэстацыі па вучэбных прадметах, якія выбраны для вывучэння на павышаным узроўні ў рамках арганізацыі профільнага навучання ў гэтых гімназіях, і сярэдняга бала выніковай атэстацыі ў год прыёму (залічэння).
Кантрольныя лічбы прыёму асоб у 10 клас гімназій зацвярджаюцца заснавальнікамі ўстаноў адукацыі або ўпаўнаважанымі імі органамі не пазней за 10 красавіка года прыёму (залічэння).
Пры роўнай колькасці балаў
Па-за конкурсам пры паступленні ў гімназіі залічваюцца пераможцы (уладальнікі дыпломаў I, II або III ступені) заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршаецца ў год прыёму (залічэння).
Пераважнае права пры роўнай колькасці балаў на прыём (залічэнне) у гімназіі маюць:
- пераможцы (уладальнікі дыпломаў I, II або III ступені) рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару (канферэнцый) вучняў па вучэбных прадметах, праведзеных Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршаецца ў год прыёму (залічэння);
- пераможцы (уладальнікі дыпломаў I, II або III ступені) трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршаецца ў год прыёму (залічэння);
- асобы, якія маюць па выніках выніковай атэстацыі ў год прыёму (залічэння) больш высокі сярэдні бал па вучэбных прадметах, якія выбраны імі для вывучэння на павышаным узроўні ў рамках арганізацыі профільнага навучання;
- асобы, якія маюць больш высокі сярэдні бал па выніках выніковай атэстацыі ў год прыёму (залічэння).
Дакументы
Прыём (залічэнне) асобы, якая дасягнула 14 гадоў і якая мае намер удзельнічаць у конкурсе для засваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі ў гімназіі, ажыццяўляецца на падставе яе заявы і са згоды аднаго з законных прадстаўнікоў. Ад імя непаўналетняй асобы заява можа быць пададзена яе законным прадстаўніком.
Заява пры прыёме (залічэнні) у 10 клас гімназіі падаецца ў прыёмную камісію гімназіі ў перыяд з 12 чэрвеня па 10 жніўня, на свабодныя месцы ў 11 клас — з 12 чэрвеня па 17 жніўня.
У заяве павінны быць указаны вучэбныя прадметы (не больш за два), якія выбраны абітурыентам для вывучэння на павышаным узроўні ў рамках арганізацыі профільнага навучання ў гімназіі.
Пры падачы заявы абітурыенты прад’яўляюць дакументы, прадугледжаныя абзацам першым часткі першай пункта 2 артыкула 151 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы (пры іх наяўнасці).
Пры прыёме (залічэнні) у 10 клас гімназій прад’яўляецца таксама пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі. А вось даведка аб навучанні ў гэтым выпадку не патрэбна.
У выпадку падачы дакументаў ад імя абітурыента яго законным прадстаўніком у прыёмную камісію гімназіі прад’яўляюцца дакументы, якія сведчаць асобу і статус законнага прадстаўніка, і копія дакумента, які сведчыць асобу абітурыента.
Конкурс
Да конкурсу ў гімназіях дапускаюцца абітурыенты, у якіх у пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі адзнакі па кожным з вучэбных прадметаў, якія вызначаны ў гэтых гімназіях для вывучэння на павышаным узроўні, не ніжэйшыя за 7 балаў, і сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі (сярэдні бал выніковай атэстацыі ў год прыёму (залічэння) — пры прыёме (залічэнні) на свабодныя месцы ў 11 клас — таксама не ніжэйшы за 7 балаў.
Да конкурсу ў гімназіях пры паступленні ў профільныя класы аграрнай накіраванасці дапускаюцца абітурыенты, якія маюць у пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі адзнакі не ніжэйшыя за 6 балаў па кожным з вучэбных прадметаў, якія вызначаны ў гэтых гімназіях для вывучэння на павышаным узроўні, і сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі (сярэдні бал выніковай атэстацыі ў год прыёму (залічэння) — пры прыёме (залічэнні) на свабодныя месцы ў 11 клас — не ніжэйшы за 5 балаў.
Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца асобы, якія, згодна з выніковай атэстацыяй у навучальным годзе, папярэднім годзе прыёму (залічэння), маюць нездавальняючую адзнаку па паводзінах.
Конкурс пры прыёме (залічэнні) абітурыентаў у гімназіі ажыццяўляецца на падставе сумы балаў вынікаў выніковай атэстацыі па вучэбных прадметах, якія выбраны для вывучэння на павышаным узроўні ў гэтых гімназіях, і сярэдняга бала выніковай атэстацыі ў год прыёму (залічэння).
Сярэдні бал выніковай атэстацыі ў год прыёму (залічэння) вызначаецца з дакладнасцю да дзясятых долей адзінкі.
На падставе рашэння прыёмнай камісіі не пазней за 25 жніўня года прыёму (залічэння) дырэктарам гімназіі выдаецца загад аб прыёме (залічэнні) асобы ва ўстанову адукацыі.
У трохдзённы тэрмін рашэнне аб прыёме (залічэнні) абітурыентаў у лік навучэнцаў даводзіцца да гэтых абітурыентаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх абітурыентаў) шляхам размяшчэння загаду аб прыёме (залічэнні) на афіцыйным сайце гэтай сярэдняй школы і на інфармацыйным стэндзе.
У выпадку датэрміновага спынення адукацыйных адносін па ініцыятыве навучэнца гімназіі (яго законнага прадстаўніка) да 30 верасня года прыёму (залічэння) на вакантнае месца можа быць прыняты (залічаны) абітурыент, які не прайшоў па конкурсе ў гэтай сярэдняй школе.
Источник: https://nastgaz.by/