РУС БЕЛ ENG 中文

Уступная кампанія — 2023: практычна палова з мэтавікаў — гэта будучыя педагогі або медыкі

17.07.2023

Рэгіянальныя УВА выканалі задачы, пастаўленыя ў рамках універсітэцкіх алімпіяд і набору абітурыентаў на мэтавую форму падрыхтоўкі, расказаў журналістам міністр адукацыі Андрэй Іванец перад пачаткам рэспубліканскага медыяфоруму PROdigital у Віцебску, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Сёння вельмі гарачая адказная параз 17 ліпеня пачынаецца прыём дакументаў для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, — падкрэсліў кіраўнік ведамства. — У сувязі з гэтым хацеў бы адзначыць важныя этапы ўступнай кампаніі, якія ўжо прайшлі, найперш — залічэнне пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд. Тыя задачы, якія стаялі перад рэгіянальнымі УВА па замацаванні таленавітых і адораных дзяцей са сваіх рэгіёнаў, у поўнай меры выкананы. У прыватнасці, 75 % пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд на Віцебшчыне заканчвалі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Практычна ўсе яны круглыя выдатнікі. Больш за тое: звыш паловы з іх — гэта моладзь з райцэнтраў, сельскай мясцовасці, а для нас надзвычай важна сёння падтрымаць таленавітых і матываваных выпускнікоў з глыбінкі, якія нацэлены атрымаць вышэйшую адукацыю.

А. Іванец праінфармаваў, што правядзенне сёлетняй уступнай кампаніі падрабязна абмяркоўвалася падчас пашыранай сустрэчы з рэктарскім корпусам, прафесарска-выкладчыцкім саставам устаноў вышэйшай адукацыі вобласці, кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, праведзенай на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. І асобную ўвагу звярнуў на прыём мэтавікаў як ключавы аспект замацавання кадраў у рэгіёнах, дзе яны праходзяць навучанне.

— Па цэлым шэрагу спецыяльнасцей адбыўся вельмі высокі конкурс і прахадныя балы перавысілі 190 з 200, — паведаміў міністр адукацыі. — Што сведчыць: на мэтавую форму падрыхтоўкі сёння прыйшлі тыя людзі, якія не толькі матываваныя, але і выдатна падрыхтаваныя. Практычна палова з мэтавікаў — гэта будучыя педагогі або медыкі. Важна, што яны выбралі прафесію не выпадкова, а ўсвядомлена. Таму што вучыць дзяцей і лячыць людзей, напэўна, — адна з самых галоўных задач разам з абаронай нашай Радзімы.

У ходзе рабочай паездкі А. Іванец таксама наведаў лабараторыі і залу інавацыйных распрацовак ВДТУ, разам з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Дзмітрыем Мезенцавым і першым сакратаром Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандрам Лук’янавым адказаў на пытанні юнакоў і дзяўчат на медыяфоруме.

А таксама прыняў удзел ва ўрачыстай прэзентацыі брэндавага прыпынку «БСА — 60 гадоў», азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы.

 

Источник: https://nastgaz.by/