РУС БЕЛ ENG 中文

У школах пашырыцца пералік прафесійных накіраванасцей: адкрыюцца інжынерныя класы і класы чыгуначнага транспарту

14.07.2023

Аб асаблівасцях развіцця профільнага навучання карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства Ірына Каржова.

— Ірына Уладзіміраўна, перш чым перайсці да абмеркавання інавацый у сферы профільнага навучання, якія адбудуцца ў новым навучальным годзе, хацелася б даведацца, якія профільныя класы сёння існуюць і якую карысць яны прыносяць нашым навучэнцам?

— За гады існавання профільных класаў, пачынаючы з 2015/2016 навучальнага года, мы змаглі прааналізаваць іх дзей­насць і пацвердзіць іх знач­насць. Менавіта ў профільных класах нашы школьнікі могуць вывучаць на павышаным узроўні прадметы, якія ім даспадобы. Такія класы выклікаюць найбольшую цікавасць, адпавядаюць інтарэсам, магчымасцям дзяцей і ў выніку дазваляюць ім своечасова і ў асноўным беспамылкова вызначаць свой прафесійны шлях. У рамках профільнага навучання функцыянуюць класы прафесійнай накіраванасці, у якіх, акрамя прадметаў на павышаным узроўні, навучэнцы 10—11 класаў абавязкова наведваюць факультатыўныя заняткі прафесійнай накіраванасці. Засваенне вучэбнай праграмы дазваляе дэталёва азнаёміцца з выбранай прафесіяй, дадаткова на працягу двух гадоў навучання ў школе ўзважыць усе “за” і “суп­раць” пры вызначэнні свайго далейшага жыццёвага шляху.

Профільныя класы прафесійнай накіраванасці — вельмі важны этап прафарыентацыйнай работы. Засвоіўшы праграму факультатыўных заняткаў і не здрадзіўшы выбранаму кірунку, у прафесію ў выніку прыйдуць найбольш матываваныя выпускнікі школ, і наша эканоміка ў будучыні атрымае высокакваліфікаваныя кадры. Безумоўна, найлепшым пацвярджэннем значнасці профільнага навучання з’яўляецца тое, што ў сёлетнюю прыёмную кампанію выпускнікі профільных класаў прафесійнай накіраванасці маюць льготы пры залічэнні ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.01.2022 № 23 (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта ад 03.01.2023 № 2).

— Пагаворым непасрэдна аб асаблівасцях фарміравання профільных класаў прафесійнай накіраванасці, якія неабходна ведаць кіраўнікам навучальных устаноў.

— Міністэрства адукацыі распрацавала адпаведную дакументацыю аб арганізацыі профільнага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і накіравала яе кіраўнікам. На некаторых момантах хачу спыніцца асобна. Перш-наперш трэба звярнуць увагу на тое, што профільныя класы ствараюцца ў адпаведнасці з загадам заснавальніка навучальнай установы. Як правіла, ім з’яўляецца рай(гар)выканкам. У тым выпадку, калі ва ўстанове адукацыі адсутнічае магчымасць сфарміраваць паўнавартасны профільны клас прафесійнай накіраванасці, можна стварыць профільную групу з ліку навучэнцаў розных класаў адной паралелі і далучыць да іх навучэнцаў іншых навучальных устаноў раёна або горада. Пры гэтым кіраўнік установы адукацыі павінен кіравацца пунктам 50 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі і сваім загадам зацвердзіць склад групы (класа). Вучэбныя прадметы на павышаным узроўні навучэнцы засвойваюць на працягу пяцідзённага вучэбнага тыдня. Факультыўныя заняткі прафесійнай накіраванас­ці могуць праходзіць і ў шосты школьны дзень.

— Як адбываецца залічэнне навучэнцаў у профільны клас і іх атэстацыя?

— Пры залічэнні навучэнцаў у 10 профільны клас прафесійнай накіраванасці трэба кіравацца Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў гімназіях і Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў сярэдніх школах, якія зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі ад 17.08.2022 № 269 “Аб прыёме асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў гімназіях, сярэдніх школах”.

У 2022/2023 навучальным годзе функцыянавалі профільныя класы педагагічнай, спартыўна-педагагічнай, аграрнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці, у якіх вучылася каля 13,5 тыс. навучэнцаў 10—11 класаў.

З новага навучальнага года пералік прафесійных накіраванасцей пашырыцца. Адкрыюцца інжынерныя класы і класы чыгуначнага транспарту.

Залічэнне ў профільны клас па кожнай прафесійнай накіраванасці адбываецца на конкурснай аснове. Сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі павінен быць не ніжэйшы за 7 балаў, і адзнака па вучэбных прадметах, вывучэнне якіх плануецца на павышаным узроўні, таксама павінна быць не ніжэйшай за 7 балаў. Выключэнне складаюць класы аграрнай накіраванасці, для залічэння ў якія сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі павінен быць не ніжэйшы за 5 балаў, а адзнакі па вучэбных прадметах, якія будуць вывучацца на павышаным узроўні, — не ніжэйшыя за 6 балаў.

— Раскажыце, якое зместавае напаўненне заняткаў у профільных класах той ці іншай прафесійнай накіраванасці?

— Калі, напрыклад, узяць профільныя класы педагагічнай накіраванасці, то ў іх мо­гуць вывучацца любыя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні ў рамках тыпавога вучэбнага плана агульнай сярэдняй адукацыі. Як правіла, гэта тыя вучэбныя прадметы, па якіх навучэнец плануе стаць настаўнікам у будучыні. Абавязковым лічыцца засваенне вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў “Увядзенне ў педагагічную прафесію”, зацверджанай пастановай Мінадукацыі ад 24.03.2017 № 27. Профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці арыентаваны на атрыманне спартыўна-педагагічных спецыяльнасцей. Навучэнцы, якія іх выбралі, вывучаюць на павышаным узроўні вучэбныя прадметы “Біялогія”, “Фізічная культура і здароўе”. Неабходна абавязкова прайсці вучэбную праграму факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі”, зацверджаную пастановай Міністэрства адукацыі ад 22.07.2019 № 121.

У класах спартыўна-педагагічнай накіраванасці мо­гуць вучыцца навучэнцы спецыялізаваных па спорце класаў. У такім выпадку на павышаным узроўні будзе вывучацца біялогія. Таксама трэба засвоіць праграму факультатыўных заняткаў “Уво­дзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі”. Навучанне ў ваенна-патрыятычных класах з’яўляецца адным з элементаў патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі і накіравана, у першую чаргу, на фарміраванне ў вучняў гордасці за гісторыю сваёй краіны, гатоўнасці да выканання задач па забеспячэнні абароны Айчыны і авалоданні неабходнымі для гэтага ведамі, навыкамі і ўменнямі. Профільнае навучанне ваенна-патрыятычнай накіраванасці скіравана на атрыманне ў далейшым спецыяльнас­цей дзяржаўных органаў нацыя­нальнай бяспекі нашай краіны. Навучэнцы, якія выбралі гэты профіль, будуць вывучаць вучэбныя прадметы, па якіх здаюцца ўступныя іспыты пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе рыхтуюць спецыялістаў дзяржаўных органаў па гарантаванні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Сярод гэтых прадметаў — матэматыка і фізіка; матэматыка і гісторыя Беларусі; хімія і біялогія; хімія і матэматыка; грамадазнаўства і замежная мова; геаграфія і матэматыка; замежная мова і матэматыка; фізічная культура і біялогія. У такіх профільных класах абавязковымі для вывучэння будуць праграмы факультатыўных заняткаў “Гатовы Радзіме служыць” або “Юны пагранічнік”, зацверджаныя пастановамі Мінадукацыі ад 15.06.2020 № 129 і 07.07.2020 № 190 адпа­ведна.

У верасні з навучэнцамі 10-х профільных класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці бу­дзе праводзіцца псіхолага-педагагічнае субяседаванне, і на яго аснове будуць складзены адпаведныя індывідуальныя праграмы іх псіхолага-педагагічнага суправаджэння. Для азнаямлення з прафесіямі, якія звязаны з гарантаваннем нацыянальнай бяс­пекі дзяржавы, ажыццяўлення перадпрофільнай падрыхтоўкі навучэнцы могуць наведваць факультатыўныя заняткі “Школа юных абаронцаў Айчыны”, вучэбная праграма якіх зацверджана пастановай Мінадукацыі ад 22.07.2019 № 121.

Аграрныя профільныя класы скіраваны на атрыманне сельскагаспадарчых прафесій. На павышаным узроўні ў такіх класах будуць вывучацца тыя прадметы, па якіх здаюцца ўступныя іспыты пры паступленні ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі аграрнага профілю. Абавязковым з’яўляецца вывучэнне вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, зацвержанай пастановай галіновага міністэрства ад 04.07.2018 № 58.

— З гэтага навучальнага года будуць арганізаваны класы інжынернай накіраванасці.

— Так. Улічваючы патрэбу нашай эканомікі ў інжынерных кад­рах, а таксама неабходнасць пабудаваць комплексную сістэму падрыхтоўкі кадраў і павышэння іміджу прафесіі інжынера, пастаўлена задача актывізаваць работу па арыентацыі школьнікаў на выбар спецыяльнасцей інжынерна-тэхнічнага профілю. Сёння патрэбу ў інжынерах маюць прадпрыемствы і арганізацыі многіх галін эканомікі. Спецыялісты гэтага профілю працуюць на заводах і фабрыках, на чыгунцы і энергетычных станцыях, у будаўнічых фірмах і навукова-даследчых інстытутах, у авіяцыі і ІТ-сферы. Прафесія інжынер мае шмат спецыялізацый.

Важна тое, што работа інжынера ў краіне ацэньваецца дастаткова высока. Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб прадастаўленні льгот для выпускнікоў інжынерных класаў пры залічэнні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, у будучыні плануецца ўнесці адпаведныя змяненні ў правілы прыёму. Будучых работнікаў інжынернага профілю рыхтуюць як у тэхнічных УВА Беларусі, так і ў шматпрофільных.

Установай вышэйшай адукацыі, якая каардынуе работу класаў інжынернай накіраванасці і праводзіць павышэнне кваліфікацыі педагогаў, што вядуць факультатыўныя заняткі “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, вызначаны Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для 10—11 класаў прадугледжвае вывучэнне інфарматыкі, фізікі, геаграфіі, матэматыкі, хіміі, біялогіі. Яна разлічана на 70 гадзін (2 гадзіны ў тыдзень) у 10 і 11 класах і накіравана на пазітыўнае стаўленне навучэнцаў да інжынернай дзейнасці, усвядомлены выбар прафесіі інжынера.

Факультатыўныя заняткі будуць праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з установамі вышэйшай адукацыі тэхнічнага профілю і з прыцягненнем іх выкладчыкаў. БНТУ да пачатку новага навучальнага года рыхтуе адпаведнае метадычнае суправаджэнне для педагогаў, якія будуць праца­ваць у інжынерных класах. Да таго ж будуць праведзены вучэбныя семінары. Для ажыццяўлення даследчай дзейнасці навучэнцаў інжынерных класаў STEM-цэнтры і Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк прадаставяць свае пляцоўкі і неабходнае абсталяванне. Каб паспяхова сфарміраваць з дзесяцікласнікаў профільныя класы інжынернай накіраванасці, будзе праводзіцца растлумачальная работа сярод навучэнцаў і іх баць­коў. Што тычыцца ўмоў прыёму ў такія класы, то яны такія ж, як і для іншых кірункаў, выключаючы аграрныя класы. Трэба мець сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі не ніжэйшы за 7 балаў і адзнакі па вучэбных прадметах, якія будуць вывучацца на павышаным узроўні, таксама не ніжэйшыя за 7 балаў.

— Такія ж умовы залічэння і для профільных класаў чыгуначнай накіраванасці?

— Умовы залічэння будуць такімі ж, як і для іншых профіляў. Такія класы арыентаваны на атрыманне спецыяльнасцей чыгуначнага транспарту. Гэтая спецыфічная галіна мае асаблівую патрэбу ў кадрах для пэўных арганізацый і прадпрыемстваў чыгункі. У такіх класах на павышаным узроўні будуць вывучацца фізіка, матэматыка, а таксама абавязковым будзе вывучэнне вучэбнай праграмы факультыўных заняткаў “Увя­дзенне ў прафесіі чыгуначнага транспарту”.

У заключэнне хачу адзна­чыць, што задачы, якія стаяць перад профільным навучаннем, немагчыма вырашыць на якасным узроўні без актывізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, якая накіравана на аказанне псіхолага-педагагічнай дапамогі навучэнцам у выбары вучэбных прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні ў 10—11 класах, фарміраванне ў іх унутранай патрэбы і гатоўнасці да свядомага выбару сферы працоўнай дзейнасці, умення суадносіць свае інтарэсы і здольнасці з патрабаваннямі, якія прад’яўляе выбраная сфера працоўнай дзейнасці.

Дапрофільная падрыхтоўка арганізоўваецца ў 8—9 класах і прадугледжвае вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. У гэтым выпадку колькасць гадзін у тыдзень на вывучэнне вучэбнага прадмета можа быць павялічана да дзвюх адносна прадугледжаных у тыпавым вучэбным плане. Пры гэтым няма строгай рэгламентацыі, на якія вучэбныя прадметы і ў якім аб’ёме выдзяляюцца дадатковыя гадзіны. Могуць быць розныя варыянты з улікам запытаў бацькоў і магчымасцей установы адукацыі. Уся нарматыўная база для арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі гатова. Адпаведныя рэкамендацыі Міністэрствам адукацыі накіраваны. Неабходна на месцах прыняць меры да іх рэалізацыі.

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: