«Сэнс жыццю надаюць тыя каштоўнасці, на якіх яно грунтуецца». У чым сутнасць сістэмы работы Аляксея Кавалевіча
12.07.2023Педагагічнае крэда настаўніка фізікі гімназіі № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Гродна Аляксея Валер’евіча Кавалевіча — “Вучыць дзяцей так, каб захацеў вучыцца кожны, разам ісці наперад і не спыняцца на дасягнутым”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Кожны год, пачынаючы з 2009-га, навучэнцы Аляксея Кавалевіча дасягаюць значных поспехаў у алімпіядным руху. Настаўнік-трэнер падрыхтаваў 56 пераможцаў абласнога і 18 заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Да таго ж ён перадае свой вопыт педагогам, метадыстам, праводзіць лекцыйныя і практычныя заняткі, майстар-класы для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
У 2015, 2016 і 2019 гадах А.В.Кавалевіч станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі за высокія вынікі ў педагагічнай дзейнасці. Узнагароджаны граматай і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі. Атрымаў званне “Чалавек года Гродзеншчыны — 2016”.
Наш герой лічыць сябе шчаслівым чалавекам.
— Кім бы ні быў чалавек, перш за ўсё ён чыйсьці былы вучань, а гэта значыць, што на жыццё кожнага чалавека паўплывалі ў той ці іншай ступені настаўнікі. Іх ролю немагчыма пераацаніць. Яны як маяк, які асвятляе шлях, дапамагае рухацца наперад і заўсёды падтрымлівае. Дзякуючы ім, мы тыя, хто мы ёсць цяпер і кім станем у будучыні. Наш поспех — найвышэйшая ўзнагарода і падзяка для іх, — упэўнены Аляксей Валер’евіч.
Яго шлях да прафесіі пачаўся ў Правамастоўскай сярэдняй школе на Мастоўшчыне, дзе ён з лёгкасцю перамагаў у школьных алімпіядах па нямецкай мове, інфарматыцы, фізіцы і матэматыцы. З павагай успамінае свайго першага настаўніка Міхаіла Іванавіча Сяргея.
У свой час Аляксей Валер’евіч падаў дакументы ў абласны фізіка-матэматычны ліцэй, дзе таксама сустрэў цудоўных педагогаў. Сярод іх Мікалай Віктаравіч Мацецкі, Аляксандр Міхайлавіч Жарноў, Уладзімір Іванавіч Ражноўскі.
— Лёс падарыў мне шчаслівую магчымасць вучыцца ў таленавітых, улюбёных у сваю справу педагогаў. Сваю бязмежную павагу да настаўнікаў я праецырую на вучняў. Сам жа стаў педагогам дзякуючы Мікалаю Віктаравічу Мацецкаму. Менавіта ён здолеў прывіць цікавасць да фізікі 14-гадоваму хлопчыку, які прыехаў пакараць лепшую школу абласнога цэнтра. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю словы свайго настаўніка: “Мала проста чытаць. Трэба разумець. Любіць фізіку ўсім сэрцам, усёй душой! На гэта здольны не кожны. Але які шчаслівы той, для каго рэшаная задача — гэта адкрыццё. А адкрыццё — гэта жыццё”. Такую жыццёвую ісціну майго настаўніка я перадаю сёння сваім вучням, — расказаў Аляксей Валер’евіч.
Любоў да фізікі ў сэрцы А.В.Кавалевіча захаваў Валерый Аляксандравіч Ліопа, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе юнак прадоўжыў навучанне на фізіка-тэхнічным факультэце. Кожная лекцыя прафесара настолькі ўражвала студэнтаў, што заканчвалася апладысментамі. Ён жа прапанаваў Аляксею Кавалевічу паступіць у магістратуру, а потым стаў кіраўніком яго дысертацыі.
— Першыя навуковыя артыкулы, удзел у міжнародных канферэнцыях па тэарэтычнай фізіцы, разважанні аб навуцы — усё гэта стала часткай мяне і прадвызначыла маю паспяховасць як настаўніка. Мільёны людзей бачылі, як падаюць яблыкі, але толькі Ньютан вырашыў даведацца чаму. “Здзіўляйцеся! Знаходзьце адказы!” — гэтыя словы прафесара Ліопы сталі маім дэвізам па жыцці, а сёння ўжо і многіх маіх вучняў, — падзяліўся Аляксей Валер’евіч.
Малады чалавек не бачыў сябе ў тэарэтычнай фізіцы, яму падабалася педагогіка. Як ён прызнаецца, яму вельмі пашчасціла з першым працоўным месцам у Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко. Яму, яшчэ пяцікурсніку, адразу даверылі выкладаць у фізіка-матэматычным класе.
— Ніколі не забуду свой першы ўрок і вучняў, — успамінае А.В.Кавалевіч. — Мы разам імкнуліся да новых ведаў і адкрыццяў, дзе я кожны дзень здаваў сур’ёзны экзамен на трываласць маіх прафесійных і чалавечых якасцей. Я бачыў захапленне ў вачах вучняў на кожным уроку, і мой прафесійны азарт разгараўся. Упэўнены, што вучыць дзяцей трэба так, каб захацеў вучыцца кожны. Разам ісці наперад і не спыняцца на дасягнутым. Я вучу сваіх вучняў ісці ў нагу з часам, раблю ўсё, каб дастукацца да кожнага, паважаю ў кожным асобу.
Прыкладам педагога з вялікай літары для Аляксея Кавалевіча стала Ганна Міхайлаўна Дулуб, на той час дырэктар гімназіі. Малады фізік стараўся, як і Ганна Міхайлаўна, быць не толькі педагогам, але і сябрам для сваіх вучняў, чалавекам, які не толькі вучыць прадмету, але перадае жыццёвую мудрасць ад аднаго пакалення другому. Сваім вопытам з маладым педагогам заўсёды дзяліўся і Сяргей Фёдаравіч Загваздзін.
15 гадоў работы ў Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко пакінулі добрыя ўражанні, далі магчымасць набыць вопыт, цудоўных калег, а таксама ўдзячных выпускнікоў. Але лёс звёў педагога з дырэктарам гімназіі № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Гродна Аленай Андрэеўнай Зінчук, і Аляксей Валер’евіч лічыць іх знаёмства шчаслівым для сябе. Сёння ён з’яўляецца часткай дружнай педагагічнай сям’і гэтай гімназіі.
— Мы з Аленай Андрэеўнай убачылі адно ў адным аднадумцаў, — прызнаецца настаўнік. — Паспяховасць установы адукацыі, атмасфера ў ёй залежаць ад кіраўніка. Дзякуючы дырэктару гімназіі, у нас з калегамі добрыя адносіны, як у сям’і. Менавіта дзякуючы Алене Андрэеўне, я вырашыў прыняць удзел у конкурсе “Настаўнік года”. Удзячны за метадычную падтрымку намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Аліне Казіміраўне Жук, а таксама дырэктару ліцэя № 1 Гродна Ігару Сяргеевічу Маславу. Падрыхтоўка да конкурсу — гэта калектыўная праца, і ў нас склалася сапраўдная каманда. Сам жа конкурс стаў для мяне адкрыццём. Раскрыццё розных тэм, цікавыя адкрытыя ўрокі, знаёмства з вопытам калег… З конкурсам адкрыў для сябе і зусім іншую спецыфіку работы. Раней гэта былі алімпіяды, а цяпер прафесійнае майстэрства. Настаўнік павінен развівацца. Калі атрымаў перамогу на раённым этапе, у мяне з’явіўся азарт. Парадавала перамога на абласным этапе. Наступны крок — годна праявіць сябе на рэспубліцы, бо там кожны ўдзельнік — яркая асоба.
Аляксей Кавалевіч ганарыцца поспехамі сваіх вучняў. Яны нават вывелі і сфармулявалі формулу: “Аляксей Валер’евіч не “куе” алімпіяднікаў, ён вучыць сваіх навучэнцаў быць паспяховымі”.
Першым прызёрам на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды была Алена Гардынец. Потым штогод навучэнцы педагога атрымлівалі некалькі дыпломаў на розных этапах алімпіяды. А ў 2016 годзе Эрык Камлык заваяваў залаты медаль на 47-й Міжнароднай фізічнай алімпіядзе ў Швейцарыі.
— Эрык ішоў да свайго поспеху ў 7, 8, 9, 11 класах, і такі вынік быў упершыню дасягнуты ў Гродзенскай вобласці. Усё павінна было скласціся: ён — знайсці мяне і паверыць мне як настаўніку, а я — знайсці яго і не ўпусціць. Год за годам назапашваўся вопыт, я прафесійна рос і мяняўся разам з вучнямі, з’явіўся свой стыль падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Зразумеў, што важны не столькі талент, колькі працаздольнасць, — расказвае настаўнік.
У чым жа сутнасць сістэмы работы Аляксея Кавалевіча? Ён дае школьнікам больш самастойнасці ў вывучэнні матэрыялу, магчымасць кожнаму працаваць у сваім рытме. Нехта больш глыбока валодае тэорыяй, у кагосьці лепш атрымліваюцца эксперыменты. Да кожнага педагог мае свой падыход, падтрымлівае моцныя бакі і развівае больш слабыя. Аляксей Валер’евіч упэўнены, што настаўнік павінен быць цікавы дзецям. І важна не толькі тое, што ты даносіш да іх, але і як хутка ты гэта робіш. Настаўніку час ад часу трэба мяняць свае падыходы, у тым ліку і да трэнерства.
— Сэнс жыццю надаюць тыя каштоўнасці, на якіх яно грунтуецца. Некаторыя каштоўнасці з цягам часу трансфармуюцца. Але ёсць непадуладныя часу, агульначалавечыя, вечныя ідэалы: гуманізм, ісціна, дабро, справядлівасць, сям’я. Для мяне і маіх вучняў зыходным пунктам у фарміраванні сістэмы каштоўнасцей стала патрэба быць паспяховым і пры гэтым жыць па сумленні, выбіраючы дастойныя шляхі. Паспяховасць я перадаў і вучням, якія ганарацца сваімі перамогамі на алімпіядах і конкурсах, 100-бальнымі сертыфікатамі на ЦТ. Галоўная перамога чалавека — гэта штодзённая перамога над самім сабой! — падзяліўся Аляксей Валер’евіч.
Ва ўсіх пачынаннях Аляксей Кавалевіч адчувае падтрымку з боку сям’і, каханай жонкі Наталлі, таксама настаўніка. Ён шчаслівы муж і бацька траіх дзяцей. А яшчэ ганарыцца тым, што жыве ў цудоўнай краіне — Беларусі.
Ірына АНІКЕВІЧ
Источник: https://nastgaz.by/