РУС БЕЛ ENG 中文

«Ні дня без вандровак». Як бавяць час выхаванцы лагера «Арляня» Красненскай сярэдняй школы

11.07.2023

Мерапрыемствы прышкольнага лагера не абавязкова павінны праходзіць толькі ў школьным будынку і на прышкольнай тэрыторыі. Тым больш калі гаворка ідзе пра летнія канікулы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Лета — найлепшы час для падарожжаў. Канечне, на працягу навучальнага года мы таксама падарожнічаем. Але не так часта, як хацелася б. Пераважна ў суботу, ды і тое калі з надвор’ем пашчасціць. А на летніх канікулах — вандруй хоць кожны дзень. Нават дождж не бяда. Калі ён і пачнецца, то праз гадзінку-другую, а то і некалькі хвілін, абавязкова скончыцца і можна з добрым настроем адпраўляцца ў падарожжа па родным краі.

“Ні дня без вандровак” — такі дэвіз выхаванцаў прышкольнага аздараўленчага лагера “Арляня” Красненскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна. Возера Краснае, Мірскі замак, рэшткі былых сядзіб у вёсках Крынкі, Рап’ёва, велічныя руіны царквы ў Беразаўцы — усё гэта толькі невялікая частка аб’ектаў, праз якія пралягаюць летнія маршруты.

— Паколькі тэматыка нашага лагера грамадзянска-патрыятычная, у план кожнага дня абавязкова ўносім падарожжы па малой радзіме. Яны праводзяцца ў рамках рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсаў, акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства”. Назва тэматычных дзён адпаведная: “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, “Святынямі роднага краю”, “Юныя следапыты”, “Мая Радзіма — Беларусь” і г.д.

Многія аб’екты мы наведваем па некалькі разоў, аднак заўсёды знаходзім там штосьці новае. Дзеці, асабліва малодшыя вучні, у захапленні ад кожнай паездкі (а падарожнічаць мы любім на школьным аўтобусе). Здаецца, Мірскі замак — гэта месца, дзе пабываў кожны жыхар Карэліцкага раёна, асабліва школьнік, бо яго наведванне абавязковае для навучэнцаў. Аднак гэты аб’ект кожны раз выклікае ў дзяцей яркія эмоцыі. І вось нядаўна мы зноў яго наведалі. Калі пад’язджалі да замка і бачылі, як вежы велічна выплываюць з-за дрэў, то дзеці не маглі стрымацца: “Я так уражаны! Зараз страчу прытом­насць! Трымайце мяне!” — з усмешкай расказала начальнік лагера намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Юлія Уладзіміраўна Скварада.

Страчваць прытомнасць, канечне, не трэба, а вось выказваць захапленне варта, тым больш што Мірскі замак унесены ў спіс сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Таксама праграмай лагера “Арляня” кожны год прадугледжваецца наведванне старадаўніх сядзіб. Адпаведны маршрут так і называецца — “Старадаўнімі сядзібамі Карэліцкага раёна”. Здавалася б, раён не самы вялікі па плошчы ў Беларусі. Аднак колькасць былых шляхецкіх маёнткаў проста ўражвае — некалькі дзясяткаў. Сёння ад колішняй велічы засталіся пераважна руіны.

Па словах Юліі Уладзіміраўны, рэшткі сядзіб можна сустрэць у ваколіцах кожнай вёскі. І гэта не толькі будынкі. Напрыклад, у вёсцы Райца на месцы былой сядзібы Раецкіх расце ўнікальны 8-тычынкавы каштан. А ў пасёлку Першамайскім — глог, паса­джаны яшчэ пры былых уладальніках гэтых мясцін Кашыцах. Настаўніца прыгадала свае дзіцячыя гады, калі з тэрыторыі ся­дзібы яе бацькі прывозілі кусты глогу і высаджвалі ў сябе на агародзе. Таксама ў Першамайскім захаваліся старыя лістоўніцы.

— Каб пабачыць нешта новае, цікавае, не абавязкова ехаць далёка, можна падарожнічаць па сваім раёне. Сапраўдным адкрыццём для нас сталі руіны Троіцкай царквы ў вёсцы Беразавец. Сама вёска вядомая з XVI стагоддзя. Размешчаны тут маёнтак, як і Крынкі, належаў спачатку Кмітам, потым Радзівілам, Вітгенштэйнам. Даследчыкі мяркуюць, што сядзібы не стала падчас Першай сусветнай вайны, бо тут прахо­дзіла лінія фронту. У выніку баёў моцна пацярпела і царква, пабудаваная ў канцы ХІХ стагоддзя. У 1943 годзе храм спасцігла яшчэ адно няшчасце: у будынак трапіў снарад. Пасля Вялікай Айчыннай вайны царкву не рэстаўрыравалі. Яе руіны захаваліся да сённяшняга дня і ўражваюць сваёй веліччу. Мясцовыя жыхары старанна дагляда­юць тэрыторыю царквы, а па святах тут здзяй­сняюцца набажэнствы.

Дзеці здзіўляюцца не толькі помнікам архітэктуры. У Крынках, калі мы ішлі па беразе вадаёма, яны ўбачылі гарлачыкі. Здаецца, самыя звычайныя гарлачыкі, нічога дзіўнага. Аднак хлопчыкі і дзяўчынкі ад захаплення ледзь не крычалі: “Я першы раз бачу гарлачыкі! А-а, трымайце мяне!” ­(Смяецца.) Мне падабаюцца іх непасрэднасць, эмоцыі. У маім дзяцінстве не было гаджэтаў, мы з сябрамі ўвесь дзень гулялі на вуліцы. Таму і фантазія была добрая. Цяпер у дзецях фантазію трэба развіваць, бо яны захоплены смартфонамі, а там ужо гатовая карцінка. Каб працавала ўяўленне, дзяцей трэба кудысьці завесці і паказаць, каб яны ўразіліся той жа рачулкай, тымі ж гарлачыкамі, — падзялілася Юлія Ула­дзіміраўна.

Настаўніца ўпэўнена, што восенню, вярнуўшыся з канікул, дзеці абавязкова прыгадаюць і белыя гарлачыкі, і велічныя руіны Троіцкай царквы, і вежы Мірскага замка. А гэта значыць, што летні адпачынак у іх цудоўны.

 

Источник: https://nastgaz.by/