РУС БЕЛ ENG 中文

Раскрыць творчы патэнцыял лідскіх вучняў дапамагае школьнае тэлебачанне «ДзеТVара»

10.07.2023

Раскрыць творчы патэнцыял лідскіх вучняў дапамагае школьнае тэлебачанне “ДзеТVара”. Праект рэалізоўваецца ў сярэдняй школе № 15 Ліды з 2019 года. Каля дваццаці яго ўдзельнікаў вывучаюць камп’ютарныя праграмы, якія выкарыстоўваюцца пры мантажы і апрацоўцы відэаматэрыялу, развіваюць прамоўніцкія навыкі, вучацца наладжваць адносіны з шырокай аўдыторыяй. Творчая група вучняў 4—11 класаў рыхтуе інфармацыйныя праграмы, асвятляе жыццё ўстановы адукацыі.

Хлопцы і дзяўчаты спрабуюць сябе ў ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў і мантажораў. Гэта дазваляе ім азнаёміцца з цікавымі прафесіямі і выбраць свой шлях у жыцці. У “ДзеTVары” прадугледжаны падзел абавязкаў. Ёсць тут і кіраўнік — гэта дзесяцікласнік Яраслаў Бу­дзевіч. Ён арганізоўвае работу, назначае адказных за працэс здымак. Максім Лясоцкі займаецца вядзеннем старонкі ў Instagram. Хочацца адзначыць самых актыўных удзельнікаў праекта: Максіма Логвіна, Ілью Шчыгло, Дар’ю Хілімончык, Дар’ю Зінькевіч, Ілью Крыўцова, Назара Кузняцова, Кацярыну Мазуркевіч і Надзею Жыбарт.

“Школьныя навіны” знаёмяць гледачоў з важнай інфармацыяй, даюць магчымасць стаць відавочцамі школьных і гарадскіх мерапрыемстваў. Паступова ствараюцца і новыя рубрыкі: “Кніга з экрана”, “Роўны вучыць роўнага”, “Сацыяльная рэклама”, “Святочныя моманты”, “Выберы свой шлях”, “Вандруй разам з намі” і інш. “ДзеTVара” выпускае раз у месяц інфармацыйную праграму “Усё па факце”. Вядучыя праграмы бяруць інтэрв’ю ў вучняў, удзельнікаў алімпіяд, конкурсаў. Героямі рубрыкі “Захапленне. Творчасць. Прафесія” становяцца настаўнікі. Тэлевізійныя эфіры праходзяць у фае школы.

Выпускі школьнага тэлебачання — гэта погляд на жыццё вачыма юных тэлежурналістаў. Творчая група стварае рэпартажы на актуальныя тэмы, спартыўныя навіны, здымае школьныя святы. Удзельнікі праекта пастаянна імкнуцца ўнесці ў работу тэлебачання нешта новае, што павышае якасць матэрыялаў і абуджае да іх вялікую цікавасць школьнікаў. Для сумеснага абмеркавання ідэй у творчай групы ёсць асобны кабінет.

Школьнае тэлебачанне “ДзеTVара” — праект доўгатэрміновы, практычны, запатрабаваны і разлічаны на канкрэтныя вынікі. Творчая група ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэс­публіканскіх конкурсах: “Ты ў эфіры”, “Медыясфера”, “Патрыёт.bу” і іншых. Кожнага, хто любіць сваю справу і ўвесь час развіваецца, рана ці позна чакае заслужаная ўзнагарода. Так, Яраслаў Будзевіч і Назар Кузняцоў пад нашым кіраўніцтвам удзельнічалі ў фінале V Рэспуб­ліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу “Медыясфера-2023” з інтэрнэт-праектам “Захапленне. Творчасць. Прафесія”. Фестываль праходзіў у Гро­дзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Узнагарода знайшла сваіх пераможцаў. Хлопцы заваявалі дыплом II ступені і дыплом сімпатый гледачоў.

Праект дае магчымасць вучням выказаць свае ідэі, погляды на пэўную праблему, адчуць сябе самастойнымі. З работай школьнага тэлебачання “ДзеTVара” можна падрабязна азнаёміцца на нашым сайце.

Іна ЛЯВОШКА,
настаўніца інфарматыкі;
Марына ГРЫНЦЭВІЧ,
настаўніца беларускай мовы
і літаратуры сярэдняй школы № 15 Ліды

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: