РУС БЕЛ ENG 中文

Прапрадзедам, які паўтарыў подзвіг Сусаніна, ганарыцца юны дзятлаўскі краязнаўца

06.07.2023

Важна, каб моладзь адчувала дачыненне да гісторыі краіны праз веданне сваёй сям’і, роду. Інтэрнэт-­праект “Спадчына пакаленняў, ці Я — прапраўнук “Ліпічанскага Сусаніна” якраз і накіраваны на вырашэнне гэтай задачы.

Аўтары праекта — мая калега настаўніца матэматыкі Кацярына Валер’еўна Латушка, я (намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце) і вучань выпускнога 11 “А” класа Данііл Івашэвіч. Хлопец расказвае пра свайго прапра­дзеда Іосіфа Юр’евіча Філідовіча, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна.

Першапачаткова праект быў прадстаўлены ў выглядзе сайта на платформе Google і ўключаў 6 старонак другога парадку: “Ліпічанскі Сусанін”, “Гісторыя подзвігу”, “Успаміны відавочцы”, “У памяці народнай…”, “Сямейная сувязь пакаленняў”, “Сямейны фотаархіў”.

Праект выклікаў пэўны рэзананс і заваяваў дыплом І ступені на фестывалі-конкурсе “Медыясфера-2022”, а таксама дыпломы ІІ ступені на заключным этапе конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by” і ХХ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай мола­дзі. Зацікаўленасць з боку як навучэнцаў, так і грамадскасці паспрыяла далейшай даследчай дзейнасці.

Іосіф Філідовіч нарадзіўся ў 1874 го­дзе ў вёсцы Шаршні Дзятлаўскага раёна. У 1941 годзе на тэрыторыі раёна пачаў актыўна развівацца партызанскі рух, у якім Іосіфу Юр’евічу адвялі ролю сувязнога Ленінскай брыгады. З яго дапамогай на востраве ў Ліпічанскай пушчы абсталявалі партызанскі шпіталь. У снежні 1942 года Іосіф Юр’евіч коштам свайго жыцця не даў загінуць амаль 500 цяжкапараненым партызанам. Ён завёў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у балота. І толькі вясной 1943 года, калі растаяў снег, яго цела знайшлі партызаны. Ён ляжаў у лясных нетрах за дзесяць кіламетраў у супрацьлеглым баку ад шпіталя. У патыліцы — два кулявыя раненні.

Каб прыцягнуць увагу як мага большай колькасці навучэнцаў да тэмы праекта, арганізавалі квест-віктарыну “Партызанскі шпіталь”. Пытанні тычыліся партызанскага руху на тэрыторыі Дзятлаўскага раё­на, партызанскага шпіталя, абсталяванага ў Ліпічанскай пушчы са снежня 1942 года. У квесце паў­дзельнічала больш за 250 вучняў.

Пасля аднаўлення імёнаў медыцынскага і абслуговага персаналу партызанскага шпіталя перайшлі да стварэння віртуальнай і рэальнай рэканструкцыі партызанскага шпіталя. На падрыхтоўчым этапе былі вывучаны асаблівасці яго арганізацыі і схема. У якасці крыніц інфармацыі выступілі лекцыйны матэрыял Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, а таксама ўспаміны начальніка шпіталя Івана Елізаравіча Калмыкова.

Прапраўнук І.Ю.Філідовіча Данііл пасля навучання ў Нацыя­нальным дзіцячым тэхнапарку па напрамку “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі” асвоіў навыкі трохвымернага мадэлявання і тэхнічна рэалізаваў віртуальную рэканструкцыю партызанскага шпіталя. Створаная віртуальная мадэль не з’яўляецца гістарычна дакладнай копіяй гэтага шпіталя, бо шматлікія даныя аб знешнім выглядзе і асабліва аб унутраным аздабленні зямлянак адсутнічаюць у крыніцах, даступных для даследавання.

Наступным этапам стварэння “жывой гісторыі” партызанскага шпіталя стала тэатралізаваная пастаноўка “Адзін дзень з жыцця партызанскага шпіталя”. Для напісання сцэнарыя выкарыстоўваліся адноўленыя імёны медыцынскага персаналу. Вынікам праведзенай работы стала ўключэнне партызанскага шпіталя ў пералік аб’ектаў турыстычнага маршруту “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”.

Жывая гісторыя партызанскага шпіталя дазволіла прыцягнуць да яго ўвагу навучэнцаў і іх бацькоў, што забяспечвае далейшае развіццё турызму. Партызанскі шпіталь унесены ў рэестр турыстычных аб’ектаў Дзятлаўскага раёна.

Марыя ШАВЕЛЬ,
намеснік па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Дзятлава

Источник: https://nastgaz.by/