РУС БЕЛ ENG 中文

«Цягнік Памяці»: што лічаць самым каштоўным у гэтым праекце яго ўдзельнікі

30.06.2023

Кожны дзень — сотні кіламетраў, адкрыцці і яркія ўражанні. Што лічаць самым каштоўным для сябе ўдзельнікі праекта “Цягнік Памяці”? Якія пункты на маршруце запомніліся ім больш за ўсё? Спытала карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Загадчык вучэбнага аддзела школы Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-­аздараўленчага цэнтра “Зубраня” настаўнік гісторыі Ігар Новікаў расказаў, што раней многа чытаў пра незвычайны праект, чуў пра яго ад мінулагодніх удзельнікаў, а сёлета мара здзейснілася: ён у камандзе важатых цягніка Памяці — 2023.

Педагог імкнуўся сюды, каб пашырыць свае веды ў галіне гісторыі, асабліва перыя­ду Вялікай Айчыннай вайны, больш даведацца пра абарону гарадоў. З убачанага ў першыя дні на маршруце па Беларусі яго атрад актыўна абмяркоўваў сустрэчу з пагранічнікамі заставы імя Рыгора Кофанава, прыроду Белавежскай пушчы, старажытныя замкі Гродна. Запомніўся юнакам і дзяўчатам прыпынак на Полаччыне з арганным канцэртам у Сафійскім саборы, інтэрактыўным экскурсам у даўніну і ваенную гісторыю горада. І ўсё ж наймацнейшы эмацыянальны водгук выклікала рэканструкцыя падзей 1941 года ў Брэсцкай крэпасці. Удзельнікі праекта нібы перанесліся на некалькі гадзін у самы пачатак вайны, а пасля доўга абмяркоўвалі ўбачанае.

— Фармат праекта “Цягнік Памяці” дапамагае лепш усвядоміць ваенныя падзеі, зразумець маштабы подзвігу і жахлівых страт вайны, — адзначыў педагог. — Каб потым кожны з нас спытаўся ў сябе: а ты сам ці ўсё зрабіў, каб зберагчы па­мяць пра герояў і мір, дзеля якога яны ахвяравалі сваім жыццём? Асабіста ў мяне быў і сямейны матыў далучыцца да праекта, бо мой прадзед Філімон не вярнуўся з вайны. Да таго ж хацелася наладзіць плённыя кантакты з калегамі, знайсці новых сяброў. Чаканні апраўдаліся на 100 працэнтаў! Праграма вельмі насычаная, арганізатары выбралі знакавыя для гісторыі нашых краін гарады. Частку інфармацыі, якую даюць мясцовыя экскурсаводы, дастаткова складана знайсці ў свабодным доступе, а тут яна падрабязная, максімальна сканцэнтраваная і надзвычай цікавая. Дзякуючы праекту, мы, важатыя, сур’ёзна ўдасканальваем свой прафесійны ўзровень, пашыраем веды. Напрыклад, тое, што чыгуначны вакзал у Гродне — адзін з найстаражытнейшых на тэрыторыі не толькі Беларусі, але і ўсёй былой Расійскай імперыі, было для мяне адкрыццём.

Што хочацца яшчэ падкрэс­ліць? Тое, што ў праекце “Цягнік Памяці” аказаўся вельмі моцным творчы складнік. Песні пад гітару штовечар (а ў Самары ўдалося ўзяць удзел у майстар-класе клуба знакамітага Грушынскага фестывалю), мастацкае афармленне купэ, сумеснае выкананне гімна праекта — усяго не пералі­чыць.

Яркае знаёмства з Полацкам натхніла Ульяну Шчаўроўскую з Мінскай вобласці на напісанне верша. Так нарадзілася новая традыцыя. Наступнаму з наведаных гарадоў, Санкт-Пецярбургу, вершы прысвяціла ўжо Кацярына Казлова з Саратаўскай вобласці.

У беларуска-расійскім культурна-адукацыйным праекце “Цягнік Памяці” пад эгідай Саюзнай дзяржавы прымаюць удзел 200 дзяцей з Беларусі, Расіі, Арменіі і Кыргызстана. Маршрут уключае 14 гарадоў: 6 беларускіх і 8 расійскіх. 

Падобныя выпадкі не адзін­кавыя, за лічаныя дні кожны атрад цягніка Памяці ператварыўся ў маналітную каманду са сваімі адметнымі традыцыямі і правіламі. На цягніку склалася свая медыягрупа, у якую ўвайшлі юныя журналісты. Практыцы, што атрымалі нашы будучыя калегі, можна па-добраму пазайздросціць: унікальны праект, унікальныя мясціны! Тое ж можна сказаць пра людзей, у якіх ёсць магчымасць узяць інтэрв’ю: кіраўнікі рэгіёнаў, сенатары, вучоныя, дзеячы культуры, спартсмены…

— Велізарны дзякуй любімай настаўніцы Наталлі Аляксанд­раўне Адамчык, якая настаяла, каб я ўдзельнічала ў конкурсе “Я патрыёт сваёй краіны”, — скарысталася нагодай выказацца праз газету навучэнка Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Ульяна Вільчык. — Я ні разу аб гэтым не пашкадавала! Мы ўсе ўдзячныя арганізатарам праекта. Маю да іх просьбу. У Гродне цягнік Памяці быў — гэта здорава. Аднак у маёй вобласці так шмат адметных мясцін, якія можна было б уключыць у маршрут! Напрыклад, родныя Жыровічы. І я прапаноўвала гэта на абласным этапе конкурсу. У хуткім часе збіраюся паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, хачу стаць журналістам, таму паглыблена вывучаю гісторыю. Класа да дзявятага гэты прадмет я не вельмі шанавала, але потым насамрэч захапілася ім. Чытаеш, уяўляеш падзеі мінулага і не заўважаеш, як ляціць час. Гэта неверагодна цікава! Па маім перакананні, ведаць гісторыю павінен кожны, асабліва ў нашы дні, калі робяцца спробы яе перапісаць… У Беларусі я шмат дзе была, а вось пра расійскія гарады ведала, як аказалася, да крыўднага мала. Уражанні няпроста перадаць словамі, тым не менш я спрабую. Гэта мой абавязак у тым ліку перад прадзедам Аляксеем, які ваяваў на Вялікай Айчыннай вайне, страціў нагу. У падарожжы я не раз успамінала яго. Асабліва моцна накрылі эмоцыі, калі мы былі на Піскароўскіх мемарыяльных могілках. Гэта самае вялікае ў свеце пахаванне ваеннага часу. Маштаб трагедыі такі, што задумваешся не толькі аб прадзедах, але і аб сваім жыцці: паспеў ты штосьці вартае зрабіць або марнуеш яго дарэмна? Цяжкі вопыт, аднак вельмі каштоўны, нават неабходны.

Як удаецца хутка з’яднаць у дружны калектыў незнаёмых паміж сабой навучэнцаў? Гэта прафесійны важацкі сакрэт. Напрыклад, у атрадзе Арцёма Грабянцова 26 чалавек з чатырох краін. Толькі з расійскіх рэгіёнаў прадстаўлены Сахалінская і Свярдлоўская вобласці, Чукоцкая і Ненецкая аўтаномныя акругі, Яўрэйская аўтаномная вобласць, рэспублікі Буратыя і Марый Эл. Спраўляцца з абавязкамі Арцёму Генадзьевічу дапамагае педагагічны вопыт: па асноўным месцы работы ён — кіраўнік па ваенна-патрыя­тычным выхаванні гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, да гэтага працаваў педагогам-арганізатарам. Важаты прайшоў армейскую падрыхтоўку, а вучыўся спачатку ў музычным каледжы па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”, потым ва ўніверсітэце асвоіў “Музычнае мастацтва” і “Практычную псіхалогію”. Цяпер усё спатрэбілася!

— Прыемна, што нашу гімназію можна назваць пастаяннай удзельніцай праекта, — акцэнтаваў увагу віцяблянін. — Мінулым летам на цягніку Памяці падарожнічалі адразу два (рэдкі выпадак!) нашы навучэнцы, сёлета я пераняў эстафету. Асабіста ў мяне на маршруце былі тры моманты, якія найбольш зацікавілі. Калі гаварыць коратка, то былыя Горкі, Куйбышаў і Сталінград, у якіх увасоблена веліч Перамогі на фронце і ў тыле. Важным матывам удзелу ў праекце стала тое, што мой прадзед Кузьма вая­ваў на Вялікай Айчыннай вайне. Безумоўна, не толькі для дзяцей, але і для нас, педагогаў, важнымі з’яўляюцца новыя знаёмствы, уражанні. А яшчэ абмен вопытам, асабліва ў напрамку захавання гістарычнай памяці: ставіў мэтай даведацца, як з гэтым справа ў розных краінах і ўстановах адукацыі, і азнаёміцца з практыкай калег, каб потым выкарыстоў­ваць лепшыя напрацоўкі.

Эліза Строганава, спецыяліст рэгіянальнага аддзялення Расійскага руху дзяцей і моладзі, член гарадскога савета старшых важатых адукацыйных арганізацый Дэпартамента адукацыі і навукі Масквы:

— На цягніку Памяці я другі раз. Шчыра прызнацца, было складаней рыхтавацца да сёлетняга падарожжа. Справа ў тым, што дзеці і педагогі ў мінулым годзе сабраліся нерэальна моцныя: мы плакалі, калі перад ад’ездам з Мінска ў Маскву развітваліся з беларусамі. Я перажывала, што наступны раз такога не будзе. Сапраўды, усё інакш, дабавіліся новыя краіны. І разам з тым па адчуванні значнасці падзей, у якіх мы прымаем удзел, па ўзроўні каманды (маю на ўвазе і дарослых, і дзяцей) уражанні блізкія. Дзеці хутка пазнаёміліся паміж сабой і пасябравалі. Яны вельмі арганізаваныя, у іх ёсць шчырае жаданне даведацца адно пра аднаго, пра краіны, іх культуру і традыцыі. Гэта крута і надзвычай каштоўна. Таленты розныя: хтосьці спявае, практычна ідэальна размаўляе на англійскай мове, танцуе, разбіраецца ў палітыцы, эканоміцы, спорце — па якіх толькі напрамках у нас няма дасведчаных экспертаў! У мінулым годзе мы працавалі з беларускай калегай і з таго часу падтрымліваем кантакт. А зараз у нашым атра­дзе тры важатыя. Мяне дзеці завуць Эліза-эйджэ, гэта па-кыргызску. Яшчэ адну расіянку Марыю з армянскім каларытам — Маша-джан. І, наадварот, важатую з Арменіі — па-руску, мама Рэнэ. У атрадзе — школьнікі з чатырох краін, таму па магчымасці вучым усе чатыры мовы. Многія пытаюцца адно ў аднаго, як правільна пішацца тое ці іншае слова, ім гэта цікава. У цягніку ўзаемадзейнічаць складана, нават дзяцей разам сабраць праблематычна. Атрымліваецца гэта зрабіць толькі вечарам, і тое не заўсёды. Таму мы ўвялі традыцыю: упрыгожваем купэ і арганізоўваем так званую гульню “Арбат”. Кожнае купэ рыхтуе пэўную актыўнасць, адзін чалавек яе праводзіць, а астатнія перамяшчаюцца ад лакацыі да лакацыі. Там могуць, напрыклад, праводзіцца майстар-класы. Сёння будзем разам ацэньваць акуратнасць і гаспадарлівасць удзельнікаў. Без гэтага нікуды, бо жывём у замкнёным памяшканні і важна, каб было чыста.

 

Курсанай Рустамава, настаўніца геаграфіі школы-гімназіі-інтэрната горада Разакаў Лейлекскага раёна, Кыргызстан:

— Я прыехала са сваімі вучнямі — пераможцамі конкурсу, па выніках якога яны ўвайшлі ў склад маладзёжнай каманды цягніка Памяці. Мы былі шчаслівыя далучыцца да праекта, бо гэта магчымасць убачыць на свае вочы тыя мясціны і гарады, дзе нашы баць­кі, дзяды і прадзеды ваявалі, абараняючы сваю Радзіму. Многа сыноў Кыргызстана разам з прадстаўнікамі іншых народаў удзель­нічала ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. Мы павінны заўсёды памя­таць іх гераізм і подзвігі. Мой дзядуля Рустам ваяваў і да апошняга дня жыў з асколкам пад сэрцам. Мы абавязаны перадаць наступным пакаленням эстафету памяці пра мужнасць нашых продкаў. Спадзяюся, у наступным годзе да праекта далучыцца многа краін. Калі я вучылася, многа чытала пра Брэсцкую крэ­пасць, слухала настаўнікаў. Цяпер убачыла яе на свае вочы. Аказваецца, нічога я пра Брэст не ведала, бо гэта трэба адчуць сэрцам. Душа баліць: столькі нашых людзей загінула на той вайне! Ніколі гэтага не забуду і перадам памяць вучням. Гэта наша агульная гісторыя, адзіныя гордасць, слава і боль.

 

Источник: https://nastgaz.by/