РУС БЕЛ ENG 中文

Адзінства ўсіх, унікальнасць кожнага — пад такім дэвізам працуе сярэдняя школа № 7 Навагрудка

28.06.2023

Адзінства ўсіх, унікальнасць кожнага — пад такім дэвізам працуе сярэдняя школа № 7 Навагрудка, якая мае наладжаную сістэму работы і свой фірменны стыль, што адкрывае прастору магчымасцей для развіцця шматграннай асобы вучня і настаўніка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Візітоўкай 7-й школы, ды бадай і ўсяго Навагрудскага раёна, з’яўляюцца кадэцкія класы, якія створаны ў кожнай паралелі старшай школы і якія, акрамя трывалых базавых ведаў, забяспечваюць ваенна-патрыятычнае выхаванне і дапамага­юць дзецям вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.

— Сёння кадэцкі рух з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзяржаўнага ваеннага выхавання ў школе. Ім ахоплена 107 навучэнцаў 5—11 класаў, — адзначае дырэктар школы Вольга Хітро. — Работа ў гэтых класах арганізавана згодна са статутам кадэцкага класа і тыпавой праграмай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ваенна-патрыятычнага профілю. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы дазваляе дастаткова якасна арганізоўваць гэтую работу. У школе ёсць спартыўная і трэнажорная залы, стадыён, стралковы цір, пнеўматычная зброя.

У кадэцкіх класах рэалізуецца кадэцкі кампанент, які ўключае такія напрамкі, як фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму, духоўна-маральнае выхаванне, здаровы лад жыцця, развіццё інтэлектуальных здольнасцей, эстэтычнае выхаванне. Ён складаецца з 3 блокаў: рэалізацыя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, правядзенне факультатыўных заняткаў (“Маральнасць і патрыятызм”, “Гатовы Радзіме служыць”), пазаўрочная выхаваўчая работа. Заняткі кадэцкага кампанента праводзяцца на працягу ўсяго рабочага тыдня ў вольны ад вучобы час і ў шосты школьны дзень.

Ва ўстанове на базе кадэцкіх класаў дзейнічаюць 5 ваенна-патрыятычных клубаў, якія рэалізу­юць праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ваенна-патрыя­тычнага профілю, што дазваляе сістэмна праводзіць работу па фарміраванні патрыятызму, захаванні гістарычнай памяці, вывучэнні па­дзей часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Навагрудчыны.

Пазаўрочная работа ажыццяў­ляецца ў школе будучага афіцэра, заняткі ў якой праводзяць выхавальнікі кадэцкіх класаў. У школе вывучаюцца асновы воінскага статуту, воінскія званні, правілы нашэння форменнага адзення, праводзяцца заняткі па страявой і агнявой падрыхтоўцы, асновах рукапашнага бою, вядзецца падрыхтоўка навучэнцаў да ваенізаванай эстафеты. За кошт гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы ладзяцца заняткі па харэаграфіі, вакале, этыцы. 

Чым прывабліваюць навучэнцаў кадэцкія класы? Па-першае, магчымасцю развіць такія якасці, як дысцыпліна, выпраўка, арганізаванасць, а па-другое, правам выбраць на старшай ступені навучання фізіка-матэматычны профіль. Да таго ж гэтыя класы дораць кадэцкае братэрства, забяспечваюць усебаковае развіццё. Акрамя таго, нізкая напаўняльнасць класаў дазваляе вучням атрымаць больш трывалыя веды. Самі юнакі і дзяўчаты заўважаюць, што пасля кадэцкага класа лягчэй адаптавацца ў ваенных і сілавых УВА.

Удзельнікі прэс-туру сталі сведкамі віртуознай разборкі і зборкі аўтаматаў, прычым дзяўчаты ні ў чым не ўступалі хлопцам: дакладна, выверана, хутка абыходзіліся са зброяй. Сцягавая група прадэманстравала гасцям, як адбываецца перадача сцяга. Элементы рукапашнага бою прадставілі вы­хаванцы Валерыя Абрамчука.

— Нашы кадэты паспяховыя не толькі ў вучобе. Яны з’яўляюцца прызёрамі і пераможцамі творчых і інтэлектуальных конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, ваенізаваных эстафет. Яны — ініцыятары правядзення разнастайных акцый, мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, пошукавай і даследчай дзейнасці, актыўна далучаюць да гэтай дзейнасці іншых навучэнцаў школы. Так, у 2022 годзе былі сабраны матэрыялы для рэалізацыі раённага праекта “Сёстры Хатыні” па вывучэнні гісторыі спаленых вёсак Навагрудчыны. Практычная значнасць праекта знайшла сваё адлюстраванне ў экспазіцыі “Трагедыя беларускага народа ў гады вайны” ў школьным музеі “Гісторыя. Па­дзеі. Людзі”. Створаны макет спаленай вёскі і экспазіцыя “Боль без тэрміну даўнасці”, прысвечаная генацыду беларускага народа, распрацавана інтэрактыўная экскурсія з прымяненнем QR-кодаў, — расказвае Вольга Хітро.

Другім цікавым напрамкам работы з’яўляецца робататэхніка, якой у школе пачалі займацца з 2016 года.

— Першапачаткова мы працавалі з малодшымі школьнікамі па праграмах Lego Wedo і LegoScratch 2. Заняткі былі арганізаваны на платнай аснове сумесна з Robolab.by Мінска. А ў 2018 годзе былі набыты наборы  Arduino Uno, і мы пачалі вывучаць іх на факультатыўных занятках, — расказвае настаўнік інфарматыкі і фізікі Андрэй Падліпскі. — На сёння ў нашай скарбонцы нямала самых разнастайных праектаў, распрацаваных вучнямі. За мінулы год 4 навучэнцы школы змаглі прайсці ўсе адборачныя этапы ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і пабываць у ролі джуніёраў.

Падрыхтоўка і суправаджэнне навучэнцаў ажыццяўляюцца ад напісання работы да паездкі ў тэхнапарк. Прычым праект канкурэнтаздольны, калі мае даследчы складнік. Канкурэнцыя з кожнай зменай расце, таму і да выбару навучэнцаў неабходна ставіцца сур’ёзна. Перш за ўсё, павінна быць зацікаўленасць педагога ў тым, каб яго выхаванец паспяхова прайшоў усе этапы і паступіў у тэхнапарк, тым больш што ёсць навучэнцы, якія зацікаўлены ў гэтым.

Вучаніца 10 класа Дар’я Борыс стала ўдзельніцай дзвюх змен тэхнапарка.

— Сваю першую даследчую работу я накіравала ў сакавіку 2022 года, — расказвае дзяўчына. — Сумесна з настаўнікам быў распрацаваны праект “Выкарыстанне Arduino для стварэння камплектуючых “Разумнага дома”. Комплексная сістэма “Разумны дом” — гэта поўная аўтаматызацыя кіравання прыладамі ва ўсіх памяшканнях дома, кватэры або офіса, створаная для камфорту і бяспекі чалавека. Arduino дазволіў сканструяваць і выкарыстоўваць у побыце разумныя жалюзі, пажарны апавяшчальнік, разумную свяцільню. Другі адборачны этап у тэхнапарк — тэсціраванне, у якім правяраюцца веды па фізіцы, матэматыцы, біялогіі, прасторавым мысленні. Праз тыдзень на сайце з’явіліся вынікі, і я апынулася ў ліку джуніёраў. Кожны дзень у нас быў распісаны да мінуты. Адукацыйная змена запомнілася мноствам мерапрыемстваў, такіх як мінута славы, тэхнамода, прадстаўленне атрадных месцаў, а таксама самае цікавае і развіццёвае — напісанне выпускной работы.

У адрозненне ад Дар’і Ула­дзіслаў Гармашук аддае перавагу стварэнню робатызаваных сістэм. Юнак распрацаваў робата-разведчыка SCOUT_V-15.   

— Разведчык ён таму, што можа абыходзіць перашкоды, у яго высокая праходнасць дзякуючы колам, выкананым у форме зубоў, у яго паніжаная перадача ад матора да колаў, ёсць аблегчаная браня, якая абараняе электроніку ад па­шкоджанняў, ён можа прабрацца без вадзіцеля куды заўгодна, — удакладняе Улад.

Хлопцу таксама вельмі спадабалася ў тэхнапарку, і ён распрацоўвае яшчэ адзін праект, каб пазмагацца за права быць у ліку джуніёраў у 2023/2024 навучальным годзе.

Можна не сумнявацца: у юнака ўсё атрымаецца, бо паспяховаму развіццю навучэнцаў садзейнічае багатае прадметна-развіццёвае асяроддзе школы. Звяртаюць на сябе ўвагу змястоўныя інфармацыйныя стэнды, сцены холаў з адлюстраванымі на іх памятнымі мясцінамі Навагрудчыны, крылатымі фразамі, матывуючымі выразамі. Дынамічныя перапынкі праводзяцца з выкарыстаннем інтэрактыўнай карты, размешчанай у адным з холаў, дзе школьнікі вучацца асновам бяспекі жыццядзейнасці.

Ва ўстанове актыўна развіваецца музейная педагогіка: дзейнічаюць тры музеі: “Гісторыя. Падзеі. Людзі”, “Будзем беларусамі”, “Назад у СССР”. Матэрыялы музеяў актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.

У школе працуе 30 аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці. Разнастайны свет вучнёўскіх захап­ленняў удзельнікі прэс-туру маглі пабачыць падчас экскурсіі па ўстанове. Калекцыю міні-кніг класічных твораў рускай літаратуры прадставіла трэцякласніца Маргарыта Марцінкевіч, лялек “Дамы эпохі” — Кіра Максімовіч, а калекцыю “Лега Майнкрафт” прэзентаваў Герман Мамончык. Калекцыя кубікаў Рубіка стала хобі навучэнца 9 класа Кірыла Дзедаўца. Больш за тое, юнак ужо больш за 5 гадоў зай­маецца хуткаснай зборкай галаваломак.

Сумаваць у школе не даводзіцца нікому. Здаецца, навучальны год толькі скончыўся, аднак вучні і педагогі пачалі падрыхтоўку да 1 верасня, каб у кожнага зноў была магчымасць праявіць сябе і самарэалізавацца.

У гэтым навучальным годзе ў 7-й навагрудскай школе вучылася 963 навучэнцы. На І ступені адукацыі дзейнічалі 4 класы інтэграванага навучання і выхавання поўнай напаўняльнасці, у якіх вучылася 18 дзяцей. Паспяхова працаваў клас з беларускай мовай навучання. На ІІ ступені сфарміраваны спартыўны клас па аддзяленні “Біятлон і плаванне”. 126 навучэнцаў установы вывучаюць англійскую мову на павышаным узроўні. У межах рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Развіццё і фарміраванне полікультурнай асобы шляхам вывучэння другой замежнай мовы на адзнакавым узроўні” малодшыя школьнікі з 2 класа вывучаюць другую замежную мову — французскую. На ІІІ ступені арганізавана профільнае навучанне па 3-й мадэлі для 38 навучэнцаў (дзейнічалі філалагічны, фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны профілі). Штогод павялічваецца колькасць пераможцаў і прызёраў прадметных алімпіяд рознага ўзроўню.

 

Источник: https://nastgaz.by/