Настаўніца сярэдняй школы № 34 Гродна Юлія Фядзюк: «Стымул для развіцця — мае вучні»
28.06.2023Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 34 Гродна Юлія Анатольеўна Фядзюк жыве і працуе па прынцыпе: быць патрабавальнай да сябе, не спыняцца на дасягнутым і пастаянна ўдасканальвацца, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Юлія Анатольеўна адчувае сябе шчаслівай настаўніцай, бо ў яе атрымліваецца раскрываць перад навучэнцамі прыгажосць беларускай мовы. У 2003 годзе яна з адзнакай скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура” са спецыялізацыяй “Рыторыка” і з таго часу працуе ў сярэдняй школе № 34 Гродна. | ![]() |
— Чым асабіста для вас стаў удзел у конкурсе “Настаўнік года”?
— У такім спаборніцтве ўдзельнічала ўпершыню, хаця маю 20 гадоў педагагічнага стажу і былі прапановы зрабіць гэта раней. Конкурс з’яўляецца эфектыўнай школай прафесійнага і асобаснага росту, цудоўнай педагагічнай майстэрняй. Для мяне гэта магчымасць сістэматызаваць веды, методыку выкладання прадмета, задаволіць духоўныя патрэбы ў самаразвіцці, дасягненні высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці. Удзел у конкурсах такога ўзроўню — гэта выхад з зоны камфорту, праверка сябе на трываласць, вытрымку, уменне прымаць рашэнне ў розных сітуацыях. Для мяне самым цяжкім момантам стала правядзенне ўрока ў незнаёмым класе, бо перш-наперш трэба наладзіць кантакт з дзецьмі, каб яны пачалі са мной працаваць. Удзельнічаючы ў спаборніцтве, педагог мае магчымасць праявіць сябе, свае здольнасці, таленты. Нарэшце, можна паглядзець на сябе збоку.
— Якімі якасцямі павінен валодаць педагог?
— Добры настаўнік — гэта чалавек, які любіць тое, што выкладае, і тых, каго вучыць. Спазнаваць новае, быць цярплівым і добразычлівым, гуманна ставіцца да дзяцей, абараняць іх жыццё і здароўе, паважаць асобу вучня, выхоўваць патрыятызм і актыўную жыццёвую пазіцыю — вось якімі якасцямі, на маю думку, павінен валодаць сапраўдны педагог. У прафесіі настаўніка ўвогуле вельмі важна выхаванне. Немагчыма выхоўваць, не даючы пры гэтым ведаў, і нельга вучыць, не выхоўваючы.
Настаўнікам быць няпроста, таму што трэба не толькі ведаць матэрыял, умець перадаць свае веды, але яшчэ і зацікавіць вучня сваім прадметам.
Настаўнік павінен мець палаючае сэрца, любіць свой прадмет. Тады прафесія захоплівае цалкам, і нават летам пішаш канспекты, падбіраючы матэрыялы на наступны навучальны год. Настаўнік павінен быць цікавы дзецям i як чалавек.
— Юлія Анатольеўна, што вас прывяло ў прафесію?
— З дзяцінства я не сумнявалася, што педагогіка — мой лёс. Так і атрымалася. Любоў да роднага краю, да прыгожага беларускага слова 20 гадоў назад прывяла мяне ў прафесію. Здаецца, што працую ў школе ўжо цэлае жыццё. Шчыльнасць падзей у школьным асяроддзі настолькі высокая, што часам дзівішся таму, якая колькасць гісторый можа здарыцца з табой у адзін
дзень. Гэтыя пастаянныя змяненні падштурхоўваюць да развіцця і пошуку сябе.
Прафесія настаўніка цікавая, шматгранная. Яна ўключае дзейнасць у розных напрамках. За гады работы ў школе я набыла вопыт арганізатарскай і кіруючай дзейнасці. Працавала сакратаром педагагічнага савета школы, кіраўніком школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры.
— Што лічыце галоўным у прафесійным жыцці?
— Самае галоўнае, стымул для развіцця — мае вучні. Якое задавальненне бачыць у іх жаданне пазнаць штосьці новае! Якая радасць назіраць за дасягненнямі сваіх навучэнцаў, раскрываць іх здольнасці прымяняць веды ў нестандартных сітуацыях. Поспех кожнага з іх успрымаю як уласны.
Навучылася сярод розных і непаўторных вучняў знаходзіць зацікаўленых, фарміраваць у іх здольнасці, абуджаць таленавітасць. Мае навучэнцы штогод удзельнічаюць у прадметных алімпіядах, а таксама разнастайных творчых конкурсах, што дае ім магчымасць прадэманстраваць сваё валоданне беларускім словам, уменне эмацыянальна ўздзейнічаць на слухача. Лічу, што гордасць кожнага настаўніка заключаецца ў яго вучнях. І ў мяне ёсць вучні, якімі я вельмі ганаруся!
— Як удаецца зацікавіць навучэнцаў беларускай мовай?
— У школе ўжо не першы год вядзецца сістэматычная работа па папулярызацыі беларускай мовы. У маёй метадычнай скарбонцы налічваецца больш за дзясятак разнастайных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў межах правядзення дня беларускай мовы і літаратуры, з нагоды дня нараджэння беларускіх пісьменнікаў, да Міжнароднага дня роднай мовы. Прыемна назіраць, як гуртуюцца апантаныя мовай вучні, з якім трапятаннем рыхтуюць беларускамоўныя вечарыны, з якім замілаваннем чытаюць беларускія вершы, цытуюць беларускіх класікаў.
Пяць гадоў назад пачала ствараць беларускамоўныя відэаролікі. Гэтай справай займаюцца не толькі навучэнцы, але і калегі, якія на ўласным прыкладзе дэманструюць свае адносіны да мілагучнага роднага слова. Такія відэапраекты штогод здымаюцца і размяшчаюцца на афіцыйным сайце ўстановы адукацыі і на афіцыйнай школьнай старонцы ў Instagram да Міжнароднага дня паэзіі, дня роднай мовы, юбілейных дат класікаў беларускай літаратуры. Як прыемна назіраць, з якой цікавасцю вучні сочаць за выступленнямі сваіх настаўнікаў!
— Калегам было б карысна азнаёміцца з вашым вопытам.
— Так, я адчула, што магу падзяліцца ведамі і ўменнямі. За маімі плячыма распрацоўка і правядзенне дыскусіі ў фармаце “Акварыум” для настаўнікаў школы ў межах Дня метадычных адкрыццяў, неаднаразовыя выступленні на школьных тэматычных педагагічных саветах і семінарах, на пасяджэннях раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.
У 2020 годзе я была членам творчай групы настаўнікаў Кастрычніцкага раёна Гродна па забеспячэнні вучэбна-метадычнымі матэрыяламі адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэспубліканскага рэсурсу. Таксама вопыт маёй работы прадстаўлены на старонках рэспубліканскіх друкаваных перыядычных выданняў, у тым ліку часопісах “Народная асвета”, “Беларуская мова і літаратура”.
— Дасягнуць высокіх паказчыкаў у дзейнасці немагчыма без штодзённай працы над сабой, без пастаяннага імкнення да самаразвіцця, да пазнання новага.
— Кожны дзень я не толькі вучу, але і вучуся. Так, у 2021 годзе прымала ўдзел у інтэрнэт-праекце CULTUREHUB “Прама ў мэту”, арганізаваным Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Удзельнічала ў рабоце сеткавай метадычнай майстэрні “Сучасныя падыходы да арганізацыі метадычнай работы” на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Адным з маіх значных педагагічных дасягненняў лічу тое, што сваім прыкладам змагла прывіць любоў да прафесіі настаўніка сваім навучэнцам. Так, мае выпускніцы працуюць настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў школах Гродна.
— Дзе вы чэрпаеце энергію?
— Штодзённая праца педагога патрабуе вытрымкі і цярпення. Напэўна, чалавеку нялёгка было б справіцца з цяжкасцямі прафесіі, калі б ён не меў сваіх крыніц натхнення. Мая апора і падтрымка — сям’я. Менавіта яна дапамагае пераадольваць усе цяжкасці і рухацца далей, менавіта ў сваіх родных і блізкіх я чэрпаю энергію і знаходжу творчы ўздым. Цудоўнай крыніцай натхнення становяцца падарожжы па Радзiме. Яны даюць магчымасць пазнаваць новае, мяняць звыклы рытм жыцця, напаўняцца станоўчымі эмоцыямі і ўражаннямі. Лепшы адпачынак для мозгу — занятак для душы. У вольны час люблю выпякаць тарты, плесці макрамэ, вырошчваць хатнія расліны, даглядаць свойскіх жывёл. Але самую вялікую асалоду мне прыносіць чытанне кніг. Час, праведзены за любімай кнігай, у першую чаргу, гэта беларуская класіка, зараджае мяне энергіяй, дапамагае спазнаць сябе і навакольны свет.
Ірына АНІКЕВІЧ
Источник: https://nastgaz.by/