РУС БЕЛ ENG 中文

Летам тут збіраецца інтэ­лектуальная эліта Гродзеншчыны: што дае школьнікам аздараўленчы лагер «Навука-1»

22.06.2023

Акадэмія летніх навук. Так называецца змена ў аздараўленчым лагеры “Навука­-1”, дзе адпачываюць і адначасова вучацца адораныя школьнікі з усёй Гродзеншчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

У Парэцкай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце Гродзенскага раёна адпачываюць і пашыраюць свае веды 126 хлопцаў і дзяўчат. Усе яны пераможцы раённага, абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, хіміі, фізіцы, матэматыцы, гісторыі і беларускай мове. Дарэчы, у вобласці працуе яшчэ адзін лагер “Навука-2” у Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце Гродзенскага раёна.

— Летам у нас збіраецца інтэ­лектуальная эліта вобласці, вельмі матываваныя дзеці, — расказала дырэктар Парэцкай школы-інтэрната Ларыса Грышке­віч. — З імі працуюць выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі і настаўнікі-метадысты, педагогі з розных куткоў Гродзеншчыны, якія маюць вопыт работы з адоранымі вучнямі. Многія дзеці ўжо не першы раз у лагеры, ведаюць выкладчыкаў, іх вабіць магчымасць актыўна і цікава правесці тут вольны час. У нас ёсць і ўмовы, і кадравы патэнцыял для таго, каб на дастойным узроўні арганізаваць вучэбны працэс і вольны час дзяцей.

З году ў год “Навука” цесна супрацоўнічае з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, сёлета ў якасці выхавальнікаў тут працуюць 5 студэнтаў. Некаторыя з іх адпачывалі ў “Навуцы”, будучы школьнікамі.

Як расказала дырэктар лагера Юлія Морджэр, кожны дзень пачынаецца з заняткаў, а пасля абеду напоўнены цікавымі мерапрыемствамі. Дзень бяспекі з прыцягненнем шматлікіх зацікаўленых службаў, ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца” ў супрацоўніцтве з пагранічнай камендатурай “Парэчча”, конкурс “Меткі стралок”, штодзённыя тэматычныя вечары і адпачынак у зоне рэлаксацыі на свежым паветры — толькі невялікая частка актыўнасцей. Важны аспект адпачынку — аздараўленчы. На базе школы-інтэрната, дзе працуе педыятрычнае аддзяленне, рэалізоўваць яго проста. Арганізавана індывідуальнае харчаванне, праводзяцца фізіяпрацэдуры для тых, хто мае ў гэтым патрэбу.

Камандзір атрада біёлагаў Канстанцін Масько, навучэнец сярэдняй школы № 11 імя генерала А.І.Антонава Гродна, адпачывае ў лагеры трэці год запар.

— Штогод імкнуся трапіць у лагер “Навука”, бо тут даюць шырокія веды па біялогіі — прадмеце, які мне цікавы, планую зай­мацца ім у далейшым. Для мяне гэта магчымасць самаўдасканальвацца. У школе ўжо чацвёрты год да алімпіяд мяне рыхтуе Вольга Генадзьеўна Карпенка. Дзякуючы дапамозе педагога, атрымаў дыплом II ступені на раённым этапе і дыплом III ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, — падзяліўся Канстанцін.

Ганна Чыркіна з гімназіі № 1 Ліды, таксама ў лагеры трэці раз. Дзяўчына прызналася, што ёй тут вельмі падабаецца, прычым не толькі адпачываць, але і вучыцца.

— Я вельмі люблю хімію, а “Навука” — выдатнае месца, дзе можна правесці час з карысцю для сябе і павесяліцца, — прызналася Ганна. — Сярод сёлетніх маіх дасягненняў — перамога на раённым этапе і падзячны ліст на абласным этапе алімпіяды па хіміі. Мой настаўнік Аляксандр Вяслававіч Ярмак праводзіць тут летам заняткі, вядзе “Віртуальны лагер”. Спадзяюся, што сёлета, як і ў мінулыя гады, з намі будзе зай­мацца Віталь Тадэвушавіч Стаціна з Гродзенскай гарадской гімназіі.

Студэнтка філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Дзіяна Калеснік адпачывала ў “Навуцы” школьніцай, а сёння яна важатая ў атрадзе біёлагаў. Дарэчы, працуе ў гэтай якасці ўжо трэці год. Час, праведзены тут у дзяцінстве, запомніўся Дзіяне цікавымі зносінамі з разумнымі, творчымі, вясёлымі аднагодкамі. А яшчэ цудоўнымі выхавальнікамі, якія гатовы аддаваць свае сілы і час, каб зрабіць адпачынак дзяцей насычаным і цікавым. Менавіта такія калегі акружаюць яе і сёння. Дзіяна Максімаўна ўпэўнена: дзеці, якія ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, заўсёды імкнуцца даведацца нешта новае, а ў “Навуцы” ў іх ёсць такая магчымасць.

Як падкрэсліла дырэктар школы Ларыса Грышкевіч, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама робіць акцэнт на тым, каб адораныя, высокаматываваныя дзеці круглы год былі ахоплены адукацыйным пра­цэсам. На кожных канікулах у іх зборы, а летам яны адпраўляюцца вучыцца ў лагер і, як яны самі адзначаюць, робяць гэта з задавальненнем.

Ірына АНІКЕВІЧ

 

Источник: https://nastgaz.by/