РУС БЕЛ ENG 中文

«Малюнкі — мой маленькі лайфхак». Як зацікавіць школьнікаў гісторыяй — вопыт Уладзіміра Міхальчыка

22.06.2023

Пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Уладзімір Уладзіміравіч Міхальчык успрымае сябе і педагогіку як палавінкі аднаго цэлага.

Уменне нестандартна падаваць матэрыял і нават паказваць гістарычныя падзеі праз малюнкі на дошцы дазваляе яму завалодаць увагай вучняў, а спалучэнне разнастайных методык — цікавы вопыт для калег. Пра свой шлях у прафесію і звычайны школьны ўрок педагог расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”.

— Уладзімір Уладзіміравіч, якім быў ваш шлях у педагогіку?

— Я карэнны жыхар Свіслачы, вучыўся ў сярэдняй школе № 3. Яшчэ ў 4 класе мне “напрарочылі” быць гісторыкам. Незвычайны момант, праўда? Калі супрацоўнік раённага музея Аляксандр Палубінскі расказваў пра Вялікую Айчынную вайну, я задаваў яму вялікую колькасць пытанняў. Напрыканцы нашай размовы ён падышоў да мяне і сказаў: “Мне здаецца, вы будзеце гісторыкам”.

Прымаў удзел у раённых, абласных алімпіядах па гісторыі за 9 клас. У старшых класах вучыўся ў гісторыка-прававым класе ліцэя № 1 Гродна, абараняў гонар установы адукацыі на конкурсах, мерапрыемствах, стабільна паказваў высокі вынік па гісторыі, заўсёды быў у ліку прызёраў абласной алімпіяды па гэтым прадмеце. А потым лагічны працяг — факультэт гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дыплом і вяртанне на малую ра­дзіму.

Тут я змяніў некалькі прафесій, але заўсёды адчуваў, што педагогіка — гэта маё. Свой працоўны шлях пачынаў інструктарам-метадыстам у Свіслацкім раённым цэнтры турызму і края­знаўства, потым больш за сем гадоў выкладаў гісторыю і грамадазнаўства ў Грынкаўскай, Дабравольскай сярэдніх школах, працаваў у рэдакцыі раённай “Свіслацкай газеты”. Але потым вярнуўся ў педагогіку, прыйшоў у сярэднюю школу № 2, бо заўсёды ўспрымаў сябе і педагогіку як палавінкі аднаго цэлага.

— Чаму ўсё ж такі вярнуліся ў школу?

— Гэта было не спантаннае рашэнне. Я разумеў: лепшае, што магу рабіць, — выкладаць. Мне падабаецца вучыць дзяцей, ра­зам з імі адкрываць нешта новае, разам прабірацца праз зараснікі гісторыі, паглыбляцца ў цікавыя факты і падзеі, даследаваць іх, праводзіць розныя конкурсы і мерапрыемствы. Таму вяртанне ў педагогіку было заканамерным працэсам. Прыйшоўшы ў школу, я сустрэўся з педагогамі, якія некалі былі маімі настаўнікамі, а цяпер сталі калегамі. Падтрымку адчуў літаральна ва ўсім, за што вельмі ўдзячны калектыву ўстановы адукацыі, адміністрацыі, тым, хто пасадзейнічаў майму вяртанню на гэтую сцежку.

Які б у цябе ні быў настрой, калі заходзіш у клас, бачыш усмеш­кі дзяцей, іх вочы, пачынаеш з імі вывучаць гісторыю — усё становіцца на свае месцы. Бачу, як вучні радуюцца кожнаму ўроку гісторыі.

— Як ішлі да такога знакавага ў прафесійным плане конкурсу?

— Упершыню ўдзел у конкурсе “Настаўнік года” прыняў у 2017 годзе, выйграў школьны, раённы этапы. І зноў праз пяць гадоў спроба ўключыцца ў конкурс. Але зазначу, што на гэты раз ужо былі зусім іншыя ўмовы, больш сур’ёзная, цікавая падрыхтоўка (словы падзякі хочацца выка­заць маім калегам, раённаму вучэбна-метадычнаму кабінету аддзела адукацыі райвыканкама). Як вынік — перамога ў школьным, раённым і абласным этапах. Ёсць жаданне здзівіць і паказаць усе свае магчымасці на рэспубліканскім этапе.

— З чым звязваеце сваю перамогу ў вобласці?

— Многія гавораць, што зачапіў харызмай, уменнем працаваць з класам. Апошняе, дарэчы, — адна з найважнейшых якасцей настаўніка, бо калі педагог не ўмее працаваць з класам, не адчувае дзяцей, то ён не зможа практычна нічога дасягнуць у прафесійным плане. Другое, што дапамагло перамагчы, тычыцца методык навучання. Я прытрымліваюся меркавання, што трэба спалучаць традыцыйныя метады (дошка, крэйда) і сучасныя, звязаныя з візуалізацыяй.

У многіх сучасных дзяцей кліпавае мысленне. Калі яны ба­чаць цікавы вобраз, слуха­юць музыку, то хутчэй могуць запомніць патрэбную інфармацыю. Спалучэнне разнастайных метадаў дазваляе працаваць у дастаткова інтэнсіўным інтэрактыўным рэжыме, але гэтыя метады павінны быць дазіраваныя. Калі няма дазіроўкі, то ўрок можа ператварыцца ці ў гульню, ці ў нудны занятак.

— Як дзеці ўспрынялі вашы перамогі на конкурсах?

— Шчыра кажучы, была радасць. Кожны клас перад урокам сустракаў мяне апладысментамі. Такія конкурсы павышаюць аўтарытэт настаўніка і прэстыж нашай прафесіі. Мае вучні з радасцю прыходзяць на ўрокі, бо ведаюць, што яны цікавыя. Я вучу іх, і яны мяне вучаць таксама.

— Што вы можаце прапанаваць калегам, чым хочацца падзяліцца з вучнямі?

— Удзячны калегам, якія прынялі ўдзел у маім майстар-класе, які я даваў на базе сярэдняй школы № 2 Мастоў. Быў рады падзя­ліцца разнастайнасцю сваіх метадаў і прыёмаў, уменнем выходзіць са складаных сітуацый і заўсёды быць на пазітыве. Што тычыцца навучэнцаў, то мае моц­ныя бакі — уменне зрабіць традыцыйны ўрок больш разнастайным і выйсці з дзецьмі на новы ўзровень развіцця, таму што кожны ўрок для вучня — гэта крок наперад. І настаўнік яму ў гэтым дапамагае. Калі настаўнік і вучань разам, яны дасягаюць новых вяршынь. І гэта цудоўна. На мой пог­ляд, задача педагога — не проста даць дзецям веды, а навучыць іх знаходзіць інфармацыю, аналізаваць яе і на аснове гэтых ведаў падымацца ў сваім развіцці ўсё вышэй і вышэй.

— Раскажыце пра свае дасягненні і поспехі вучняў.

— Асабістыя дасягненні заўсёды звязаны з вучнямі. У гэтай установе адукацыі я працую не так даўно, а мае былыя вучні з іншых школ станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых алімпіяд па гісторыі, абласной навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Край гарадзенскі”, міжнародных дыстанцыйных анлайн-алімпіяд. Зусім нядаўна ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі я правёў свой першы майстар-клас для маладых настаўнікаў у рамках міжнароднага фестывалю “Прызванне — педагог”. Уражанні цяжка перадаць словамі, але, упэўнены, будучае пакаленне педагогаў возьме ў сваю скарбонку метадаў і прыёмаў тыя, на якіх я акцэнтаваў увагу: стужкі часу, работа з відэафрагментамі.

У нашай школе добра развіты алімпіядны рух, і я адзін з тых, хто рыхтуе школьнікаў да ўдзелу ў ім. Вучні не проста працу­юць са мной у тандэме, знаходзяць адказы на пытанні, але і павыша­юць сваю інфармацыйную культуру, гістарычную дасведчанасць, што таксама вялікі плюс. Вядзецца дастаткова сур’ёзная даследчая работа, асабліва па гісторыі роднага краю — Свіслацкага раё­на. У супрацоўніцтве са Свіслацкім цэнтрам турызму і краязнаўства мной была распрацавана і апрабавана квест-гульня “Бягучы горад”, якая дазваляе дзецям больш даведацца пра сваю малую ра­дзіму.

— Гісторыя — не самы просты прадмет. Як удаецца зацікавіць ім дзяцей?

— Перш за ўсё нестандартнай падачай матэрыялу. Часам, каб растлумачыць дзецям нейкі гістарычны працэс, я малюю на дошцы. Малюнкі — мой маленькі лайфхак. Прапаноўваю дзецям перанесці малюнак у сшыткі. Так лепш усё запамінаецца. Выкарыстоўваю рэбусы, крыжаванкі, прэзентацыі, цікавыя факты з мінулага Беларусі і чалавецтва — і тады цішыня ў класе. Калі манатонна чытаць лекцыю, то заціка­віць прадметам не ўдасца. А разнастайнасць, паўторы, малюнкі, інтэрактыўныя метады дапамагаюць прывіць цікавасць да гісторыі, і дзеці пачынаюць разумець, што вывучаць прадмет проста неабходна. І не дзеля адзнакі, а для таго, каб ведаць мінулае, жыць сучаснасцю і думаць пра будучыню, не робячы памылак.

— Што для вас урок?

— Адкрыццё, прычым у першую чаргу для вучняў, а не для настаўніка. Адкрыццё і ў тым, што ніколі дакладна не ведаеш, як праявяць сябе дзеці, як успрымуць інфармацыю, на якіх момантах неабходна будзе зрабіць большы акцэнт. Адкрываеш для сябе іх магчымасці, імкненні, інтарэсы. Калі дзеці разам са мной паглыб­ляюцца ў гісторыю, ім становіцца цікава і яны хочуць яшчэ больш даведвацца пра тыя ці іншыя працэсы, значыць, урок прайшоў цудоўна. Магчыма, не заўсёды гэта атрымліваецца, але трэба старацца, каб нейкі цікавы момант на занятках быў. Калі дзеці гаво­раць дзякуй за ўрок, гэта высокая ацэнка для настаўніка.

— Якія мэты ставіце перад сабой?

 Далёка не загадваю, а сярод найбліжэйшых задач — паказаць дастойны вынік на рэс­публіканскім этапе конкурсу “Настаўнік года”, дасягаць новых вышынь з навучэнцамі, падтрымліваць аўтарытэт настаўніка, павагу да яго нялёгкай працы, а таксама выхоўваць у дзецях грамадзянскасць і патрыятызм, каб яны цвёрда ведалі, што нара­дзіліся ў адной з лепшых краін у свеце — Беларусі, каб заўсёды памяталі пра сваю малую радзіму, імкнуліся сюды, сваімі ведамі і справамі праслаўлялі яе і заўсёды ганарыліся тым, што яны беларусы. Гэта самае галоўнае.

Ірына АНІКЕВІЧ

 

Источник: https://nastgaz.by/