РУС БЕЛ ENG 中文

Чым будзе сёлета насычаны летні адпачынак дзяцей

20.06.2023

Правільнае лета — пад такім дэвізам праходзіць сёлета аздараўленчая кампанія. Чым насычаны адпачынак дзяцей, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі галіновага міністэрства Таццяна Асмалоўская.

— Таццяна Вітальеўна, пачалася аздараўленчая кампанія, і ўжо выбудаваны асноўны базіс для яе паспяховага правядзення. Якія арыенціры яна мае сёлета?

— Лета заўсёды асацыіруецца ў дзяцей з цікавым адпачынкам і бесклапотнасцю. Для дарослых у сферы адукацыі гэта напружаная пара, калі трэба арганізаваць разнастайны адпачынак і заахвоціць дзяцей цікавай справай. У аснове ўсіх гэтых задач стаіць найважнейшая — стварыць дзятве бяспечныя ўмовы адпачынку, каб нашы бацькі былі спакойныя, аддаючы дзяцей у прышкольныя лагеры альбо адпраўляючы ў стацыянарныя, магчыма, упершыню надоўга разлучыўшыся. Таму кіраўніцтва нашага міністэрства, кіраўнікі навучальных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з вялікай адказнасцю рыхтаваліся да правядзення аздараўленчай кампаніі.

З 1 чэрвеня ўстановы адукацыі сталі працаваць у летнім рэжыме і адкрылі свае аздараўленчыя лагеры. З першых дзён іх дзейнасці ўмовы знаходжання, праграма задаволілі выхаванцаў, і яны з радасцю іх наведваюць. На сёння ўсе загарадныя аздараўленчыя лагеры запоўнены на 100%, і шэраг iх бу­дзе працаваць у 5-зменным рэжыме. Створаны інтэрактыўныя інфармацыйныя карты, дзе змяшчаюцца падрабязныя даныя аб месцах дзіцячага адпачынку з інфармацыяй пра свабодныя месцы. Тэрмін адной дзённай змены — 18 рабочых дзён.

— Да пачатку аздараўленчай кампаніі ўсе летнія лагеры былі правераны рабочымі групамі на прадмет гатоўнасці і дзеяздольнасці. Які вынік?

— У гэтыя групы ўваходзілі прадстаўнікі сістэмы адукацыі, рэгіянальных цэнтраў аздараўлення, а таксама МНС, аховы здароўя, іншых зацікаўленых структур. Безумоўна, першае пытанне, якое хвалявала правяраючых, — стварэнне бяспечных умоў знаходжання дзяцей у лагеры. Былі абследаваны памяшканні, дзе будуць знаходзіцца дзеці: ці дастатковае асвятленне яны маюць, як будзе забяспечана належнае праветрыванне, ці бяспечна размешчаны зоны для гульняў і адпачынку. Для лагераў, якія наведваюць дзеці пачатковай школы, абавязкова павінны быць у наяўнасці пакоі, прызначаныя для дзённага сну. Правяралася, як у стацыянарных і лагерах дзённага знаходжання быў праведзены капітальны ці касметычны рамонт, як абнавілі мэблю, спартыўнае абсталяванне. Безумоўна, павышаная ўвага ўдзялялася харчаванню выхаванцаў лагераў. Абследаваны харчаблокі, іх абсталяванне, вывучаўся асартымент страў, як складалася меню. Засяроджвалася ўвага на рабоце гаспадарчай службы, якая павінна сачыць за пастаўкай і захаваннем прадуктаў, кантраляваць работу халадзільных установак. У цэнтры ўвагі было і пытанне выканання санітарна-­эпідэміялагічных норм, падтрымкі парадку, чысціні і стварэння камфортных умоў для дзяцей. Такім чынам, правераны кожны аб’ект, і ў выніку лагеры атрымалі станоўчую ацэнку арганізацыі сваёй дзей­насці. Увогуле, установам адукацыі гарадской і сельскай мясцовасці пастаўлена задача забяспечыць доступ дзяцей у басейны, спартыўныя залы, на стадыёны, гульнявыя пляцоўкі на працягу дня і вечарам. Летні матыў павінны займець праекты арганізацыі вольнага часу “Выходзь гуляць у двор” і “Дзень сельс­кага школьніка”, якія рэалізоўваюцца ў час вучобы і павінны плаўна перайсці пад эгіду летняй аздараўленчай кампаніі. Важна, каб кіраўнікі спартыўных, забаўляльных аб’ектаў з адказнасцю аднесліся да іх гатоўнасці і захавання бяс­пекі жыццядзейнасці школьнікаў.

— Якое метадычнае і інфармацыйнае забеспячэнне было распрацавана для аздараўленчай кампаніі?

— Уся неабходная інфармацыя па гэтай тэме размешчана на сайтах, парталах устаноў адукацыі, кіруючых органаў адукацыі. Галоўныя інфармацыйныя рэсурсы — tri-o.by і patriot.by. Асноўным аператарам правядзення аздараўленчай кампаніі і цэнтрам яе метадычнай падтрымкі традыцыйна з’яўляецца Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, куды ўваходзяць 15 раздзелаў і дзе закладзены агульныя палажэнні аб арганізацыі і правядзенні аздараўленчай кампаніі, акрэслены яе асноўныя кірункі, дадзены рэкамендацыі аб зместавым напаўненні летніх мерапрыемстваў, дзей­насці педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. У дапамогу распрацаваны іншыя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць арганізацыю і правядзенне адпачынку дзяцей. Цяпер гэтая сфера дзейнасці кіруецца пастановай Савета Міністраў № 662. Дарэчы, гэты дакумент плануецца ўдасканаліць да пачатку аздараўленчай кампаніі наступнага года. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі, на базе якіх адкрыты аздараўленчыя лагеры, павінны кіравацца ў сваёй дзейнасці загадам Міністэрства адукацыі № 233 ад 12 мая гэтага года “Аб арганізацыі аздараўлення дзяцей у летні пе­рыяд 2023 года”. Кожны пункт дакумента пакрокава рэгламентуе работу кіраўніцтва ў летні пе­рыяд. І гэта тычыцца не толькі аздараў­лення дзяцей у школьных альбо стацыянарных лагерах, але і далучэння да арганізаванага адпачынку тых дзяцей, якія не навед­ваюць аздараўленчыя лагеры.

Каля 377 тысяч дзяцей змогуць адпачыць у летнюю кампанію 2023 года ў 5,9 тысячы аздараўленчых лагераў Беларусі. Стацыянарных лагераў у краіне 146, у мінулым годзе было 145, а сёлета дабавіўся яшчэ адзін, арганізаваны ў Мінскай вобласці. Кошт пуцёўкі ў кругласутачны лагер складае 700 рублёў, у дзённы лагер — 170 рублёў. Бацькоўская аплата — 10% ад агульнай сумы. Павысіліся нормы на харчаванне.

— Хто працуе ў аздараўленчых лагерах?

— У большасці гэта педагогі ўстаноў адукацыі. Усе яны прайшлі адпаведную падрыхтоўку, інструктаж, атрымалі методыкі арганізацыі і правядзення аздараўлення. У аздараўленчай кампаніі задзейнічаны студэнты ўніверсітэтаў педагагічнага профілю, якія папярэдне прайшлі падрыхтоўку ў школах важацкага майстэрства. Хачу адзначыць, што такія школы — не разавыя аб’яднанні, а цыкл заняткаў для метадыстаў УВА, школ, абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Акрамя таго, студэнты будуць  працаваць у лагерах у складзе педагагічных атрадаў. Традыцыйна будзе право­дзіцца агляд-конкурс на лепшы аздараўленчы лагер. У рамках конкурсу ўводзіцца новая намінацыя “Лепшы важаты, лепшы выхавальнік аздараўленчага лагера”. Педагогі будуць прадстаўляць самапрэзентацыю, прапаноўваць новыя кірункі аздараўленчай кампаніі, свае праекты. У журы плануецца ўключаць педагогаў, бацькоў, студэнтаў і саміх выхаванцаў.

— Кожнае лета нашы кіраў­нікі, педагогі з асаблівым пачуццём і з вялікай адказнас­цю ставяцца да зместавага напаўнення аздараўленчай кампаніі, каб лета, якога дзеці чакаюць з нецярпеннем, ім надоўга запомнілася.

— Арганізатары аздараўлення рыхтаваліся да яго загадзя, улічвалі вопыт мінулых гадоў, скіроўваліся на самыя актуальныя кірункі выхаваўчай работы, каб праграма адпачынку склалася з непаўторных, захапляючых мерапрыемстваў. Мы імкнуліся ўлічваць інтарэсы нашай дзятвы, іх схільнасці, патрэбы, каб кожны мог знайсці сабе любімы занятак і цікава адпачыць. Урэшце праграма летняга адпачынку атрымалася вельмі насычанай, ахоп­лівае шматлікія кірункі, уключае забаўляльныя, спартыўныя мерапрыемствы, праекты інтэлектуальнай, краязнаўчай накіраванасці, працоўную занятасць. Кожны год у праграму ўключаюцца традыцыйныя і новыя мерапрыемствы, шмат культурных праектаў, якія будуць праводзіцца ў супрацоўніцтве з работнікамі культуры і прысвечаны папулярызацыі дасягненняў нашай краіны ў галіне культуры, мастацтва, у захаванні нацыянальнай спадчыны.

Сотні знакамітых людзей, артыстаў, грамадскіх дзеячаў, маладых вучоных, вядомых спартсменаў, медыйных асоб стануць гасцямі выхаванцаў аздараўленчых лагераў. Будуць арганізаваны дыялогавыя пляцоўкі, дзелавыя гульні, марафоны, акцыі, кінасеансы, кіналекторыі, экскурсіі ў музеі ваеннай і краязнаўчай тэматыкі. Пачаўся рэспубліканскі праект “Крок да поспеху”, дэвіз якога — “Гордасць за Беларусь”. Будуць арганізаваны маладзёжныя экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзін­ства”, праведзены акцыі па доб­раўпарадкаванні тэрыторый ля помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны, іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя Году міру і стварэння, прымеркаваныя да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаныя Дню Незалежнасці. У тэматыку выхаваўчых мерапрыемстваў уваходзяць патрыятычны, інфармацыйны, экалагічны, эканамічны, прававы кірункі — як кажуць, на любы густ.

— Які фармат аздараўленчай работы ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі?

— Установы дадатковай адукацыі рэспубліканскага і раённага ўзроўню летам будуць працаваць у штатным рэжыме і па поўнай праграме задзейнічаны ў аздараўленчай рабоце. Лагеры адпачынку арганізаваны там як для выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі, так і для іншых школьнікаў з найбліжэйшых раёнаў. Працягваюць сваю работу аб’яднанні па інтарэсах. Тыя дзеці, хто не займаўся гуртковай работай ва ўстановах дадатковай адукацыі на працягу навучальнага года, могуць цяпер запісвацца ў тыя аб’яднанні, якія для іх цікавыя і карысныя. Установы дадатковай адукацыі падрыхтавалі шмат выяз­ных мерапрыемстваў. На поўную моц падключыліся да летняй аздараўленчай кампаніі нашы флагманы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: Рэспубліканскі нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства падрыхтавалі шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё творчых талентаў дзяцей, павышэнне цікавасці да края­знаўства і экалогіі роднага краю. А Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк падрыхтаваў пазнавальную праграму для сваіх будучых навучэнцаў, якія хутка пяройдуць ад летніх лагерных змен да адукацыйных, што адкрыюцца ў гэтай установе ў новым навучальным годзе.

Адзін з прыярытэтаў нашага правільнага лета — далу­чаць да цікавых спраў, разнастайных мерапрыемстваў тых дзяцей, якія стаяць на індывідульным прафілактычным уліку, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і тых, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-сірот. Ніхто не застанецца без увагі ў летнія канікулы, мы прадаставім кожнаму дзіцяці паўнавартасны, запамінальны адпачынак.

— Як гэтым летам будуць працаваць профільныя лагеры?

— Сёлета адкрыта больш за 150 лагераў ваенна-патрыятычнага профілю з кругласутачным рэжымам знаходжання. Асноўная іх частка дзейнічае на базе вайсковых часцей, пагранічных застаў, падраздзяленняў МНС, МУС. У такія лагеры прымаюць школьнікаў фізічна загартаваных, якім падабаецца ваенная служба і якія бачаць сябе ваеннаслужачымі ў будучыні. Сёлета пашырыўся фармат і маштаб такіх лагераў. Жыццё ў іх набліжана да вайсковай службы і службы ў падраздзяленнях МНС. Школьнікі знаё­мяцца з тэхнікай, займаюцца адпрацоўкай страявой пад­рыхтоўкі, наведваюць заняткі на палігоне. Шэраг мерапрыемстваў правядуць супрацоўнікі МНС і на базе звычайных аздараўленчых лагераў.

— Акрамя адпачынку, важна арганізаваць летам і заня­тасць дзяцей.

— Гэты кірунак традыцыйны. І гэтым летам арганізаваны лагеры працы і адпачынку сумесна з аддзеламі адукацыі, цэнтрамі па працы і занятасці, прадпрыемствамі і арганізацыямі, якія прадастаўля­юць рабочыя месцы для школьні­каў. Звычайна гэта праца па азеляненні гарадоў і пасёлкаў, добра­ўпарадкаванні тэрыторый, простыя будаўнічыя работы. Дзеці за гэты час могуць выпрабаваць сябе фізічна, а таксама азнаёміцца на практыцы з прафесіяй, магчыма, зрабіць прафесійны выбар, а яшчэ зарабіць грошы. Разам з працай дзеці могуць удзельнічаць у розных пазнавальных, культурных, забаўляльных мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах, сустракацца з цікавымі людзьмі, выяз­джаць на экскурсіі.

Як бачна, мы імкнёмся стварыць для нашых дзяцей правільнае лета, цікавы, карысны, бяспечны адпачынак, які запомніцца ім надоўга. Спадзяюся, што нашы кіраўнікі, педагогі справяцца з гэтай задачай.

 

Источник: https://nastgaz.by/