РУС БЕЛ ENG 中文

Якія сюрпрызы для наведвальнікаў музея гісторыі Шчучыншчыны рыхтуюць удзельнікі студыі «Эцюд»

13.06.2023

Удзельнікі фальклорна-­этнаграфічнай тэатральнай студыі “Эцюд” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі ў вобразе князя Францішка Друцкага­-Любецкага і графіні Марыі дэль Кампа сустракаюць наведвальнікаў музея гісторыі Шчучыншчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Героі невыпадковыя: установа дадатковай адукацыі знаходзіцца ва ўнікальным будынку XIX стагоддзя — былым палацы Друцкіх-Любецкіх. Школьнікі разыгрываюць перад гасцямі сапраўдны спектакль па п’есе, напісанай іх педагогам Тарэсай Казіміраўнай Бялячыц.

— Быў аб’яўлены абласны краязнаўчы конкурс “Вулачкамі старадаўняга горада”, на які трэба было зняць відэапастаноўку, — успамінае Тарэса Бялячыц. — І дырэктар нашага Палаца творчасці Ірэна Дзегцярова прапанавала напісаць п’есу пра Друцкіх-Любецкіх, а потым паставіць яе і зняць на відэа. І я ўзялася за напісанне. Музея тады яшчэ не было, толькі ішла гаворка пра яго стварэнне. Цяжка давалася, трэба было пранікнуцца той эпохай, узнавіць падзеі, знайсці матэрыя­лы пра Друцкага-Любецкага. Ён ажаніўся са сваёй 14-гадовай пляменніцай Марыяй Сцыпіён дэль Кампа для таго, каб яе вялікая маёмасць засталася ў сям’і. Мы ў п’есе не маглі расказаць пра такія меркантыльныя матывы князя, таму зрабілі галоўнай гераіняй Марыю, яе захапленне сваім дзя­дзькам, які з узнагародамі вярнуўся з альпійскага пераходу Суворава. П’есу назвалі “Не ў кожнага жонка Марыя…”. Касцюмы для герояў стварылі навучэнцы ўзорнай студыі моды “Гармонія” разам з педагогамі Таццянай Ліньковай і Аленай Чашчэвік.

П’еса ўдалася, пацвярджэнне таго — прызавое месца на абласным этапе рэспуб­ліканскага конкурсу распрацовак літаратурнага матэрыялу для дзіцячага тэатра. А зняты на яе аснове відэафільм атрымаў дыплом І ступені ў абласной краязнаўчай экспедыцыі “Вулачкамі старадаўняга горада”.

Так здарылася, што адна пастаноўка дала жыццё цэламу калектыву. Напачатку Тарэса Казіміраўна шукала таленавітых дзяцей у школах, у іншых студыях Палаца творчасці, нехта прыйшоў сам. Да таго ж дзеці павінны былі быць рознага ўзросту, бо па сюжэце Марыя і яе сяброўкі падраста­юць, таму ролі выконвалі і малодшыя школьнікі, і старэйшыя. П’есу развучылі і знялі на відэа, а дзеці ў студыі засталіся.

Пастаноўка і далей мае свайго гледача. Часцей за ўсё ў іх якасці выступа­юць наведвальнікі музея, школьнікі альбо турысты з розных месцаў Беларусі. Выхаванцы студыі “Эцюд” дапамагаюць экскурсаводам, але не проста расказваюць пра гістарычныя па­дзеі, а паказваюць тэатралізаваную пастаноўку, прывязаную каранямі да Шчучыншчыны, палаца, у якім яно адбы­ваецца. Маленькім наведвальнікам музея студыйцы паказваюць пачатак п’есы, развуч­ваюць з імі гульні. Для дзяцей сярэдняга ўзросту арганізоўваюць квест, хаваюць білеты з рознымі пытаннямі, на якія трэба даць адказ, адшукаўшы іх. Для дарослых і вучняў старшых класаў прыдумалі іншыя заданні — адным словам, ва­рыянтаў шмат.

— Наведвальнікам музея складана паказаць п’есу цалкам, таму мы спыняемся на нейкіх асобных урыўках, — дзеліцца Т.К.Бя­лячыц. — Таксама сталі дапаўняць выступленні гульнямі таго часу сялянскіх дзяцей. Даведаліся пра гульні ад старажылаў, штосьці прачыталі. Робім у п’есу, напрыклад, такую ўстаўку, калі прыходзіць служанка і кажа: “А давайце, дзеці, я вам раскажу пра вясковую гульню” — і развучвае яе з дзецьмі. Удзельнікі студыі паказваюць элементы гульні, а потым развучваюць іх з усімі наведвальнікамі. У час выступленняў часам праводзім майстар-класы, вучым, як прайсці праз бальную залу, як маладому чалавеку запрасіць даму на танец. Дзеці заахвочваюцца і з задавальненнем удзельнічаюць. Выкарыстоўваем прэзентацыі на мультыбордзе.

Тэатральную студыю наведваюць школьнікі ад 1 да 11 класа. Адны “эцюдаўцы” падрастаюць, пакідаюць калектыў, на іх месца прыходзяць іншыя. У гэтым го­дзе выпускнікі Дзмітрый Хрыбтовіч і Максім Місюк, якія некалькі гадоў выконвалі ролю князя. Пачыналі з ролі маленькага сябра Марыі, а падрасталі — і ўвасабляліся ў вобразы старэйшых персанажаў.

— Вельмі добра, што мае “эцюдаўцы” могуць замяніць адно аднаго, ахвотна бяруцца за розныя ролі. Ксюшу Антановіч прывёў бацька, калі яна толькі пайшла ў 1 клас. Таленавітая дзяўчынка адна магла завесці гульнямі цэлую групу пачаткоўцаў, ёй не трэба было дапамагаць. А цяпер яна наогул стала зоркай, наведвае вакальную студыю, танцавальны калектыў, пачала вучыцца ігры на гітары, і на ўсё ў яе хапае часу. Дарэчы, заняткі ў студыі дапамага­юць дзецям і ў школьным жыцці, станоўча ўплываюць на іх унутраны свет.

Напрыклад, Дзіма Хрыбтовіч падкрэс­лівае, што работа ў студыі дала яму магчымасць развівацца. Таня Шарай, апантаная актрыса, сцвярджае, што ў жыцці яна адчувае сябе рамантычнай, гордай і вольналюбівай Марыяй. Арцём Шулейка ўсё часцей становіцца вядучым у школе. Максім Місюк і Серафіма Грэцкая прыдумваюць розныя ўстаўкі ў сюжэт. Аня Шышабарава і Арцём Лісай могуць імгненна ператварыць у прыгожую імправізацыю нейкую замінку. Выпускнік студыі Максім Гудач у гэтым годзе заканчвае факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. Педагагічную спецыяльнасць выбрала пры паступленні ў гэтую ж установу Соф’я Кузняцова. Саша Смаленская прыйшла ў студыю сямікласніцай, зараз заканчвае медыцынскі каледж, — расказала Тарэса Казімі­раўна.

Выхаванцы фальклорна-этнаграфічнай тэатральнай студыі ўдзельнічаюць у шматлікіх літаратурных, тэатральных конкурсах, атрымліваюць узнагароды, а кіраўнік Т.К.Бя­лячыц — у конкурсах метадычнага напрамку. Пераважная большасць яе работ звязана з дзейнасцю студыі ў музеі, распрацоўкай музейных заняткаў.

 

Источник: https://nastgaz.by/