РУС БЕЛ ENG 中文

Як здаць ЦЭ на 100 балаў — вопытам дзеліцца Суботніцкая сярэдняя школа

13.06.2023

Два стабальныя вынікі на цэнтралізаваным экзамене і перамогу ва ўніверсітэцкай алімпіядзе атрымаў выпускнік Суботніцкай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Вадзім Муліца. Збылася яго мара стаць студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Найвышэйшыя балы Вадзім атрымаў на ЦЭ па беларускай мове і біялогіі:

— Па біялогіі рыхтаваўся сам, а па беларускай мове — на школьных факультатывах. Вельмі ўдзячны Ганне Францаўне Рамук, якая выкладае біялогію, і Генадзю Станіслававічу Кату — настаўніку беларускай мовы. Мне вельмі падабаецца біялогія, таму займацца нескладана, сам дома гляджу відэаўрокі, выконваю тэсты, шмат чытаю. Калі даведаўся пра ўніверсітэцкую алімпіяду, неяк адразу не адважыўся на ўдзел, дапамагла прыняць такое рашэнне бабуля. Паспяхова прайшоў першы анлайн-этап і прыняў удзел у другім на базе ўніверсітэта. Заданні ў асноўным тычыліся школьнай праграмы, некаторыя складаныя, але я справіўся. І ўсё ж перамога ў спаборніцтве стала для мяне нечаканай, аднак не пераставаў рыхтавацца да экзаменаў. Прыемна ведаць, што стану студэнтам медыцынскага ўніверсітэта, яшчэ ў 9-м класе вырашыў, што хачу стаць хірургам.

Г. Рамук на працягу некалькіх гадоў займаецца з навучэнцамі агракласа, дзе біялогія вывучаецца на павышаным узроўні.

— Спачатку вывучаем тэорыю, потым праходзім шмат тэстаў, бяру іх не толькі са зборнікаў, складаю таксама сама, — гаворыць педагог. — У гэтым годзе ўкараніла Google-клас. Дзеці маглі зайсці ў спецыяльны кабінет «Падрыхтоўка да ЦЭ», у якім я размяшчала тэарэтычныя заданні, схемы, табліцы, тэсты. У такім выглядзе матэрыял хутчэй запамінаецца. Ды і школьнікам было зручна працаваць, атрымліваць дадатковую інфармацыю.

Г. Кот працуе з сённяшнімі выпускнікамі з сёмага класа, а з пачатку гэтага навучальнага года сталі грунтоўна рыхтавацца да цэнтралізаванага экзамену.

Вадзім Муліца з мамай Святланай Феліксаўнай і настаўнік Г.С. Кот

— Гэта мой першы вопыт падрыхтоўкі адзінаццацікласнікаў. Працавалі не толькі на ўроку, але і на факультатыве, у вячэрні час і на канікулах, шмат займаліся індывідуальна. Паступова выпрацавалі свой алгарытм, не столькі завучвалі правілы, як працавалі над тэстамі, і гэта дало такі добры вынік. Вадзім Муліца вельмі адказна адносіўся да ўрокаў, наведваў усе дадатковыя заняткі. Ён паставіў перад сабой мэту атрымаць на ЦЭ найвышэйшы бал і старанна працаваў. Яго адказнасць і ўпартасць дазволілі дасягнуць пастаўленай мэты. Мы разбіралі заданні цэнтралізаванага тэсціравання мінулых гадоў, працавалі над кожнай памылкай, — расказаў настаўнік.

Увогуле, з 8 выпускнікоў 11-га класа адзін здаваў рускую мову (атрымаў 10), а 7 — беларускую. Вынікі экзамену вельмі парадавалі настаўніка беларускай мовы і літаратуры: 2 васьмёркі, 3 дзявяткі і 2 дзясяткі. Высокія адзнакі атрымалі выпускнікі і па біялогіі, дарэчы, гэты прадмет здавалі чацвёра.

Дырэктар Суботніцкай сярэдняй школы Лідзія Носуль таксама пацвердзіла, што ў сёлетнім 11-м класе вучыліся вельмі самастойныя, сур’ёзныя дзеці, педагогі нават не хваляваліся за іх вынікі на экзаменах.

— Тандэм «настаўнік — навучэнец», калі зацікаўлены кожны з іх, дае добры вынік, — упэўнена дырэктар. — Гэта не назавеш шанцаваннем, калі навучэнец сельскай школы атрымлівае перамогу на алімпіядзе ў медыцынскім універсітэце сярод амаль 200 удзельнікаў. Стабальныя вынікі на цэнтралізаваных экзаменах Вадзіма Муліцы толькі пацвердзілі грунтоўныя веды маладога чалавека і правільна пабудаваную сумесную работу педагога і вучня.

 

Источник: https://nastgaz.by/