РУС БЕЛ ENG 中文

Начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама: «Настаўнік — пачатак усяго, пачатак любой прафесіі»

13.06.2023

Пра тое, з якімі вынікамі падышла сістэма адукацыі Смаргоншчыны да канца навучальнага года, а таксама пра падрыхтоўку да летняй аздараўленчай кампаніі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама Святлана Шчастная.

“Мая Смаргонь”

— Заўсёды вялікая ўвага ў нас удзяляецца выніковасці выступлення каманды раёна на рэс­публіканскай алімпіядзе, — дзеліцца Святлана Анатольеўна. — Сёлета ў нас на раённым і абласным этапах 19 дыпломаў. Разумеем, што патэн­цыял у нас ёсць, аднак добра ведаем, што і канкурэнцыя вялікая. У заключным этапе алімпіяды бралі ўдзел 7 навучэнцаў Смаргоншчыны, двое з іх заваявалі дыпломы — абодва па беларускай мове і літаратуры. Так, Настасся Ванеева, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні (педагогі — Валянціна Мечыславаўна Лукошка, Валянціна Іосіфаўна Вайнілка і Людміла Пятроўна Пашкевіч), атрымала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе алімпіяды. Другая ўдзельніца алімпіяды, навучэнка 9 класа Крэўскай сярэдняй школы Ганна Капыш (педагог — Валянціна Іосіфаўна Кайрыс), заваявала дып­лом ІІ ступені, і мы спадзяёмся, што за 2 школьныя гады выхаваем з яе пераможцу рэспубліканскай алімпіяды. 

Нядрэнныя вынікі паказалі і юныя спартсмены. Так, у Сыраваткінскай базавай школе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя працуе Іван Эдвардавіч Грыцкевіч, 1947 года нараджэння. Гэта прыклад настаўніка, усёй душой адданага педагагічнай працы. Штогод педагог рыхтуе лыжную каманду, і яго навучэнцы з зайздросным пастаянствам паказваюць добрыя  вынікі ў гэтым відзе спорту, уваходзяць у склад абласной каманды, а сёлета навучэнка Дзіяна Пятроўская стала членам рэспубліканскай каманды.

Радуюць дасягненні і ў выхаваўчай рабоце. У Жодзішкаўскай сярэдняй школе дзейнічае ўзорны фальклорны калектыў “Нальшчаначка”, якім кіруе настаўніца музыкі Кацярына Віктараўна Дудзінская. Яна, як і Іван Эдвардавіч Грыцкевіч у Сыраваткінскай школе, — з тых людзей, на якіх трымаецца калектыў, стрыжань. “Нальшчаначка” — пастаянны ўдзельнік буйных музычных форумаў, у яго складзе дзеці розных узростаў, ад самых маленькіх вучняў да выпускнікоў. Удзельнікі калектыву іграюць на беларускіх музычных інструментах, спяваюць, танцуюць. У конкурсе “Прывітанне, свет!” калектыў заваяваў у гэтым годзе 1-е месца. Дарэчы, у названым конкурсе смаргонскія калектывы і навучэнцы, што выступаюць індывідуальна, сёлета атрымалі 15 дыпломаў рознай вартасці.

17 чэрвеня ў Смаргоні будзе вялікае свята — 520-годдзе горада, таму нашы ўстановы адукацыі на працягу года рэалізоўваюць праекты, прысвечаныя гэтай тэме. Адзін з праектаў — “Мая Смаргонь”, які сумесна з установамі адукацыі рэалізоўвае раённы цэнтр творчасці.

— Святлана Анатольеўна, якія спецыяльнасці выбіраюць сёлета выпускнікі раёна?

— Дзеці выбіраюць установы вышэйшай адукацыі тэхнічнай, медыцынскай, педагагічнай накіраванасці. На сёння заключана 12 мэтавых дагавораў на падрыхтоўку па педагагічных спецыяльнасцях. Лічу, што адукацыя — тая сфера, якая патрабуе абавязковага ўлівання маладой “крыві”. Рыхтаваць сабе змену варта пачынаць не з 11 класа, а значна раней, вылучаць такіх дзяцей і весці іх да выбару педагагічнай прафесіі. Прычым адзначу такую тэндэнцыю: усё часцей моладзь сярод педагагічных спецыяльнасцей выбірае прафесію педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага, сацыяльнага педагога. Традыцыйна выпускнікі выбіраюць філалагічныя спецыяльнасці і прафесію настаўніка пачатковай школы, усё радзей — спецыяльнасці настаўніка матэматыкі, інфарматыкі, фізікі.

Заўважаем, цэнім, падтрымліваем

— Як у раёне наладжана работа з маладымі спецыялістамі?

— Настаўнік — пачатак усяго, пачатак любой прафесіі. Узровень замацавальнасці маладых спецыялістаў у нас нядрэнны, у мінулым годзе ён складаў звыш 88 працэнтаў. Да таго ж з’язджаюць ад нас маладыя спецыялісты ў сувязі са змяненнем сямейнага статусу: дзяўчаты выходзяць замуж. Шкада адпускаць перспектыўных спецыялістаў, але вельмі прыемна атрымліваць добрыя водзывы аб іх рабоце на новым месцы. Значыць, малая радзіма выхавала дастойных людзей у прафесіі, якімі можна ганарыцца.

Ведаеце, як і ў любой прафесіі, усё залежыць ад чалавека. У Жодзішкаўскай сярэдняй школе настаўнікам-дэфектолагам працуе Вераніка Станіславаўна Трушкова, якая знаходзіцца ў банку даных адоранай моладзі. Гэта актыўны, яркі чалавек, які гарыць сваёй працай. Гляджу на яе і разумею, што менавіта такой моладзі я б даверыла сваю будучыню. І такіх маладых спецыялістаў да нас прыходзіць нямала, мы іх заўважаем, цэнім, падтрымліваем.

— Цікава даведацца пра летнюю аздараўленчую кампанію…

— Адкрыліся лагеры з дзённым знаходжаннем на базе школ, прычым яны традыцыйна бу­дуць працаваць у дзве змены. Самы вялікі кругласутачны раённы летнік “Арляня” будзе працаваць у 4 змены па 170 дзяцей. У лагеры актыўна праходзяць важацкую практыку студэнты, летась мы нават паспрабавалі стварыць студэнцкі атрад. Будуць дзейнічаць кругласутачныя дзевяцідзённыя лагеры, напрыклад, палатачна-турыстычны лагер “Берандзеі”, які арганізоўвае цэнтр творчасці. Юныя “берандзеі” разбіваюць лагер на беразе возера Свір Мядзельскага раёна. У мінулым годзе было вельмі шмат жадаючых адпачыць у гэтым лагеры. Таксама ўжо другі год мы цесна ўзаемадзейнічаем з ваеннай часцю 2044, цэнтрам падрыхтоўкі пагранічных войскаў, арганізоўваем сумесны лагер. Дзеці жывуць у казармах, дзе маюць магчымасць паспытаць сапраўднага салдацкага жыцця.

— Чым плануеце заняць летам навучэнцаў, якія маюць патрэбу ў асаблівым педагагічным кантролі?

— Для такіх дзяцей распрацоўваецца так званая дарожная карта летняга адпачынку. Нам важна пракантраляваць занятасць гэтых дзяцей на працягу ўсіх трох летніх месяцаў. Зразумела, яны наведваюць прышкольныя лагеры, калі ёсць магчы­масць, то накіроўваем іх у “Арляня”. Праўда, ёсць сем’і, дзе бацькі з-за цяжкага фінансавага становішча не маюць магчымасці набыць пуцёўку ў летнік для свайго дзіцяці, нават з улікам дзяржаўных датацый. Тады мы накіроўваем хадайніцтвы ў мясцовыя прадпрыемствы, каб яны аказалі адрасную дапамогу сям’і ў набыцці пуцёўкі ў летнік для дзіцяці. Паколькі я з’яўляюся старшынёй раённага аддзялення Беларускага фонду міру, то выходжу з такімі ж хадай­ніцтвамі і на буйныя грамадскія арганізацыі, каб аздаравіць летам кожнае дзіця. Акрамя таго, падлеткі з падуліковых катэгорый працуюць у студэнцкіх атрадах, наведваюць гурткі і аздараўленчыя пляцоўкі на базе ўстаноў адукацыі.

— Якія планы на новы навучальны год?

— Плануем завяршыць капітальны рамонт спартыўнай пляцоўкі на базе гімназіі Смаргоні, дзе з’явіцца варкаўт-пляцоўка разам з баскетбольнай. На чарзе — капітальны рамонт у адным з гарадскіх дзіцячых садоў. Мне як кіраўніку хочацца, каб мы толькі прыбаўлялі, паляпшаючы свае пазіцыі ў абласным рэйтынгу. 

 

Источник: https://nastgaz.by/