РУС БЕЛ ENG 中文

У падарожжа на цягніку Памяці адправяцца 200 дзяцей з чатырох краін

09.06.2023

У падарожжа на цягніку Памяці адправяцца 200 дзяцей з чатырох краін. Стартуе састаў у Брэсце 22 чэрвеня, а завершыцца тур у ліпені, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Адметнасць сёлетняга праекта “Цягнік Памяці” — удзел у ім, акрамя расійскіх і беларускіх старшакласнікаў, школьнікаў з Арменіі і Кыргызстана, — расказвае арганізатар акцыі намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Дзмітрый Туронак. — Гэта праект культурна-адукацыйны, ініцыіраваны Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай і спікерам Савета Федэрацыі Расіі Валянцінай Мацвіенка. Галоўная мэта — каб дзеці помнілі подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Нам сёння як ніколі трэба выхоўваць патрыётаў, а без памяці пра тыя страшныя падзеі зрабіць гэта немагчыма. Як кажуць, народ без памяці асуджаны на знікненне. Вельмі важна таксама наладжваць зносіны паміж моладдзю.

Выпадковых пасажыраў на цягніку няма. Атрымаць права пры­няць удзел у праекце было не так проста: лепшых дзесяцікласнікаў адбіралі па выніках рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, хаця жадаючых былі тысячы. На цягніку Памяці паедуць дзеці, якія маюць найвышэйшыя паказчыкі ў вучобе, спорце, удзельнікі грамадска-патрыятычных праектаў, вучні кадэцкіх класаў, члены маладзёжнага парламента.

— Заяўкі падалі 11 300 школьнікаў з 2075 устаноў адукацыі, — удакладняе Дзмітрый Туронак. — Конкурс праходзіў з лістапада па люты. У  пасажыраў будзе спецыяльная экіпіроўка. Яна ўключае лагатып цягніка Памяці, які ў гэтым годзе змяніўся: зараз на ім 4, а не 2 сцягі. Усіх дзяцей размяркуюць па 4 атрадах (яны будуць фарміравацца з прадстаўнікоў розных краін), і ў кожнага будзе свой колер формы.

Гэты тур Памяці для ўсіх экскурсантаў стане адначасова і займальным, і выхаваўчым: дзеці больш даведаюцца пра па­дзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра трагедыю нашых народаў. Дарэчы, фармат падарожжа на цягніку для такога праекта аптымальны. Ён дазваляе паміж прыпынкамі паразважаць над убачаным, абмеркаваць інфармацыю, падзяліцца думкамі са спадарожнікамі, знайсці новых сяброў. Усяго плануецца праехаць каля 15 гарадоў Беларусі і Расіі. У кожным пункце школьнікі наведаюць памятныя месцы, музеі, знакавыя мемарыяльныя комплексы, культурныя аб’екты, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.

Ва ўсіх рэгіёнах Расіі і Беларусі, куды завітае цягнік Памяці, для дзяцей рыхтуюць пазнавальныя экскурсіі. Моладзь прыме ўдзел у шматлікіх акцыях, мітынгах Памяці.

— Я ездзіла на цягніку Памяці ў мінулым годзе — эмоцыі неперадавальныя, на ўсё жыццё, — расказвае старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БРПА педагог-арганізатар Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Аксана Сіраж. — Нізкі паклон стваральнікам гэтага праекта. Немагчыма забыць слёзы дзяцей, калі мы наведвалі музейны комплекс “Дарога памяці. 1418 крокаў да Перамогі” ў Падмаскоўі ці мемарыяльны комплекс на месцы канцлагера ў вёсцы Чырвоны Бераг у Жлобінскім раёне.  У гэтым го­дзе мне, як і дзецям, вельмі цікава паглядзець новы маршрут. Доб­ра, што ў адным вагоне побач будуць ехаць школьнікі з Чукоткі, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Гомеля, Мінска… Падчас паездкі яны пазнаёмяцца, многія стануць сапраўднымі сябрамі.

 

Источник: https://nastgaz.by/