РУС БЕЛ ENG 中文

Якія патрыятычныя праекты аб’ядноўваюць навучэнцаў сярэдняй школы № 3 Гродна, расказала Алена Ермашкевіч

09.06.2023

Кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні Алена Браніславаўна Ермашкевіч больш як 30 гадоў працуе ў сярэдняй школе № 3 імя В.М.Усава Гродна. Доўгі час была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а сёння гадуе сапраўдных патрыётаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Алена Браніславаўна стаяла ля вытокаў адкрыцця ва ўстанове адукацыі ваенна-патрыятычных класаў, з’яўляецца кіраўніком змены ў летнім ваенна-­патрыятычным лагеры, ініцыятарам патрыятычных акцый і мерапрыемстваў, шматлікіх праектаў і цікавых спраў і нават напісала словы да школьнага гімна кадэтаў.

Яе тата — ваенны, афіцэр у адстаўцы, мама заканчвала педагагічны інстытут, цётка — заслужаны настаўнік, дзед — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, у мірны час пайшоў у педагогіку, выкладаў геаграфію, быў дырэктарам школы ў Мінскай вобласці. Другі дзед у 1941 годзе пайшоў на фронт і прапаў без вестак.

Выхаванай у сям’і ваеннага, у школьныя гады дзяўчынцы давялося вучыцца ў розных гарадах Савецкага Саюза. Жаданне стаць філолагам прывяло яе ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Дыпламаваным спецыялістам яна прыйшла ў Індурскую сярэднюю школу Гродзенскага раёна, потым працавала ва ўстановах адукацыі Гродна. У сярэднюю школу № 3 трапіла ў 1991 годзе, ужо тады школа насіла імя Віктара Усава. Таленавітага педагога заўважылі і прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, але згадзілася не адразу. І толькі пасля таго, як у 2001 годзе стала пераможцай раённага этапу конкурсу “Настаўнік года”, заняла пасаду. Вельмі ўдзячна педагогам Алене Пятроўне Акімавай і Любові Сяргееўне Сярогінай, калегам, якія сталі для яе галоўнымі настаўнікамі.

— Паколькі школа насіла імя В.М.Усава, я паставіла для сябе задачу прадоўжыць супрацоўніцтва з Гродзенскай пагранічнай групай, заставай імя В.М.Усава, — расказала Алена Ермашкевіч. — З 2002 года мы пачалі ездзіць на заставу. У наступным годзе ініцыіравала там ваенна-патрыятычны лагер “Усавец”. З таго часу ён штогод збірае нашых юнакоў і дзяўчат. Спачатку курыравала яго, а з 2009 года з’яўляюся дырэктарам. Тыя, хто бываў у гэтым лагеры, ужо сваіх дзяцей прывялі ў нашу школу. У гэтым годзе дзве змены пройдуць на базе камендатуры “Парэчча” і вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы.

Ужо тады Алена Браніславаўна марыла арганізаваць ваенна-патрыятычныя класы. Калі дырэктарам школы стала Ірына Іосіфаўна Коўшык, ідэя рэалізавалася. У 2015 годзе ў школу прыйшоў ветэран пагранічнай службы палкоўнік Раман Іванавіч Баўфалік. Пэўны час ён выкладаў у Інстытуце пагранічнай службы. Алена Ермашкевіч з 2021 года стала кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Сёння яны працуюць разам. Пачыналі з двух класаў (56 чалавек), а сёння гэта ўжо 6 класаў (134 чалавекі), у наступным навучальным годзе адкрыецца яшчэ адзін. Іх выпускнікі вучацца ў Інстытуце пагранічнай службы, Акадэміі МУС, Ваеннай акадэміі, слу­жаць у войсках.

— Працаваць лёгка, бо ў нас калектыў аднадумцаў на чале з дырэктарам — мэтанакіраваным чалавекам, які падтрымлівае любыя ініцыятывы, умее наладж­ваць адносіны з зацікаўленымі структурамі. Мы супрацоўнічаем са многімі вайсковымі часцямі, установамі адукацыі і культуры, і, безумоўна, сяброўскія сувязі склаліся з Гродзенскай пагранічнай групай — яны былі нашымі памочнікамі ў адкрыцці ваенна-патрыятычных класаў, — падзялілася А.Б.Ермашкевіч.

Вялікую падтрымку аказваюць класныя кіраўнікі. Незаменны чалавек у камандзе — педагог дадатковай адукацыі харэограф Аляксандра Іванаўна Карпей­чык. Яна ставіць харэаграфічныя кампазіцыі з ваенна-патрыятычнымі класамі і нават вядзе ў іх страявую падрыхтоўку. Усаўскае братэрства праяўляецца не толькі ў тым, што вучні ўмеюць маршыраваць, самае важнае, што гэта абуджае ў дзецях узаемавыручку, пачуццё локця.

Шматлікія праекты аб’ядноўваюць школьнікаў з 1 па 11 клас. Праект “Памяці героя верныя” спачатку рэалізоўваўся толькі на базе школы, потым да яго далучыліся іншыя ўстановы адукацыі, падтрымку аказаў Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. У 2022 годзе праект набыў статус адкрытага абласнога, цяпер у ім прымаюць удзел 15 каманд з усёй Гродзеншчыны. Навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў паказваюць свае навыкі і ўменні таксама ў рамках праектаў “Мужнасць праз годнасць” да Дня абаронцаў Айчыны і “Ведаем. Памятаем. Шануем” да Дня Перамогі.

Папулярнай ва ўстанове адукацыі стала гульня “Хачу ў “Зубраня”. Навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў удзельніча­юць у конкурсах, якія арганізоўвае Інстытут пагранічнай службы. У гэтым го­дзе па­змагаліся за лепшы музычны твор, прадставіўшы “Гімн кадэтаў” на словы А.Б.Ермашкевіч і музыку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце К.В.Біруковай, і былі ўзнагароджаны дыпломам II ступені.

Справядліва гавораць, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. Мой бацька ўсё жыццё служыць Айчыне, афіцэр у адстаўцы. Мама таксама патрыёт. І я ўвабрала ў сябе пачуццё гордасці за Радзіму, край, дзе жыву.

А.Б.Ермашкевіч — пастаянная ўдзельніца рэспубліканскіх і абласных метадычных выстаў педагагічнага вопыту, уладальніца дыпломаў розных ступеней. Яна ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Работа педагога адзначана граматамі Міністэрства адукацыі, падзякамі начальніка Інстытута пагранічнай службы, камандзіра Гродзенскай пагранічнай часці, старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Яна лаўрэат прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта ў намінацыі “Праца педагога як служэнне”.

— Справядліва гавораць, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт, — упэўнена Алена Браніславаўна. — Я з сям’і патрыётаў. Мой бацька ўсё жыццё служыць Айчыне, афіцэр у адстаўцы, у 60 гадоў пачаў пісаць вершы, выдаў не адзін зборнік сваіх твораў, лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко ў галіне культуры. Мая мама таксама патрыёт. І я ўвабрала ў сябе пачуццё гордасці за Радзіму, край, дзе жыву. Стараюся да­несці гэтыя каштоўнасці да дзяцей.

 

 

Источник: https://nastgaz.by/