РУС БЕЛ ENG 中文

Якія цікавыя формы работы з дзецьмі выкарыстоўваюцца на летніх канікулах

07.06.2023

Якія цікавыя формы работы з дзецьмі выкарыстоўваюцца ў летні перыяд? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.


 

Вольга СІМАНОВІЧ, дырэктар альшанскай сярэдняй школы № 2, Брэсцкая вобласць:

— Па традыцыі на базе нашай школы функцыянуе летні лагер. Сёлета 140 навучэнцаў правя­дуць першы месяц лета ра­зам з намі. Мы прысвяцілі тры тыдні рознай тэматыцы. Першы пройдзе пад дэвізам “Здорава жыць здарова”. У планах — правядзенне лекцый аб здаровым харчаванні. Разам з педагогамі дзеці навучацца гата­ваць салаты, мусы і карысныя кактэйлі. Яшчэ будзе функцыяна­ваць касметычны салон. Мы лічымся агурочнай сталіцай, таму маскі бу­дзем ра­біць з агурка. Другі тыдзень прадоў­жыць тэматыку здароўя, але ўжо ў спартыўным кірунку. А трэці будзе ўключаць насычаную экскурсійную праграму. Вучні 1—4 класаў упершыню адправяцца ва ўрочышча Стасіна пагля­дзець на мема­рыял і ўшанаваць па­мяць тых, хто там спачывае. А гэта 12 з паловай тысяч чалавек, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ плануем наведаць Давыд-Гарадок. Мясцовы музей гісторыі запрасіў нас.


Таццяна САВІЦКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 37 Магілёва:

— Летнія ка­нікулы складаюць значную частку вольнага часу дзяцей. Гэты перыяд найбольш спрыяльны для развіцця іх творчага патэнцыялу, удасканалення асобасных магчымасцей, далучэння да культурных каштоўнасцей. Педагагічны калектыў імкнецца рабіць усё магчымае для ўдасканалення сістэмы летняй працы і адпачынку дзяцей. Ключавая ідэя нашай педагагічнай канцэпцыі — станаўленне і выхаванне асобы, здольнай быць стратэгам уласнага жыцця. У сярэдняй школе № 37 Магілёва гэтым летам арганізавана работа аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Сонейка” з двума профільнымі атрадамі — “Лінгвісцяня” і “Экскурсаводы”. Таксама паралельна працуе лагер працы і адпачынку “Парасткі” па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, функцыянуе інтэрактыўная пляцоўка “Арт-тэрыторыя”, у якую ўваходзяць эрудыт-кафэ “Кнігалюб”, хобі-цэнтр “ГульняГрад”, музычная гасцёўня “Адгадай мелодыю”, дыскаклуб “Дэнс-батл”, мастацкая майстэрня “Фарбы свету на мальбертах”, розныя аб’яднанні па інтарэсах і чароўная кіназала Нязнайкі.


Святлана ПАЧОБУТ, дырэктар Радунскай сярэдняй школы, Гродзенская вобласць:

— Летні адпа­чынак — гэта разумнае спалучэнне вольнага часу і працы, спорту і творчасці. Зыходзячы з гэтага, мы плануем у нашай установе адукацыі летняе аздараўленне навучэнцаў. У рамках школьнага аздараўленчага лагера выхаванцам будзе прадастаўлена магчымасць бліснуць сваімі ведамі ў галіне спорту, прыняўшы ўдзел у займальным квізе “Усё пра спорт” і турніры “Алімпійцы сярод нас”. Традыцыйным стаў штогадовы велапрабег “Памятай імя сваё”. Маршруты мяняюцца, але заўсёды ўключаюць месцы баявой славы Воранаўскага раёна. Такім чынам дзеці аддаюць даніну павагі пакаленню пераможцаў. З мэтай удасканалення спартыўнага майстэрства юных футбалістаў — членаў аб’яднання “Мой футбольны клуб”, запланавана таварыская сустрэча па міні-футболе з выхаванцамі спартыўнага лагера ад Воранаўскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Вучні нашай школы вельмі любяць актыўны адпачынак на прыродзе, таму ў канікулярны час часта выбіраюцца ў палатачны лагер. І гэта нядзіўна, бо дзеці право­дзяць час на свежым паветры цікава і з карысцю, напрыклад, прымаючы ўдзел у гульні-спаборніцтве “Вяровачны забег” у спецыяльна абсталяваным вяровачным парку. Лічу, што ўсе запланаваныя мерапрыемствы будуць спрыяць абуджэнню ў дзяцей духу прыгод і атрыманню зараду станоўчых эмоцый.


Вольга РОЎГАЧ, настаўніца матэматыкі, кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў дакладных навук сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава Гродна:

— На базе нашай навучальнай установы адкрыты азда­раўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Сонейка”. З мэтай умацавання здароўя дзяцей традыцыйна праводзяцца мерапрыемствы на свежым паветры, кінезія- і рэфлексатэрапія, загартоўванне, паходы і спартыўныя гульні, арганізавана наведванне басейна. Аздараўленчае плаванне і навучанне правілам паво­дзін на вадзе праводзяць нашы кваліфікаваныя спецыялісты. На канікулах вучні наведа­юць мерапрыемствы “Летняга экспрэса”. На працягу дня дзеці бу­дуць гуляць па станцыях рознай тэматыкі: творчай, фізкультурна-аздараўленчай і інтэлектуальнай. Да таго ж вучэбна-метадычным аб’яднаннем настаўнікаў дакладных навук сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава будзе арганізавана работа па трох напрамках: “Матэматычны летнік” для матываваных вучняў, “Суперінтэнсіў для выпускнікоў” і “Школа будучага пяцікласніка”. Па заяўках бацькоў дашкольнікаў праводзяцца экспрэс-курсы падрыхтоўкі да школы “Светлячок”. Цікава, што на працягу ўсяго навучальнага года функцыянуе спартыўная пляцоўка на тэрыторыі нашай школы з 6.00 да 22.00. Падчас летніх канікул яе можна наведваць як нашым навучэнцам, так і жыхарам мікрараёна.

Настасся ЧАРКАНАВА

 

Источник: https://nastgaz.by/