РУС БЕЛ ENG 中文

Русальны тыдзень у Дзіцячым садзе г.п.Мір

07.06.2023

Ведаць гісторыю, традыцыі, святы, абрады свайго народа гэтак жа важна, як і быць патрыётам краіны і годным яе грамадзянінам. Менавіта таму ў Дзіцячым садзе г.п.Мір шмат ўвагі надаецца далучэнню дзяцей да роднай беларускай культуры, фальклору.

         Першы тыдзень лета ў гэтым годзе якраз прыпадае на святкаванне народнага абрадавага Русальнага тыдня, які завяршае сабой вясновы перыяд, прыпадае на час маладога вяснова-летняга буяння расліннасці.

         У традыцыйных уяўленнях беларусаў дзіўныя міфічныя істоты – русалкі – жывуць у рэках і азёрах, маюць выгляд дзяўчат з распушчанымі доўгімі валасамі, русымі ці зялёнымі накшталт водарасцяў. Рыбіх хвастоў гэтыя істоты паводле беларускай міфалогіі ніколі не мелі. З вады русалкі могуць выйсці на кароткі час, пакуль высахнуць іх валасы. Толькі на восьмым тыдні пасля Вялікадня, на Русальным тыдні, русалкі могуць хадзіць на паверхні зямлі, гуляць па лугах, нівах, гаях, гушкацца на галінках бяроз, прыходзіць у паселішчы людзей.           Гэты час лічыўся магічным, калі знікала мяжа паміж светам жывых і светам духаў. Таму трэба  было задобрыць русалак, каб яны не шкодзілі людзям і гаспадарцы.

         Вось адна з тых Русалак і завітала ў Дзіцячы сад. Выхаванцы гасцінна спаткалі яе песнямі, вершамі, карагодамі. Русалка падрыхтіавала шмат выпрабаванняў для дзяцей, каб праверыць іх знаходлівасць, спрыт, хуткасць. Дзеці выдатна справіліся з усімі заданнямі і атрымалі ад госці абяцанне, што яна не будзе ім шкодзіць, а  на працягу года будзе дапамагаць і абараняць сваіх маленькіх сяброў ад усякай нячыстай сілы. У знак сяброўства пры развітанні выхаванцы падаравалі на пямяць Русалцы прыгожы букет палявых кветах і “правялі” яе (як таго патрабуе народны абрад) да брамы, дамовіўшыся сустрэцца праз год.

 

Святлана Петрыман,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

Фотогалерея: