РУС БЕЛ ENG 中文

Рэктар Акадэміі кіравання — пра прыёмную кампанію, новыя спецыяльнасці і праект «Дублёр»

07.06.2023

Аб прыёмнай кампаніі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з яе рэктарам, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Вячаславам Даніловічам.

— Вячаслаў Віктаравіч, акадэмія — вядучая ўстанова вышэйшай і дадатковай адукацыі дарослых у сферы пад­рыхтоўкі кадраў у галіне дзяржаўнага кіравання. Якую структуру мае ваша ўстанова?

— Акадэмія складаецца з 3 інстытутаў. Інстытут кіраўнічых кадраў забяспечвае атрыманне першай і наступнай вышэйшай адукацыі, навучанне ў магістратуры. Асноўны напрамак дзейнасці Інстытута дзяржаўнай службы — перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кадраў, якія працуюць у дзяржаўных органах і арганізацыях. Навукова-даследчы інстытут тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання займаецца навуковым суправаджэннем ідэалагічнай работы і кадравай палітыкі.

— Раскажыце, калі ласка, пра новыя напрамкі дзейнасці акадэміі. На што зроблены ўхіл у выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце?

— У Акадэміі кіравання створана комп­лексная сістэма выхаваўчай і ідэалагічнай работы. Прыярытэтнай формай з’яўляецца правядзенне дыялогавых пляцовак, круглых сталоў і тэматычных дыскусій па актуальных грамадска-палітычных і са­цыяльна-эканамічных пытаннях. У нас рэа­лізуецца шэраг сацыяльна значных маладзёжных праектаў.

Штогод у акадэміі праводзіцца конкурс студэнцкіх відэаролікаў “Святло Вялікай Перамогі”, прысвечаны захаванню гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Акадэмія сумесна з Мінскім гарвыканкамам ужо другі год праводзіць праект “Мінская змена”, у якім задзейнічана студэнцкая, навучэнская і працуючая моладзь. Удзельнікі распрацоўваюць і рэалізуюць праекты па ўдасканаленні жыцця сталіцы. “Мінская змена” дае ўнікальныя магчымасці для фарміравання грамадскага кругагляду, умення працаваць у камандзе, раскрыцця лідарскага патэнцыялу. На наш погляд, такія праекты могуць быць рэалізаваны і на ўзроўні абласцей. Таксама Акадэмія кіравання сумесна з РГА “Белая Русь”, БРСМ, Міністэрствам адукацыі актыўна развівае маладзёжны конкурс “Усебеларуская ліга дэбатаў”, мэта якога — развіццё камунікатыўных навыкаў, інтэлектуальнага патэнцыялу, устойлівай грама­дзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнскай і студэнцкай моладзі, фарміраванне з іні­цыятыўных маладых людзей будучага рэзерву кадраў для дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў.

— А ў чым сутнасць праекта “Дублёр”?

— Наш новы праект накіраваны на будову эфектыўнай сістэмы прыцягнення і замацавання маладых спецыялістаў на дзяржаўнай службе. Ён рэалізуецца сумесна з адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна Мінска. У праекце студэнты акадэміі, якія знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве Мінскага гарвыканкама, праходзяць стажыроўку ў адміністрацыі і атрымліваюць магчымасць выконваць абавязкі кіраўнікоў яе структурных падраздзяленняў. Дублёры асвойваюць на практыцы неабходныя кіраўнічыя навыкі і кампетэнцыі, лепшыя з іх часова становяцца нават начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў адміністрацыі раёна.

Тыя маладыя людзі, якія былі дублёрамі начальнікаў упраўленняў і аддзелаў раённай адміністрацыі, змогуць паспрабаваць свае сілы на новым узроўні — у ролі дублёраў намеснікаў кіраўніка і кіраўніка адміністрацыі. Такім чынам, кіраўніцкія якасці нашых студэнтаў мы замацоўваем у рэальнай працы.

З новага навучальнага года ўводзіцца падрыхтоўка спецыялістаў па дзвюх новых спецыяльнасцях агульнай вышэйшай адукацыі. Гэта “Са­цыяльныя камунікацыі ў дзяржаўным кі­раванні” і “Інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне дзяржаўнага кіравання”.

— Вячаслаў Віктаравіч, сістэма адукацыі знаходзіцца напярэдадні хвалюючай і напружанай падзеі: набліжаецца прыёмная кампанія. Як вы да яе рыхтуецеся? Вядома, што выпускнікам школ перад прыёмам дакументаў трэба прайсці субяседаванне ў вашай установе.

— Так. Да моманту падачы дакументаў у прыёмную камісію Акадэміі кіравання абітурыент павінен паспяхова прайсці прафе­сійна-псіхалагічнае субяседаванне. Гэта — своеасаблівы допуск да ўдзелу ў конкурсе на паступленне ў нашу ўстанову. Субяседаванне праводзіцца ў вуснай форме па трох тэматычных блоках: лідарскія якасці абітурыента; матывацыя абітурыента да прафесійнай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага кіравання і схільнасць да яе эфектыўнай рэалізацыі; каштоўнасныя арыентацыі абітурыента. Рашэнне камісіі, якая праводзіць субяседаванне, аб’яўляецца абітурыенту адразу пасля яго завяршэння. Яму выдаецца выпіска з пратакола пасяджэння камісіі, якая сапраўдная ў год паступлення і ў наступны год. Паспяхова прайшлі субяседаванне больш за 100 абітурыентаў. Зарэгістравацца на яго можна на сайце Акадэміі кіравання альбо непасрэдна ў дзень яго правядзення. Цяпер адкрыта рэгістрацыя на 10 і 17 чэрвеня, 8 і 15 ліпеня. У ліпені субяседаванне будзе праводзіцца штодзень у дні падачы абітурыентамі дакументаў. На гэты момант для прахо­джання субяседавання зарэгістраваны больш як 110 чалавек. Сёлета прыём выпускнікоў школ будзе ажыццяў­ляцца на спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і права”, “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”, “Упраўленне інфармацыйнымі рэсурсамі”.

— Якія дакументы трэба падаваць пры паступленні?

— Для паступлення абітурыенты змогуць падаваць як сертыфікаты ЦТ (у тым ліку сапраўднымі з’яўляюцца сертыфікаты 2022 года), так і сертыфікаты цэнтралізаванага іспыту. Акрамя таго, яны павінны прадставіць у прыёмную камісію рэкамендацыю з апошняга месца вучобы (работы, службы) і мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. Па яе атрыманне абітурыент па заяўным прынцыпе павінен звярнуцца ва ўстанову адукацыі, у якой ён вучыўся або якую скончыў раней. У трохдзённы тэрмін з дня звароту абітурыента ўстанова адукацыі накіроўвае запоўненую і падпісаную кіраўніком рэкамендацыю ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган базавага ўзроўню, дзе яна падпісваецца кіраўніком (альбо іншай упаўнаважанай асобай). На працягу 5 працоўных дзён з дня паступлення рэкамендацыі выканкам накіроўвае яе ва ўстанову адукацыі для выдачы абітурыенту. Форма рэкамендацыі, а таксама алгарытм яе выдачы размешчаны на сайце Акадэміі кіравання ў раздзеле “Абітурыенту”.

— Якія будуць змяненні пры паступ­ленні на другую вышэйшую адукацыю? Ці з’явяцца новыя спецыяльнасці?

— Падача дакументаў для атрымання другой і наступнай агульнай вышэйшай адукацыі ў завочнай форме ў прыёмную камісію Акадэміі кіравання ў гэтым годзе праходзіць з 11 мая па 31 ліпеня. Залічэнне ажыццяўляецца на падставе сумы балаў па выніках уступнага іспыту ў форме камп’ютарнага тэсціравання і сярэдняга бала дыплома аб вышэйшай адукацыі.

Запланаваны набор на спецыяльнасці агульнай вышэйшай адукацыі “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”, “Дзяржаўнае кіраванне і права”. Акрамя іх, з новага навучальнага года ўводзіцца падрыхтоўка спецыялістаў па дзвюх новых спецыяльнасцях агульнай вышэйшай адукацыі. Гэта “Са­цыяльныя камунікацыі ў дзяржаўным кі­раванні” і “Інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне дзяржаўнага кіравання”. Набор на гэтыя спецыяльнасці ажыццяўляецца як у рамках дзяржаўнага заказу, так і на платнай аснове. У наступныя гады па новых спецыяльнасцях плануем пашырэнне падрыхтоўкі.

— Які змест у новых напрамках навучання?

— Выпускнікі спецыяльнасці “Інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне дзяржаўнага кіравання” будуць валодаць шэрагам прафесійных кампетэнцый, сярод якіх інфармацыйна-аналітычная, якая прымяркоўвае збор, апрацоўку, назапашванне, актуалізацыю, аналіз і інтэрпрэтацыю інфармацыі, у тым ліку з дапамогай сучасных інфармацыйна-камунікацыйных і лічбавых тэхналогій. У праектнай кампетэнцыі сканцэнтравана ўвага на распрацоўцы, укараненні, адаптацыі і выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій, сістэм і рэсурсаў. У экспертна-кансультацыйнай закладзены інфармацыйная падтрымка, распрацоўка аналітычных справаздач з выкарыстаннем тэхналогій інтэлектуальнага аналізу даных, а ў інавацыйнай кампетэнцыі — распрацоўка стратэгій развіцця інфармацыйных сістэм і інфармацыйных рэсурсаў з улікам тэндэнцый лічбавізацыі. У камунікацыйнай кампетэнцыі закладзены напрамкі, якія тычацца забеспячэння інфармацыйна-камунікацыйнага ўзаемадзеяння ўсіх узроўняў кіравання і падтрымкі бізнес-працэсаў.

Выпускнікі спецыяльнасці “Сацыяльныя камунікацыі ў дзяржаўным кіраванні” будуць валодаць інфармацыйна-аналітычнай кампетэнцыяй, што прадугледжвае збор, апрацоўку, назапашванне, актуалізацыю, аналіз і інтэрпрэтацыю інфармацыі, у тым ліку праз сацыялагічныя, арганізацыйныя, медыйныя даследаванні. Палітычная і ідэалагічная ўключае вывучэнне стратэгічных вектараў развіцця беларускай палітычнай сістэмы, вызначэнне і рэалізацыю задач у ідэалагічнай галіне. Трэба засвойваць са­цыяльную камунікацыю і ўзаемадзеянне са СМІ (распрацоўка, ажыццяўленне і ацэньванне інфармацыйнай і камунікацыйнай стратэгіі, работа са зваротамі грама­дзян, забеспячэнне сувязей з грамадскасцю і ўзаемадзеянне са СМІ, інфармацыйнае суправаджэнне прасоўвання тавараў і паслуг). У сферы палітаналізу і паліттэхналогій неабходна вучыцца прымяняць метады і методыкі палітычнай аналітыкі, дыягностыкі і прагназавання, мадэлявання і праектавання, выкарыстоўваць экспертныя інструменты і працэдуры пры ацэнцы канкрэтных палітычных сітуацый. Як бачна, навучанне па новых спецыяльнасцях напоўнена багатым зместам і закранае найбольш прыярытэтныя кірункі дзяржаўнага кіравання.

— Як будзе праводзіцца набор на перападрыхтоўку кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у рамках дзяржаўнага заказу? Ці зменяцца ўмовы прыёму?

— У красавіку гэтага года былі зацверджаны новыя Правілы прыёму ў Акадэмію кіравання для перападрыхтоўкі і падрыхтоўкі кіруючых работнікаў ў адпаведнасці з дзяржаўным заказам. Яны прадугледжваюць квоты для навучання па спецыяль­насцях перападрыхтоўкі “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”, “Дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай”, “Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія”, “Кіраванне персаналам”, на спецыяльнасці агульнай вышэйшай адукацыі “Дзяржаўнае будаўніцтва”, “Дзяржаўнае кіраванне і права”, “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка” для адпаведных катэгорый слухачоў. Сярод іх — дзяржаўныя грамадзянскія служачыя, кіраўнікі, намеснікі кіраўнікоў, кіраўнікі структурных падраз­дзяленняў дзяржаўных арганізацый; ваеннаслужачыя і асобы, якія праходзяць службу ў ваенізаваных арганізацыях; кіруючыя работнікі падпарадкаваных (падсправа­здачных) дзяржаўным органам арганізацый. Залічэнне ў лік слухачоў па ўказаных спецыяльнасцях будзе ажыццяўляцца па вы­ніках здачы ўступных іспытаў па ўнутраным конкурсе для кожнай з гэтых катэгорый на падставе агульнай сумы балаў.

Па спецыяльнасцях перападрыхтоўкі “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне” і “Дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай” устаноўлены квоты, а таксама вызначаны асаблівыя ўмовы прыёму (адно ўступнае выпрабаванне, асобны конкурс) для асоб, якія займаюць пасады старшынь гарвыканкамаў (гарадоў абласнога падпарадкавання), райвыканкамаў, кіраўнікоў раёнаў у гарадах, а таксама асоб, якія знаходзяцца ў рэзерве кадраў на ўказаныя пасады. Для ваеннаслужачых і грамадзян, якія прахо­дзяць службу ў ваенізаваных арганізацыях, таксама неабходна рэкамендацыя заказчыка, падпісаная кіраўніком (іншай упаўнаважанай службовай асобай), якая змяшчае аргументаванае абгрунтаванне мэт накіравання на вучобу.

 

Источник: https://nastgaz.by/