РУС БЕЛ ENG 中文

Што новага ў прыёмнай кампаніі на ўзровень ПТА, і якія спецыяльнасці з’явяцца сёлета на ўзроўні ССА

05.06.2023

Пра ўмовы прыёму на ўзроўні прафесійна­-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з начальнікам упраўлення прафесійна-­тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства Аляксандрай Пятровай.

— Аляксандра Мікалаеўна, які ў гэтым годзе план прыёму на ўзровень ССА?

—  На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыём у гэтым годзе бу­дуць ажыццяўляць 156 каледжаў. План прыёму на гэты год сфарміраваны на ўзроўні плана мінулага года. Скарэкціраваны аб’ём і структура прыёму па тых спецыяльнасцях, якія найбольш запатрабаваны эканомікай. Скарочаны аб’ём падрыхтоўкі на платнай аснове. У цэлым сёлета ў сістэму ССА плануецца прыняць 39 554 чалавекі на бюджэтнай і платнай аснове ў дзённай і завочнай формах. На 12,5% павялічаны прыём на аснове агульнай базавай адукацыі. Найбольшая колькасць месцаў за кошт сродкаў бюджэту для прыёму абітурыентаў плануецца па такіх профілях, як “Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны”, “Ахова здароўя і сацыяльная абарона”, “Сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя”, “Педагогіка”, “Бізнес, кіраванне і права”.

— Наколькі ўдасканалена структура падрыхтоўкі кад­раў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй? І якія новыя спецыяльнасці з’явяцца сёлета? 

— Кожны год мы імкнёмся разнастаіць пералік спецыяльнасцей па ССА і тым самым павысіць цікавасць моладзі да сярэдняй спе­цыяльнай адукацыі, прыцяг­нуць яе да новых кірункаў прафесійнай дзейнасці. У цэлым па краіне 24 каледжы пашырылі пералік спецыяльнасцей, па якіх будуць ажыццяўляць падрыхтоўку ў новым навучальным годзе.

Сёлета нашы абітурыенты могуць выбрац­ь новую спецыяльнасць — “Фізіка-хімічны аналіз прадуктаў вытворчасці”. Такіх спецыялістаў  бу­дуць рыхтаваць у Беларускім дзяржаўным каледжы прамысловас­ці будаўнічых матэрыялаў, філіяле Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Спе­цыяльнасць “Тэх­-
нічнае за­беспячэнне інфармацыйнай бяспекі” можна будзе атрымаць у Мінскім радыётэхнічным каледжы, філіяле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. Спецыяльнасць “Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў і збудаванняў” адкрыта ў філіяле РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж”. “Выраб аптычных прыбораў” (кваліфікацыя “кантралёр аптычных дэталей і прыбораў 6-га разраду”) — такая спецыяльнасць з’явіцца ў Мінскім каледжы аўтамабілебудавання, а “Фларыстычны дызайн” (кваліфікацыя “фларыст 5-га разраду”) — у Мінскім каледжы рамесніцтва і дызайну імя М.А.Кедышкі, “Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы” (кваліфікацыя “рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак 6-га разраду”) — у Мінскім каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва, “Дызайн мультымедыя” — у Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К.Глебава.

— Які алгарытм паступлення?

— Прыём будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання сярэдняй спе­цыяльнай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сту­дзеня 2022 г. № 23. Абітурыенты, якія паступаюць ва ўстановы ССА на аснове агульнай базавай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй, у тым ліку ў скарочаны тэрмін, паступаюць на ўсе спецыяльнасці па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (акрамя спе­цыяльнасцей, па якіх неабходна здаваць унутраны ўступны іспыт). Абітурыенты, якія паступаюць на творчыя спецыяльнасці, спецыяльнас­ці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”, “Фізічная культура”, здаюць уступны іспыт па форме, якая прапаноўваецца самой установай. Дадатковы набор можа ажыццяўляцца толькі на месцы, якія засталіся пасля залічэння абітурыентаў вакантнымі.

— Калі можна падаць дакументы?

— Першы дзень прыёму дакументаў на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 20 ліпеня, прычым ад абітурыентаў, якія паступа­юць як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове. Для абітурыентаў, якія плануюць удзел у конкурсе на спецыяльнасць, па якой неабходна здаваць уступны іспыт, тэрмін падачы дакументаў як за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнае навучанне на аснове агульнай базавай адукацыі ажыццяўляецца з 20 ліпеня па 3 жніўня, а на аснове агульнай сярэдняй — з 20 ліпеня па 12 жніўня.

Тэрміны ўступнай кампаніі, у тым ліку прыёму і залічэння абітурыентаў для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі, тэрміны і ўмовы дадатковага набору вызначаны пастановай Міністэрс­тва адукацыі ад 4 мая 2023 г. № 149 “Аб тэрмінах правядзення ўступнай кампаніі для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі”.

Дадатковы набор можа ажыццяўляцца толькі на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму, якія засталіся пасля залічэння абітурыентаў вакантнымі.

— Што новага ў прыёмнай кампаніі на ўзровень ПТА? Якія кантрольныя лічбы прыёму?

— У гэтым годзе прыём для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі будуць ажыццяўляць 159 устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы ПТА. Аб’ёмы і структура кантрольных лічбаў прыёму ў дзённай форме вызначаны з улікам рэгіянальнай патрэбы ў рабочых кадрах і сфарміраваны на ўзроўні мінулага года. Сёлета плануецца прыняць 26 тысяч чалавек.

— Як вы рэагуеце на зменлівыя патрэбы рэгіянальных рынкаў працы?

—  Сёлета будзе спынены альбо прыпынены прыём па 162 незапатрабаваных кваліфікацыях. У той жа час будзе адкрыта падрыхтоўка па 121 новай для асобных устаноў адукацыі кваліфікацыі. Акрамя таго, будзе распачата падрыхтоўка кадраў па дзвюх новых кваліфікацыях, якіх раней не было. Гэта кваліфікацыі “наладчык абсталявання ў вытворчасці вырабаў з пластмас” (Гомельскі каледж электратэхнікі і інфармацыйных тэхналогій) і “фларыст” (Мінскі каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі). У структуры прыёму найбольшая колькасць месцаў прадугледжваецца па такіх профілях адукацыі, як “Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны”, “Сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя”. Як і ў мінулыя гады, мы імкнёмся заха­ваць існуючую тэндэнцыю: спе­цыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складуць у структуры прыёму каля 75%.

— Што закладзена ў правілах прыёму?

— Умовы прыёму вызначаны Правіламі прыёму асоб для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.07.2022 № 497. На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымаюцца асобы, якія маюць агульную базавую, агульную сярэднюю або спецыяльную адукацыю. Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў вочнай (дзённай, вячэрняй), завочнай і дыстанцыйнай формах атрымання адукацыі ажыццяўляецца ў вызначаныя  тэрміны: з 15 чэрвеня па 23 жніўня — ад асоб з ліку грамадзян Рэс­публікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, этнічных беларусаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, замежных грама­дзян і асоб без грамадзянства, якім прадастаўлены статус бежанца або прытулак у Рэспуб­ліцы Беларусь, грамадзян Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэс­публікі, Рэспублікі Таджыкістан.

Тэрміны прыёму дакументаў, тэрміны залічэння могуць быць прадоўжаны кіраўніком установы па ўзгадненні з яе заснавальнікам або ўпаўнаважаным ім органам да 15 верасня бягучага года ў выпадку, калі да канца тэрміну прыёму дакументаў коль­касць пададзеных заяў на асобныя спецыяльнасці меншая, чым устаноўленыя кантрольныя лічбы прыёму. З 15 чэрвеня па 10 верасня прымаюцца зая­вы ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове.

Залічэнне абітурыентаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адука­цыі ажыццяўляецца на падставе іх заяў (пры адсутнасці конкурсу). Калі колькасць пададзеных заяў на канкрэтную спе­цыяльнасць перавышае ўстаноўленыя па ёй кантрольныя лічбы прыёму, залічэнне ва ўстанову адукацыі ажыццяўляецца па конкурсе на падставе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, дакумента аб навучанні, якім пац­вярджаецца атрыманне агульнай базавай, агульнай сярэдняй або спецыяльнай адукацыі.

Залічэнне на ўзровень ПТА  ў вочнай (дзённай, вячэрняй), завочнай і дыстанцыйнай фор­мах атрымання адукацыі ажыццяўляецца ў наступныя тэрміны: з 24 жніўня па 26 жніўня — тых паступаючых, акрамя замежных грама­дзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспуб­ліцы Беларусь; з 15 чэрвеня па 10 верасня — паступаючых з ліку замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэс­публіцы Беларусь, для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове.

Больш падрабязную інфармацыю аб магчымасцях атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна знайсці ў адпаведным зборніку, які размешчаны на сайце Міністэрс­тва адукацыі. Таксама на сайце ёсць нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі. У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме ў Міністэрстве адукацыі арганізавана работа гарачай лініі па тэлефоне 8 (017) 222-43-12.

 

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: