РУС БЕЛ ENG 中文

Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб «Дружына» дзейнічае ў Шчучыне

05.06.2023

Праваслаўны ваенна-­патрыятычны клуб “Дружына” стаў сапраўднай школай мужнасці для соцень юнакоў і дзяўчат, верных клятве клуба “Сяброўства і братэрства даражэйшыя за любое багацце”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

У мінулым годзе клуб, які горда носіць імя святога князя Аляксандра Неўскага, адсвяткаваў 15-гадовы юбілей. Не ўсе яго выхаванцы звязалі жыццё з ваеннай службай альбо сілавымі ведамствамі. Аднак што засталося нязменным і наклала адбітак на лёс кожнага маладога чалавека, дык гэта патрыятычнае і духоўнае выхаванне, вернасць традыцыям, любоў да блізкага, тое, чаму іх тут вучылі.

Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Дружына” быў створаны ў верасні 2007 года пры храме Богаяўлення Шчучына. Яго першым камандзірам стаў падпалкоўнік у адстаўцы М.З.Кісялар, адказнымі за фізічную падрыхтоў­ку — А.Ю.Натараў і Д.Р.Мішкель, духоўнікам — Яўген Павяльчук. З 2015 года клуб працуе на базе Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Менавіта дзякуючы майстэрству, цярпенню і прафесіяналізму педагогаў, юнакі і дзяўчаты выходзяць у дарослае жыццё, атрымаўшы не толькі навыкі ваенна-патрыятычнай падрыхтоўкі, але і набыўшы ўпэўненыя арыенціры сваёй будучыні. Яны не баяцца цяжкасцей, горача любяць сваю Айчыну. Сёння з моладдзю працуюць кіраўнік клуба, педагог дадатковай адукацыі, маёр у адстаўцы Генадзь Пятровіч Шышкін і камандзір маёр міліцыі Павел Паўлавіч Найда. Ёсць у клуба і духоўнік іерэй Аляксандр Пастарняк — благачынны Шчучынскай акругі.

Сам Генадзь Пятровіч 30 гадоў аддаў службе. Спачатку пасля заканчэння вышэйшага ваеннага вучылішча служыў на Далёкім Усходзе, затым на Каўказе, з 1991 года — у Беларусі.

— Кожны афіцэр — педагог, — упэўнены Г.П.Шышкін. — Калі я пасля вучылішча маладым лейтэнантам узначаліў узвод, у мяне ў падначаленні было 35 салдат, некаторыя старэйшыя за мяне. З дзецьмі займацца больш складана: калі салдатам можна было аддаць загад, тут хутчэй стараешся пераканаць, растлума­чыць, данесці да іх свой погляд. Ды і членства ў клубе добраахвотнае. У пачатку навучальнага года прыходзіць шмат юнакоў і дзяўчат, не ўсе застаюцца, але бывае, што потым вяртаюцца. У тых жа, хто застаецца, з часам фарміруецца характар, такія пачуцці, як цярпенне, яны становяцца дысцыплінаванымі і адказнымі, некаторыя дасягаюць лепшых поспехаў у вучобе.

Камандзір клуба “Дружына”, начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Шчучынскага РАУС, маёр міліцыі Павел Найда лічыць, што нічога ў гэтым жыцці выпадкова не бывае.

— Шмат гадоў назад, калі клуб толькі засноўваўся, я праязджаў па вуліцы Пушкіна каля будаўніцтва храма і ўбачыў, як на тэрыторыі выхаванцы прымалі першую прысягу, — успамінае Павел Паўлавіч. — Мне заўсёды па душы была ваенная служба, унутры з’явілася адчуванне, што я павінен стаць часткай гэтага клуба. Прайшло 5 гадоў, па волі лёсу я пазнаёміўся з айцом Сергіем Сямашкам, які прапанаваў мне стаць камандзірам клуба. І першыя зборы, на якіх быў з дзецьмі, адразу запалі ў душу. У маім жыцці так атрымалася, што рана памёр бацька, мяне выхоўвала мама. Разумеў, што ў выхаванні хлопчыка, ды і дзяўчынкі, таксама павінен прымаць удзел мужчына. У клубе мне хацелася стаць прыкладам для дзяцей, у тым ліку з няпоўных сем’яў. Адчуваў, што магу нешта даць ім. З іншага боку, яны самі мяне дысцыплінуюць. Займаючыся з імі фізічнымі нагрузкамі, прымушаю і сябе трымаць у тонусе, адпавядаць.

Павел Паўлавіч упэўнены: для таго каб займацца з дзецьмі, трэба ахвяраваць чымсьці асабістым і ўдзяляць час дзецям. Яны ўсё заўважаюць, бя­руць прыклад з дарослых, і гэты прыклад павінен быць станоўчым.

— Клуб — гэта частка майго жыцця, — прызнаўся Павел Найда. — У клубе ўжо 10 гадоў, за гэты час праз яго прайшло шмат дзяцей. І яны вельмі мяняюцца. Кожны год заўважаю, як мужнеюць, становяцца дысцыплінаванымі, адказнымі, з унутраным стрыжнем. Кожны выпуск клуба адчуваеш, што расстаешся з блізкімі людзьмі.

Насычана падзеямі жыццё выхаванцаў клуба. Яны прымаюць удзел у штогадовых злётах ваенна-патрыятычных клубаў, злётах праваслаўнай моладзі, у фестывалі “Юны воін”, адпраўляюцца ў летнія лагеры і на цікавыя экскурсіі. На працягу 15 гадоў юнакі і дзяўчаты з гонарам нясуць вахты Памяці, удзельнічаюць ва ўсіх святах, прысвечаных памятным датам гістарычнага мінулага нашай Ра­дзімы.

Штогод выпускнікі клуба паступаюць на вучобу ў Ваенную акадэмію і Акадэмію МУС, іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі краіны.

Адзін з сённяшніх выхаванцаў Данііл Гайдукевіч толькі заканч­вае 9 клас, але ўжо марыць стаць студэнтам Інстытута пагранічнай службы і звязаць сваё жыццё з Узброенымі Сіламі. Школьнік расказаў, што яму падабаецца займацца ў клубе, імпануе дыс­цыпліна, а таксама духоўны кірунак.

Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб мае падтрымку збоку кіраўніцтва Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта, органаў унутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Ён неаднаразова быў адзначаны дыпломамі і граматамі. А самае галоўнае, выхаванцы клуба становяцца годнымі грамадзянамі сваёй краіны.

У 2021 годзе за высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі клуб быў удастоены прэміі імя Героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Чарговы ўрок, а праходзяць яны раз на тыдзень, пачынаецца звычайна з пастраення. Пераклічка, высвятленне прычын, па якіх адсутнічаюць некаторыя выхаванцы. Генадзь Шышкін прапануе выхаванцам прачытаць малітву. І толькі пасля яны атрымліваюць макеты зброі і пачынаюць замацоўваць свае навыкі ў зборцы і разборцы аўтамата. Па раскладзе другая гадзіна заняткаў праходзіць на вуліцы, дзе моладзь адточвае страявы крок.

— Займаемся з дзецьмі па праграме пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, і, безумоўна, прысутнічае духоўны складнік, — расказаў Генадзь Пятровіч. — Выхаванцы клуба ў большасці старшакласнікі, але не адмаўляем, калі просяцца і малодшыя школьнікі, — няхай паспрабуюць свае сілы. Нядаўна прыйшоў дзесяцігадовы хлопчык, пакуль асвойваецца. У праграме заняткаў агнявая падрыхтоўка, вучым дзяцей разбі­раць і збіраць аўтаматы, страляць з пнеўматычнай вінтоўкі. Абавязкова — страявая падрыхтоўка, такія заняткі перш за ўсё дысцыплінуюць, паляпшаецца выпраўка маладых людзей. Таксама вывучаем воінскія статуты, расказваем дзецям, што такое воінская ветлівасць, узаемаадносіны паміж вайскоўцамі. Акцэнтуем увагу дзяцей на гістарычных падзеях, стараемся заціка­віць іх больш падрабязна даведацца пра лёсы землякоў-герояў, імёнамі якіх названы вуліцы, пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На мой погляд, такія заняткі не толькі павышаюць патрыятычны настрой маладых лю­дзей, але і развіваюць іх кругагляд, пашыраюць веды пра Радзіму. У ня­дзелю практыкуем палявыя выхады, дзе ўжо можна арганізаваць марш-кідок, вае­нізаваную эстафету, згатаваць ежу на кастры і проста пагутарыць.

Вялікая ўвага ў клубе ўдзяляецца духоўнаму выхаванню. Юнакі і дзяўчаты вывучаюць Закон Божы, маюць зносіны з духоўным настаўнікам. І хаця клуб праваслаўны, бо ствараўся на базе і з благаславення Праваслаўнай царквы, наведваюць яго і права­слаўныя, і католікі, што пацвярджае адзін­ства хрысціянскіх традыцый у імкненні верай і праўдай служыць сваёй Айчыне.

— Духоўна-маральнае выхаванне адыгрывае вельмі важную ролю ў жыцці маладога чалавека, — упэўнены Генадзь Шышкін. — Царква і касцёл вучаць дабру. Мы прывіваем дзецям пачуццё любові да блізкага, да ўсіх людзей. Перш за ўсё хочацца, каб яны выраслі сапраўднымі грамадзянамі, людзьмі з вялікай літары, каб на першы план ставілі духоўныя каштоўнасці, дапамагалі адно аднаму, як яны гэта робяць на палявых зборах, і тым, каму гэта патрэбна.

 

Источник: https://nastgaz.by/