РУС БЕЛ ENG 中文

Прыродазнаўчая бібліятэка і «Акіянарыум». Як выхоўваюць экалагічную культуру ў навагрудскім садзіку № 12

05.06.2023

Хто жыве на лясной палянцы, што мы бачым на зорным небе і як трэба даглядаць кветкі — аб гэтым і іншым выхаванцы дзіцячага сада № 12 Навагрудка даведваюцца дзякуючы крэатыўнаму прадметна-­прастораваму модулю “ЮнЭк”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзеткі і кветкі 

Дзіцячы сад адчыніў свае дзверы ў 2018 годзе. Будынак сучасны, камфартабельны і, што важна, займае вялікую плошчу. Гэта дазволіла супрацоўнікам шырока разгарнуць выхаваўчую дзейнасць па самых розных напрамках. Адзін з прыярытэтных — экалагічнае выхаванне.

— Мы ставім перад сабой мэту з малых гадоў фарміраваць асобу, здольную адчуваць і разумець знешні свет, чуйна і з любоўю адносіцца да прыроды, шанаваць і зберагаць яе. Да вырашэння гэтай няпростай задачы мы падышлі адказна і крэатыўна. Ідэі і іх практычнае ўвасабленне — гэта заслуга нашых супрацоўнікаў, — адзначае загадчыца дзіцячага сада № 12 Навагрудка Святлана Каткова.

У садку распрацавалі і рэалізавалі педагагічны праект “Фарміраванне асноў экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне прадметна-прасторавага модуля “ЮнЭк”. Гэты модуль уключае ў сябе сем многафункцыянальных зон, якія размяшчаюцца ў калідорах трэцяга паверха. Хлопчыкі і дзяўчынкі розных узростаў разам з выхавальніцамі з задавальненнем бавяць тут час.

— Знаёмства з модулем для малышоў з 2 гадоў пачынаецца з зоны вады і пяску. Падчас гульні яны эксперыментуюць з прыроднымі матэрыяламі, такімі як вада, пясок, гліна, камяні, шышкі і г.д. Паступова адкрываюць для сябе і іншыя зоны, назапашваючы новыя веды і навыкі, — расказвае мая суразмоўніца.

Так, у зоне інтэрактыўных сцен юным эколагам прапаноўваецца цэлы шэраг яркіх і цікавых гульнявых макетаў. Маляўнічыя выя­вы палянкі і сажалкі толькі і чакаюць, каб дзеці “прымагніцілі” да іх адпаведных прадстаўнікоў фаўны. Працавіты вожык гатовы дапамагчы разабрацца, якія грыбы ядомыя (іх мацуюць яму на іголкі), а якія не. Вясёлыя божыя кароўкі трымаюць у лапках ланцужок, на якім трэба падвесіць малюнкі з правільнымі адказамі на пытанні аб жывой прыродзе.

Вельмі падабаюцца дзецям макеты “Пазнавальныя колы”. Яны ўяўляюць сабой колы рознага дыяметра, якія падзелены на некалькі сектараў з малюнкамі. Колы круцяцца адносна адно аднаго, перамяшчаючы малюнкі для пошуку патрэбнага адказу. Гэта дазваляе арганізоўваць захап­ляльныя дзіцячыя віктарыны.

У зоне выяўленчага мастацтва выхаванцы разглядаюць малюнкі, рэпрадукцыі мастакоў, дзякуючы якім вучацца бачыць і разумець прыгажосць прыроды. І малю­юць самі, толькі не на паперы, а на грыфельных дошках, якія ві­сяць на сценах калідора. 

Ёсць тут і экалагічная біб­ліятэка для самых маленькіх. У ёй сабраны кнігі, энцыклапедыі, часопісы прыродазнаўчага характару, асартымент якіх час ад часу мяняюць, каб больш зацікавіць дзяцей. Як у сапраўднай чытальнай зале, стаіць стол з крэсламі. Малыш можа самастойна вы­браць кнігу, разгледзець яе, а пры жаданні і ўзяць дадому. Выхавальніцы разам з дзецьмі майструюць тут кніжкі-малышкі на экалагічныя тэмы, складаюць казкі з персанажамі са свету прыроды, ствараюць памяткі дружалюбных да экалогіі паводзін.    

Радуе вока ўтульны зялёны куток з хатнімі раслінамі, якія адрозніваюцца па памеры, форме лісця, асаблівасцях догляду. Дзеці з цікавасцю сочаць за ростам раслін, параўноўваюць іх паміж сабой, нават вядуць дзённік назіранняў. Але яны не толькі назіральнікі, ахвотна ўдзельнічаюць таксама ў пасадцы і догля­дзе сваіх зялёных сяброў. Па словах Святланы Анатольеўны, гэта развівае ў дашкольнікаў такія каштоўныя якасці, як беражлівыя адносіны да жывога, самастойнасць, адказнасць за даручаную справу.

Проста космас!

Асаблівыя зоны выдзелены на “зялёным” трэцім паверсе пад модулі “Акіянарыум” і “Космас”.

У “Акіянарыуме” створана сапраўдная маленькая мадэль вя­лікага акіяна, даволі змястоўная і пазнавальная для дашкалят. Тут можна ўбачыць выявы рыб розных відаў, медуз, марскіх конікаў, чарапах, некалькі відаў водарасцей… Па камянях караскаюцца крабы і ракі, гуляюць з мячом дэльфіны… Падчас заняткаў дзеці атрымліваюць уяўленне аб асаблівасцях марскіх насельнікаў, спосабах іх перамяшчэння, маскіроўкі, узаемасувязі з іншымі прадстаўнікамі падводнага свету.  

Не менш цікавай атрымалася і касмічная пляцоўка. Далёка не кожнае дзіця дашкольнага ўзросту ўяўляе сабе мадэль нашай Сонечнай сістэмы і вядомыя сузор’і, а тут іх можа пабачыць кожны. Хлопчыкам і дзяўчынкам расказ­ваюць аб планетах, касмічных караблях, касманаўтах. Ужо склалася традыцыя адзначаць тут ра­зам з дзецьмі Дзень касманаўтыкі. Ну а фішкай зоны “Космас” з’яўляецца выкарыстанне праектара “Зорнае неба”. Калі выхавальніца ўключае яго, дзеці кладуцца на дыванкі, могуць адпачыць і пафантазіраваць аб далёкіх зорках.

Педагагічны праект “Фармі­раванне асноў экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзрос­ту праз выкарыстанне прадметна-прасторавага модуля “ЮнЭк” заслужана адзначаны шэрагам узнагарод. У іх ліку дыплом I ступені ў Міжнародным дыстанцыйным конкурсе для педагогаў да­школьных арганізацый “Выхаванне з іскрынкай: пошук, ідэі, увасаб­ленне”, дыплом II ступені конкурсу экалагічных праектаў абласнога фестывалю педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню” і іншыя.

Але самая лепшая ўзнагарода для педагогаў — бачыць і чуць ад бацькоў, што дзеці ведаюць аб жывой прыро­дзе больш, чым многія аднагодкі, і беражліва адносяцца да яе.

 

Источник: https://nastgaz.by/