РУС БЕЛ ENG 中文

У школе № 3 Навагрудка ўдзяляецца павышаная ўвага пытанням патрыятычнага, прававога і працоўнага выхавання

01.06.2023

Пытанням грамадзянска­-патрыятычнага, прававога і працоўнага выхавання ў сярэдняй школе № 3 Навагрудка ўдзяляецца павышаная ўвага. У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі прэс-­туру. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З 2005 года на базе школьнага музея баявой славы дзейнічае пошукава-патрыятычны клуб “Памяць”, якім кіруе настаўніца гісторыі Ала Максіменка. Асноўнымі напрамкамі работы ў ім з’яўляюцца даследчая дзейнасць, мерапрыемствы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні і пошукавая дзейнасць. Члены клуба займаюцца важнай, высакароднай справай — устанаўліваюць месцы пахавання салдат, якія загінулі пры вызваленні роднага горада і значыліся без вестак прапаўшымі. Устаноўлены імёны Якава Аўсяннікава, ураджэнца Расіі, Пермскай вобласці Кунгурскага раёна, сяло Кіндзялінскае, і Аляксея Рыгоравіча Архіпава, ураджэнца Расіі, Тульскай вобласці Алексінскага раёна, сяло Ботня. Абодва былі цяжка паранены і памерлі ў ліпені 1944 года ў ваенным шпіталі, пахаваны ў брацкіх магілах № 34 і № 27.

Журналісты азнаёміліся з музейнымі экспазіцыямі, створанымі членамі клуба “Памяць”: “У памяці назаўсёды”, прысвечанай самай кровапралітнай Вялікай Айчыннай вайне, “Афганістан — наша памяць і боль”, створанай у гонар выпускнікоў школы Алега Бабко і Віктара Пацалуёнка, якія загінулі, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак, і экспазіцыяй, прысвечанай генацыду беларускага народа ў Другой сусветнай вайне. Апошняя асабліва кранае і ўражвае, бо генацыд беларускага народа — злачынства без тэрміну даўнасці, злачынства супраць чалавецтва. Ад рук нацысцкіх акупантаў загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны. У Беларусі было створана 110 гета. Адна з асаблівасцей Халакосту на тэрыторыі нашай краіны — самыя варварскія спосабы ліквідацыі людзей, асаб­ліва маленькіх дзяцей. На тэрыторыі Беларусі было створана 260 лагераў смерці, праведзена 140 буйных карных аперацый, спалена 9200 сёл і вёсак, 5295 з іх спалены разам з жыхарамі, 216 так і не былі адноўлены пасля заканчэння вайны. Больш за 400 тысяч чалавек было сагнана ў нямецкае рабства.

Навучэнцы школы прадставілі гасцям праекты, распрацаваныя членамі клуба “Памяць”: “Як ажыло імя салдата”, прысвечаны воінам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Навагрудка, які прадугледжваў работу з архіўнымі дакументамі, данымі ваенкамата, работу з інфармацыйнымі крыніцамі, сайтам “Памяць народа”, “Афганістан — наша памяць і боль”, “Вайна ў гісторыі маёй сям’і”.

У 3-й навагрудскай школе створана эфектыўная сістэма прававога выхавання навучэнцаў, мэта якога — фарміраванне прававой культуры і прафілактыка правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Мігаль, у 2013 годзе ў межах супрацоўніцтва з Акадэміяй МУС быў адкрыты першы клас прававой накіраванасці. Гэта дазволіла прыцягнуць навучэнцаў у сістэму сацыяльных адносін, садзейнічала пашырэнню адпаведных ведаў, фарміраванню грамадзянскіх пачуццяў, імкнення мець дакладную жыццёвую пазіцыю.

З мэтай павышэння ўзроўню прававой дасведчанасці навучэнцамі прававых класаў быў распрацаваны праект маладзёжнай ініцыятывы “Права для ўсіх”, які накіраваны на стварэнне сістэмы інфармавання дзяцей і падлеткаў у галіне права, фарміраванне прававой культуры, развіццё і падтрымку сацыяльна значнай дзейнасці школьнікаў. У аснове рэалізацыі праекта ляжыць прынцып “роўны вучыць роўнага”, бо практыка паказвае, што навучэнцы лягчэй засвойваюць інфармацыю, атрыманую ад равеснікаў.

Фарміраванне прававой культуры ўдзель­нікаў праекта адбываецца праз уключэнне іх у творчыя мерапрыемствы, стварэнне ўмоў для даверных зносін падлеткаў, арганізацыі альтэрнатыўных форм правядзення вольнага часу. Так, адным з мерапрыемстваў стаў інтэлектуальны марафон “Знаўцы права” для вучняў 11-х класаў.

Праект разлічаны на два гады. Прадугледжваецца, што пасля яго завяршэння павысіцца ўзровень прававых ведаў вучняў, будзе створана перасовачная выстава “Азбука права”, сістэма інфармавання і асветы школьнікаў па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”.

Працоўнаму выхаванню навучэнцаў садзейнічае школьная бізнес-кампанія “Сувенірная лаўка”. Кампанія займаецца вырабам і продажам святочных сувеніраў, упрыгожванняў, арганайзераў. Гэтыя вырабы могуць стаць падарункам да святочных дат, сувенірам на памяць аб мерапрыемстве.

Сувеніры навагрудскіх школьнікаў — гэта прыгажосць, практычнасць і арыгінальнасць. Унікальнасць прадукцыі заключаецца ў яе эксклюзіўным ручным выкананні. У афармленні вырабаў навучэнцы выкарыстоўваюць ручную вышыўку, аплікацыю, пляценне і вязанне. Сувенірныя вырабы не патрабуюць дарагіх матэрыялаў і адначасова карыстаюцца попытам у навучэнцаў. Гэта спрыяе выхаванню такіх якасцей, як беражлівасць і рацыяналь­насць, працавітасць, фарміраванне экалагічнага мыслення і эканамічнай дасведчанасці.

У перыяд работы школьнай бізнес-кампаніі школьнікі ўдзельнічаюць у кірмашах, семінарах, форумах. Адным з найбольш яркіх і запамінальных момантаў для навучэнцаў школы стаў кірмаш-продаж вырабленай бізнес-кампаніяй прадукцыі. Тут можна было набыць упадабаную рэч, пакінуць заказ на тавар, асабіста пагутарыць з юнымі бізнесменамі.

— Школьная бізнес-кампанія — а яна дзейнічае ўжо два гады — добры практыкум для вучняў па фарміраванні навыкаў прадпрымальніцкай дзейнасці, работы ў камандзе, фарміравання прафесійных і інтэ­лектуальных якасцей, магчымасць для самавыяўлення, самасцвярджэння, развіцця творчых здольнасцей і ўкаранення ў жыццё новых ідэй, — гаворыць ініцыятар стварэння бізнес-кампаніі Наталля Мігаль.

 

Источник: https://nastgaz.by/