Пра спартыўныя дасягненні Канюхоўскай сярэдняй школы ведаюць далёка за межамі Бераставіцкага раёна
15.05.2023Канюхоўская сярэдняя школа Бераставіцкага раёна стала сапраўдным цэнтрам спартыўнага жыцця аграгарадка. Усё дзякуючы настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Люцыне Казіміраўне Рукша, якая прывіла культуру рухальнай актыўнасці школьнікам і прыцягнула да ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах іх бацькоў, а таксама педагогаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Урокі фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі, удзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”, старшынства ў раённым вучэбна-метадычным аб’яднанні настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя і кіраўніцтва школьным клубам “Здаровы лад жыцця”, класнае кіраўніцтва… На ўсё ў Люцыны Казіміраўны хапае сіл і энергіі. Дапамагае кіраўніцтва школы, падтрымлівае ўсе пачынанні настаўніцы.
— Люцына Казіміраўна — педагог з вялікай літары, — лічыць дырэктар Канюхоўскай сярэдняй школы Іна Лебядзевіч. — Ад настаўніка фізкультуры залежыць вельмі шмат, у першую чаргу, здароўе дзяцей. Наш педагог прыкладае ўсе намаганні, каб школьнікі не толькі захавалі сваё здароўе, але і фізічна развіваліся, захапляліся спортам, прыцягвае іх да ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах і рухавых гульнях, займаецца з дзецьмі не толькі на ўроках, але і ў вольны час.
У родную школу, дзе вучылася сама, а потым і яе дзве дачкі, Люцына Рукша трапіла маладым спецыялістам пасля заканчэння Гродзенскага тэхнікума фізічнай культуры ў 1987 годзе. Затым больш грунтоўныя веды атрымала ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Школа на доўгія гады стала не толькі працоўным месцам, а сапраўдным домам, дзе яе кожны дзень сустракаюць любімыя вучні, паважаныя калегі, дзе рэалізуюцца ідэі.
— Я з дзяцінства любіла фізкультуру, — расказвае Люцына Казіміраўна. — Займалася спортам і адстойвала гонар школы на розных спаборніцтвах, у 5 класе выступала за 8. Нават не задумвалася, кім стаць, бачыла сябе толькі настаўніцай фізкультуры. Таму сёння гэта мая любімая справа. Больш часу праводжу ў школе, чым дома. І дзеці ведаюць, калі я сказала, што трэба, напрыклад, паехаць на спаборніцтвы ці прыняць удзел у мерапрыемстве, ніхто не адмаўляецца. Бывае на спаборніцтвы неабходна выставіць 2 чалавекі, а ў класе вучыцца 4. Находжу ў кожным дзіцяці іскрынку, каб яно магло праявіць сябе. Нехта можа хутка прабегчы, другі больш вынослівы, стараюся развіць іх лепшыя якасці і дапрацоўваю тое, што не атрымліваецца. Хочацца, каб школа гучала.
Пра спартыўныя дасягненні невялікай (усяго 50 навучэнцаў) школы ведаюць далёка за межамі Бераставіцкага раёна. На працягу апошніх 10 гадоў установа адукацыі ўтрымлівае ў сваёй групе 1-е месца на раённай спартакіядзе школьнікаў. І хаця каманду на мнагаборстве “Здароўе” выставіць цяжка, але прадстаўнікі школы заўсёды прымаюць удзел у раённых, абласных і нават рэспубліканскіх спаборніцтвах. Не пакідаюць без увагі і рэспубліканскі алімпійскі ўрок. Традыцыйнымі сталі велапрабегі і кросы з удзелам дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў.
Амаль стапрацэнтна навучэнцы школы прыходзяць на заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах у шосты школьны дзень, а таксама ў вячэрні час. Люцына Казіміраўна вядзе 3 спартыўныя гурткі. Старэйшыя дзеці гуляюць у валейбол, малодшыя выбіраюць рухавыя гульні, многія аддаюць перавагу шашкам і шахматам. Што цікава, да дзяцей далучаюцца і іх бацькі. Люцына Рукша стварыла клуб “Здаровы лад жыцця”, у дзейнасці якога прымаюць удзел дзеці і іх бацькі, настаўнікі. Пасяджэнні, гутаркі, анкетаванне — усё толькі разам. Калі дарослыя захапіліся скандынаўскай хадзьбой, педагог вырашыла арганізаваць і дзяцей. Цяпер вечарамі выходзяць на прагулку разам, ладзяць нават спаборніцтвы.
Увогуле, у сельскай школе праводзіцца шмат мерапрыемстваў. У іх прымаюць удзел кіраўніцтва і работнікі мясцовых гаспадарак, пагранічнай заставы “Русакі”. На базе ўстановы адукацыі ў сакавіку 2023 года ў рамках рэалізацыі раённага праекта па ваенна-патрыятычным выхаванні “Нашчадкі Перамогі. Мы помнім і ганарымся” была праведзена ваенна-спартыўная гульня “Зарніца” сумесна з ваеннаслужачымі пагранічнай заставы “Русакі”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні Алекшыцкай, Велікаэйсмантаўскай і Канюхоўскай сярэдніх школ.
Акрамя ўрокаў фізічнай культуры і здароўя, Люцына Казіміраўна вядзе ў школе дапрызыўную падрыхтоўку.
— Мне не складана, бо я і так трэнірую дзяцей, рыхтую іх да спаборніцтваў “Абаронца Айчыны”, праводжу летняе і зімовае мнагаборства. Усё гэта звязана з фізкультурай. Я ўжо прывыкла працаваць з хлопчыкамі, знаходжу з імі агульную мову. Выстаўляем каманду на раённыя спаборніцтвы, а па страявой падрыхтоўцы падчас “Зарніцы” мы заўсёды адны з лепшых у раёне. Калі патрэбна парада, дапамагае зяць, ён ваенны, — расказала настаўніца.
Сама педагог — лёгкаатлет, добра страляе, бегае, займаецца тэнісам, таму з лёгкасцю можа прадэманстраваць дзецям любое практыкаванне. Такі прыклад заахвочвае на заняткі. Люцына Казіміраўна прызнаецца, што яе мэта — далучыць дзяцей да спорту, адарваць іх ад тэлефонаў. Калі бачыць, што ў іх няма асаблівай ахвоты займацца, прапаноўвае рухавыя гульні і такім чынам развівае ў дзяцей хуткасць, вынослівасць, а ім гэта падабаецца. Пры гэтым стараецца зрабіць так, каб было камфортна ўсім, знаходзіць, за што пахваліць кожнага.
У педагога значныя асабістыя поспехі. У бягучым навучальным годзе Люцына Рукша перамагла ў школьным этапе конкурсу “Настаўнік года”, а затым заняла 1-е месца ў раённым. На яе майстар-клас прыйшлі не толькі настаўнікі фізкультуры, але і гісторыкі, матэматыкі. Дарэчы, педагог часта дзеліцца вопытам з калегамі на семінарах, праводзіць у школе тыдні спорту і здароўя.
Люцына Казіміраўна прызнаецца: “Ні на хвіліну не пашкадавала, што звязала жыццё са школай. Гэта маё, я жыву работай, кожны дзень з задавальненнем іду ў школу”.
Ірына АНІКЕВІЧ
Источник: https://nastgaz.by/