РУС БЕЛ ENG 中文

Месца прыцяжэння: чым прываблівае Навагрудскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «ДАР»

11.05.2023

Навагрудскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “ДАР” дорыць добры настрой. Тут шчодра дзеляцца творчым запалам і энергіяй на працягу ўжо 70 гадоў. 

Прычым адразу, з парога. Педагогі з выхаванцамі павіталіся песняй. Безумоўна, прыгожы харавы вакал узба­дзёрыў і натхніў, таму далейшае знаёмства з дзейнасцю цэнтра ператварылася ў чароўнае падарожжа, падчас якога кожнае наведванне класа, майстэрні, пакоя пакідала самыя яркія ўражанні. Спектр дзейнасці цэнтра разнастайны. Тут можна адкрыць сябе ў мастацтве, вакале, харэаграфіі, набыць турыстычна-краязнаўчыя, тэхнічныя навыкі, развіць грамадска-гуманітарнае, экалагічнае мысленне, стаць удзель­нікам фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў.

Нам таксама давялося стац­ь удзельнікамі розных творчых працэсаў, няхай у большасці сваёй і пасіўнымі, але назіраць за стварэннем малюнка або пеўніка з гліны не менш цікава, чым маляваць або ляпіць самому. Таму разам з калегамі з задавальненнем сачылі за працэсам, раз-пораз уступаючы ў кароткія размовы. На большае ў юных творцаў не было часу.

Ва ўзорнай студыі выяўленчага мастацтва “Каляровы аловак” стваральны настрой проста лунаў у паветры. Дзеці з энтузіязмам рабілі накіды, якія праз кароткі час ператвараліся ў маленькія шэдэўры — з-пад іх алоўкаў выходзілі каляровыя пейзажныя замалёўкі, іншым разам па-дзіцячы наіўныя, але цёплыя і шчырыя. Педагогі не абмяжоўваюць дзіцячую фантазію, бо, як вядома, творчасць не мае меж.

З дзецьмі працуюць Ганна Манекіна і Віялета Кругляк, якія імкнуцца развіваць у выхаванцаў навыкі і ўменні самастойнай распрацоўкі кампазіцыйнага рашэння сюжэтна-тэматычных творчых заданняў. Ганна Сяргееўна і Віялета Валер’еўна вучаць дзяцей законам пабудовы кампазіцыі, перспектывы, даюць уяўленне пра творчасць мастакоў розных краін і беларускіх майстроў. У калектыве займаецца 50 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў (малодшая, сярэдняя, старшая групы) з розных устаноў адукацыі Навагрудскага раёна.

Бурная творчая дзейнасць кіпела і ў наступным вучэбным кабінеце. Тут у дзіцячых руках была ўжо гліна. Малодшыя ўдзель­нікі ўзорнай дзіцячай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Народная кераміка” старанна ляпілі пеўнікаў. Мастацкім кіраўніком калектыву з’яўляецца Іна Гасман, якая адзначыла, што студыйцы вывучаюць традыцыйнае народнае мастацтва керамікі і сучасную дэкаратыўную плас­тыку.

“З дзецьмі малодшай групы будуем нашу творчую сумесную работу на аснове беларускай цацкі. Знаёмімся з уласцівасцямі розных матэрыялаў, у тым ліку гліны, са спосабамі і прыёмамі лепкі, асаблівасцямі злучэння дэталей і прыёмамі работы з інструментам. Нашы выхаванцы вучацца ляпіць фігуркі жывёл, цацкі-свістулькі (птушкі, конікі, козачкі) і ўпрыгож­ваюць іх рознымі спосабамі (налепам, цісненнем, гравіроўкай, роспісам). Ім вельмі падабаецца.

А старэйшыя студыйцы робяць ужо больш складаныя цацкі, аб’ёмныя і плоскасныя работы для афармлення інтэр’ера: пано, вазы, шматфігурныя кампазіцыі, памятныя медалі і сувеніры, выкананыя па аўтарскіх эскізах”, — расказала Іна Васільеўна.

Акрамя таго, удзельнікі “Народнай керамікі” рэалізавалі шэраг творча-даследчых праектаў. У прыватнасці, праект “Свята ў хату” даў дзецям магчы­масць азнаёміцца з народнымі традыцыямі, звязанымі з Масленіцай. Праект “Як узнікла Свіцязь” зас­наваны на легендах і паданнях навагрудскага краю. А праект “Сувенірныя лялькі “Навагрудчане” адлюстроўвае асаблівасці традыцыйнага адзен­ня жыхароў раёна. У выніку далучэнне да народнай культуры адбываецца праз вывучэнне мясцовых культурных здабыткаў і традыцый, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай гістарычнай спадчыны ўсёй краіны.

Творчасць натхняе, таму выхаванцы і педагогі “Каляровага алоўка” і “Народнай керамікі” з’яўляюцца шматлікімі пераможцамі і лаўрэатамі абласных, рэс­публіканскіх, міжнародных выстаў, конкурсаў і фестываляў. Як і ўдзельнікі яшчэ аднаго ўзорнага ансамбля танца “Свіцязяначка”.

Асобым месцам прыцяжэння цэнтра з’яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей, выставачная зала, дзе мы азнаёміліся з праектамі “Лісты з фронту”, “Сёстры Хатыні. Навагрудчына”, “Патрыятычны дэсант”. Асаблівай увагі заслугоўвае праект “Сёстры Хатыні. Навагрудчына”, над якім працавалі ўсім раёнам. Страшны лёс Хатыні паўтарылі 44 вёскі Навагрудчыны, якія былі поўнасцю або часткова спалены. Педагогі і навучэнцы, якія займаліся пошукава-даследчай работай, здолелі аднавіць страшныя старонкі гісторыі. Цяпер гэты ўнікальны праект дапамагае маладому пакаленню пагрузіцца ў гісторыю, зразумець і ўсвядоміць падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Ёсць у цэнтры дадатковай адукацыі сваё месца для мам і малышоў. У свой час дэпутаты мала­дзёжнага парламента агучылі ідэю стварэння ў горадзе пакоя сумеснага вольнага часу, дзе мамы з маленькімі дзеткамі маглі б цікава і з карысцю право­дзіць свой час, творча развівацца. А ўпраўленне адукацыі Навагрудскага райвыканкама і адміністрацыя цэнтра творчасці падтрымалі гэтую ініцыятыву. Цяпер “ДАР” дорыць радасць і натхненне сваім самым маленькім наведвальнікам у пакоі “Мама і малыш”, на базе якога працуе школа ранняга развіцця “УМКА”.

Вынікам удзелу ў інавацыйных праектах “Укараненне мадэлі фарміравання эколага-эканамічных кампетэнцый навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з дапамогай вучэбных бізнес-кампаній”, “Укараненне мадэлі фарміравання культуры карыстальніка інтэрнэт-рэсурсамі для этычных зносін падлеткаў у сацыяльных сетках” стала не толькі мабілізацыя існуючага педагагічнага вопыту, пошук новых падыходаў і форм у рабоце з дзецьмі і моладдзю, але і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

“Мы рэалізавалі сацыяльны праект па стварэнні раённага штабнога пакоя для работы з дзецьмі і моладдзю. У пакоі пад назвай “#CREATIVE-room, ці Усё пачынаецца з ідэі”, створаным у адзіным мастацкім стылі, прадумана некалькі функцыянальных зон, сярод якіх іміджавая, якая расказвае пра гісторыю развіцця дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў, піяр-зона з сімваламі і рэкламнымі прадуктамі піянерскіх дружын, прэс-зона для ўзаемадзеяння членаў раённай прэс-групы, праектная для адкрытых зносін, прапаноў і работы над праектамі, сацыяльнымі ініцыятывамі.

А бескаркасныя крэслы з сімвалічнымі назвамі “Генератар ідэй” і “Ёсць ідэя” садзейніча­юць з’яўленню новых праектаў. Ёсць і матывацыйная зона, дзе юнакі і дзяўчаты дзеляцца натхненнем, рабочая зона для правя­дзення пашыраных пасяджэнняў, сустрэч з цікавымі людзьмі і фотазона. Падобнае заніраванне дазваляе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць прастору”, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вольга Ліс.

У крэатыўным пакоі прахо­дзяць сустрэчы дэпутатаў мала­дзёжнага парламента з кіраўніц­твам раёна, з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, сустрэчы з ветэранамі піянерскага руху, пасяджэнні школы піянерскага актыву. Для арганізацыі якаснай работы прэс-цэнтра газеты “Разам”, раённай школы юнага блогера была набыта відэакамера.

Кульмінацыяй нашага знаёмства з цэнтрам дадатковай адукацыі стала знаёмства з калегамі — юнымі блогерамі студыі “Мэйнстрым”. Маладыя лю­дзі прадэманстравалі вынікі сваёй дзейнаці — выпускі навін, рэпартажы, падзяліліся планамі на будучыню і нават далі парады па стварэнні актуальнага кантэнту. Акрамя таго, азнаёміліся з настольнай гульнёй “Мэты ўстойлівага развіцця”. 

“У 2022 годзе нашым творчым калектывам быў распрацаваны праект па стварэнні маладзёжнай блогер-студыі. Ідэя была прадстаўлена на І Рэспуб­ліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў. У выніку мы сталі пераможцамі і атрымалі фінансаванне, дзякуючы чаму набылі персанальны камп’ютар з высокімі тэхнічнымі характарыстыкамі і светлавое абсталяванне”, — патлумачыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Святлана Крынская.

На сённяшні дзень у студыі на пастаяннай аснове займаюцца 12 чалавек. Канечне, усе яны вельмі творчыя і ініцыятыўныя маладыя людзі, якія імкнуцца напоўніць медыйную прастору свайго рэгіёна цікавым і разнастайным маладзёжным кантэнтам.

 

Источник: https://nastgaz.by/