РУС БЕЛ ENG 中文

Унікальны праект "Лёсы, апаленыя вайной" рэалізуецца ў Лідскім раёне: у яго рамках школьнікі дзеляцца гісторыямі сваякоў – ахвяраў генацыду

10.05.2023
Унікальны праект "Лёсы, апаленыя вайной" рэалізуецца ў Лідскім раёне: у яго рамках школьнікі дзеляцца гісторыямі сваякоў – ахвяраў генацыду

 

На працягу двух гадоў у сярэдняй школе №2 г. Бярозаўкі Лідскага раёна рэалізуецца праект шостага школьнага дня “Лёсы, апаленыя вайной”. Вучні збіраюць інфармацыю пра сваіх родных і блізкіх, якія сталі ахвярамі генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны і транслююць на старонках Instagram і УКантакце, падчас музейных заняткаў, на класных і інфармацыйных гадзінах. Робіцца гэта дзеля таго, каб новае пакаленне добра засвоіла ўрокі гісторыі і ніколі не дапусціла праяў нацызму. 

Сваім аповедам пра прабабулю дзеліцца вучаніца 9 “Б” класа, член прэс-цэнтра “Школьны веснік” Кіра Кіеня:

– Мая прабабуля Зінаіда Міхайлаўна Нашуцінская (дзявочае прозвішча Вайчык) нарадзілася 30 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Нагародавічы Дзятлаўскага раёна. Бацька хадзіў па вёсках і будаваў людзям хаты, а ў вольны час граў на скрыпцы, якую змайстраваў уласнымі рукамі. На святы ўся вёска збіралася паслухаць майстра-самавучку. 

У сем гадоў прабабуля пайшла ў польскую школу, але скончыла ўсяго чатыры класы. Каб перайсці ў пяты клас, неабходна было заплаціць за навучанне польскімі злотымі, а грошаў у бацькі было мала. 
Прабабуля Зінаіда ўспамінала пра жыццё ў Заходняй Беларусі да 1939 года: “Цяжкі быў час, бо жылі пад панамі. Нельга было размаўляць па-беларуску, асабліва на занятках, якія вёў польскі святар. Забудзешся падчас малітвы, скажаш слова на роднай мове – атрымаеш па руцэ балючай указкай з гумавым наканечнікам. Вось так і выбівалі з нас беларускую мову”. 

А потым прыйшла вайна. Па родных Нагародавічах пракацілася звестка, што немцы будуць забіраць моладзь на катаржныя работы. У спіс разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі трапіла і мая прабабуля. Яе бацьку Міхасю ўдалося схаваць меншую дачушку Зосю ў сваякоў у суседняй вёсцы, а Зіну, якой на той момант было 16 гадоў, забралі і прывялі ў зборны пункт.

Зборны пункт быў у вёсцы Ахонава. Ехалі на Наваельню, Беласток… Нарэшце, цягнік прывёз нявольнікаў у Аўстрыю на завод алюмініевых вырабаў. 

88.jpg

Прадпрыемства знаходзілася за сорак кіламетраў ад Вены. На гэты ж завод, толькі ў розныя цэхі, трапілі пяць жанчын з Нагародавічаў: Ганна Вайчык, Наталля Якшэвіч, Ганна Насалевіч, Марыя Капковіч і мая прабабуля Зінаіда Вайчык. Дзяўчаты працавалі па дванаццаць гадзін у суткі. Асабліва цяжка было ў начныя змены: крышку паслабіш увагу – і расплаўлены алюміній пырскае на ногі, утвараючы балючыя раны. На рукаве ў кожнага вязня былі вышыты літары “ОСТ”. Адпрацаваўшы змену, наводзілі парадак у вялізным бараку. Нягледзячы на тое, што нявольнікі падалі з ног ад стомы, вартаўнікі барака не давалі ім часу для адпачынку. 

Вось адзін з успамінаў прабабулі, які яна расказала сваёй дачцэ, маёй бабулі, Марыі Пятроўне Журко: “Аднойчы ў выхадны дзень, які выпадаў даволі рэдка, мы, дзяўчаты-нявольніцы, вырашылі сфатаграфавацца на памяць і даслаць фотаздымкі дадому родным. Паехалі ў Вену. Там нехта данёс уладам, што “катаржанкі” асмеліліся завітаць у фотаатэлье. Кара за гэта свавольства была страшная: на двое сутак нас паставілі ў халодную ваду, якая даходзіла да пояса, а потым зноў адпусцілі на завод. Наступствы гэтага пакарання я адчувала многа гадоў: хворыя ныркі даводзілася часта падлечваць у бальніцы пасля вяртання з Аўстрыі”.

На работы і ў барак вязні хадзілі пад наглядам назіральнікаў, якія за любую правіннасць, а то і проста так білі нявольнікаў. Па-сутнасці, гэта было рабства. Астарбайтарам неабходна было ісці спакойна. Шаркнеш нагой – на цябе накінецца аўчарка і пакусае або загрызе да смерці. Кармілі супам з бручкі, у якім часта плавалі чарвякі. Ад гэтага спачатку ванітавала, а потым вязні прывыклі. Адну булку хлеба выдавалі на чатыры дні. Зразумела, што ад такога харчавання людзі ледзь цягалі ногі, хварэлі і паміралі. Галодныя дзяўчаты хадзілі красці бульбу з капцоў і, парэзаўшы яе на танюсенькія скрылікі, пяклі на гарачых заводскіх трубах. Гэта была невялікая дабаўка да таго мізэрнага пайка, што атрымлівалі ў бараках. Лазілі і па вінаград, што рос у садах па дарозе на завод. Хаця ведалі, што за кражу іх чакае жорсткае пакаранне, але ўсё роўна ішлі і зрывалі гронкі. Жанчын білі палкамі, секлі бізунамі…

Дзякуй байцам Чырвонай Арміі, якія ў 1945-м прынеслі рабам ХХ стагоддзя свабоду. Мая прабабуля часта ўспамінала той доўгачаканы дзень, калі савецкія самалёты пачалі бамбіць ваколіцы, а немцы хаваліся хто куды.

Два гады правяла мая прабабуля Зінаіда Міхайлаўна ў Аўстрыі, дзе бачыла толькі пабоі, здзекі, кпіны, голад і холад. Змучаная, яна вярнулася дамоў на родную, вызваленую ад акупантаў зямельку. Невыносны час на чужбіне пакінуў у душы горкі цяжар: успаміны пра рабства ў Аўстрыі часта ўсплывалі ў памяці, прыходзілі ў снах. 

Але, нарэшце, і ў яе жыццё прыйшло шчасце. У 1948 годзе яна выйшла замуж. У шлюбе нарадзіла тры дачкі. Прадзед Пётр быў вядомым чалавекам у Дзятлаўскім раёне, бо пачаў свой працоўны шлях трактарыстам, а пасля заканчэння тэхнікума стаў галоўным механікам у калгасе. У 1959 годзе быў абраны дэпутатам Нагародавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Дзятлаўскага раёна Бандарскай выбарчай акругі.

Прадзед і прабабуля ўсё жыццё жылі сумленна. Паставілі на ногі трох дзяцей, далі ім добрую адукацыю. У мірны пасляваенны час прабабуля Зіна працавала ў калгасе, у 1982 годзе была ўзнагароджана медалём “Ветэран працы” за адказную і сумленную працу ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. 28 ліпеня 1999 года прабабулі не стала. Для нас яна – сапраўдны герой, стойкі і мужны чалавек, якую не зламаў апалены вайной лёс.

88989.png

Памяць пра жудасныя выпрабаванні, што выпалі на долю маёй прабабулі, ужо вярэдзіць сэрца нам, унукам і праўнукам. І гэтую памяць трэба захаваць і перадаць новым пакаленням, каб наш народ больш ніколі не ведаў, што такое вайна, генацыд, страшэнныя злачынствы над цэлай нацыяй, імя якой – беларусы. 
 
Источник: https://grodnonews.by/
поделиться в: