РУС БЕЛ ENG 中文

Дзе настаўнікі могуць прайсці перападрыхтоўку, і якія сацыяльныя гарантыі пры гэтым прадастаўляюцца

10.05.2023

Як нашым настаўнікам павысіць кваліфікацыю і прайсці перападрыхтоўку, якія сацыяльныя гарантыі пры гэтым прадастаўляюцца? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” адказвае Святлана Коўчур, начальнік аддзела дадатковай адукацыі дарослых Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства, кандыдат педагагічных навук.

— Як вы ацэньваеце ролю дадатковай адукацыі для нашых педагогаў? Наколькі яна сёння актуальная?

 Прафесія педагога адрозніваецца павышанай маральнай і сацыяльнай адказнасцю. Настаўнік фарміруе будучыню грамадства, таму ў педагагічнай дзейнасці якасць і высокая працоўная аддача педагога вызначаюць эфектыўнасць усёй сістэмы адукацыі. Безумоўна, вышэйшая адукацыя дае будучаму настаўніку грунтоўныя веды па псіхолага-педагагічных асновах адукацыйнага працэсу, вучыць педагагічнаму ўзаемадзеянню з вучнямі, развівае прафесійна значныя якасці. Але ж у працэсе работы, пад уплывам інавацыйных падыходаў і ўкаранення сучасных тэхналогій, настаўнік павінен назапашваць сваю педагагічную скарбонку, абнаўляць яе, улоўліваць сучасныя тэндэнцыі педагагічнага пра­цэсу, авалодваць новымі ведамі, развіваць педагагічнае мысленне і перспектыўнае бачанне. Жаданне ўдасканальваць свае веды было і застаецца адной з крыніц прафесійнага росту педагога. І не толькі жаданне, але і запатрабаванасць. Настаўнік — гэта асноўны праваднік ведаў, ён павінен ву­чыць і пастаянна вучыцца сам. Акрамя самаадукацыі, сістэма дадатковай адукацыі была і ёсць сёння адным з самых эфектыўных напрамкаў прафесійнага ўдасканалення настаўніка. Яна не толькі дазваляе пашырыць і паглыбіць веды, але і дае імпульс для руху ў педагагічным майстэрстве, педагагічнай творчасці і наватарстве, дапамагае ў выбудоўванні прафесійнай траекторыі, становіцца пунктам адліку і далейшага развіцця новых педагагічных ідэй і тэхналогій.

Творчы патэнцыял асобы педагога фарміруецца не толькі на аснове назапашанага ім прафесійнага вопыту, але і пад уплывам набытых псіхолага-педагагічных і прадметных ведаў, новых кампетэнцый. І ў гэтым сістэма дадатковай адукацыі — важны і неад’емны кампанент у прафесійным удасканаленні настаўніка.

— Які ахоп сёння мае дадатковая адукацыя дарослых? Якія ўстановы займаюцца гэтым у адукацыйнай галіне?

— Дадатковая адукацыя дарослых — гарманічная частка ўсёй сістэмы адукацыі, якая забяспечвае, як вызначана ў Кодэксе аб адукацыі, прафесійнае развіццё педагога, задавальняе яго пазнавальныя патрэбы, фарміруе ў яго тыя кампетэнцыі, якія неабходны для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці.

У нарматыўных прававых актах урада і Міністэрства адукацыі вызначаны зместавае напаўненне адукацыйных стандартаў праграм дадатковай адукацыі, гарантыі, якія прадастаўляюцца настаўнікам на перыяд асваення адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, устаноўлена перыядычнасць праходжання павышэння кваліфікацыі, урэгуляваны іншыя пытанні. Рэалізацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі для педагагічных работнікаў — гэта толькі адна частка ўсёй міжгаліновай сістэмы дадатковай адукацыі краіны. Міжгаліновая сістэма ахоп­лівае амаль 400 устаноў дадатковай адукацыі дарослых і арганізацый, розных па тыпе, відзе і ведамаснай падпарадкаванасці. Дадатковая адукацыя дарослых уключае 16 адукацыйных праграм: гэта не толькі павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў, але і праграмы прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі рабочых (служачых), вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, праграмы ўдасканалення магчымасцей і здольнасцей асобы, пад­рыхтоўкі да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэс­публікі Беларусь і інш. Што тычыцца непасрэдна дадатковай адукацыі педагогаў, то павышэннем іх кваліфікацыі і перападрыхтоўкай займаюцца 3 установы дадатковай адукацыі, падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі. Гэта Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Таксама павышэннем кваліфікацыі і перападрыхтоўкай педагогаў займаецца Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. У 2022 годзе толькі ў гэтых установах праграмы дадатковай адукацыі засвоілі больш за 35 тысяч педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі. Усяго ж па краіне за 2022 год праз праграмы дадатковай адукацыі дарослых прайшлі больш за 300 тысяч чалавек.

— Якія ўмовы прад’яўляюцца пры накіраванні на перападрыхтоў­ку?

— Перападрыхтоўку можна прайсці пры наяўнасці ў слухача вышэйшай альбо сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Патрабаванні да адукацыі выкладзены ў пастанове Савета Міністраў ад 1 верасня 2022 года № 574 “Аб пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу”, і іх абавязкова трэба выкон­ваць. Пасля таго як пройдзена перападрыхтоў­ка, даецца права праца­ўладкавацца па атрыманай спецыяльнасці ў адпаведнасці з нормамі Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”.

Перападрыхтоўку можна прайсці, напрыклад, па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Інфарматыка”, “Матэматыка”, “Сацыяльная педагогіка”, “Практычная псіхалогія”, “Інтэграванае навучанне і выхаванне ў да­школьнай адукацыі”, “Інтэграванае навучанне і выхаванне ў школьнай адукацыі” і інш. у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

— Якое зместавае напаўненне адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі педагогаў?

— Галоўнае патрабаванне да ўсіх праграм павышэння кваліфікацыі — іх практыкаарыентаванасць. Важна даць магчымасць настаўніку, кіраўніку адукацыйнай установы адаптаваць сучасныя педагагічныя тэхналогіі да сваёй працы, удасканаліць іх, з улікам пэўных умоў педагагічнага працэсу, новых ведаў і кампетэнцый стварыць сваю аўтарскую адукацыйную тэхналогію.

Тэматыка праграм вельмі разнастайная — гэта найперш сучасныя, інавацыйныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу, кіраванне якасцю адукацыі, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, распрацоўка эфектыўных праграм прафілактычнай, карэкцыйнай работы, асновы адукацыйнай робататэхнікі, арганізацыя сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі ва ўстановах адукацыі, арганізацыя адукацыйнага пра­цэсу для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, інтэграванае навучанне і выхаванне і інш.

З тэматыкай праграм павышэння кваліфікацыі можна азнаёміцца на сайтах устаноў дадатковай адукацыі.

— Як часта трэба павы­шаць кваліфікацыю?

— Перыядычнасць навучання дакладна вызначана. Так, настаўнікі павінны павышаць кваліфікацыю не ра­дзей як адзін раз у тры гады. 

Гэта замацавана ў Палажэнні аб бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў ад 1 верасня 2022 года № 574.

Павышэннем кваліфікацыі і перападрыхтоўкай настаўнікаў і кіраўнікоў сістэмы адукацыі займаецца ўстанова дадатковай адукацыі — Акадэмія паслядып­ломнай адукацыі, у рэгіёнах гэтая місія адведзена абласным (у сталіцы — Мінскаму гарадскому) інстытутам развіцця адукацыі. Павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў з ліку асоб прафесарска-выкладчыцкага складу вядзе Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, яно ажыццяўляецца па меры неабходнасці, але не радзей як адзін раз у пяць гадоў.

— Якія гарантыі маюць слухачы, накіраваныя на перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі?

— Тут трэба кіравацца пастановай Савета Міністраў ад 24 студзеня 2008 года № 101 “Аб гарантыях пры накіраванні на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і стажыроўку”. У гэтым дакуменце рэгулюецца, якім павінен быць заробак слухача на месцы яго працы на перыяд знаходжання на павышэнні кваліфікацыі, перападрыхтоўцы, стажыроўцы, умовы прадастаўлення кампенсацыі расходаў па найме жылога памяшкання (альбо яго часткі) у інтэрнаце або іншага жыллёвага памяшкання, выплаты сутачных, кампенсацыі расходаў на праезд да месца вучобы і інш.

— Наколькі распаў­сюджана дыстанцыйнае навучанне ў дадатковай адукацыі? Ці па ўсіх спецыяльнасцях можна вучыць дыстанцыйна?

— Згодна з пастановай Міністэрства адукацыі ад 15 снежня 2022 года № 481 “Аб дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі пры рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых”, дыстанцыйна рэалізуюцца не ўсе адукацыйныя праграмы і не па ўсіх спецыяльнасцях перападрыхтоўкі. Адукацыйныя праграмы перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую альбо сярэднюю спецыяль­ную адукацыю, рэалізуюцца дыстанцыйна па спецыяльнасцях, устаноўленых Агульна­дзяржаўным класіфікатарам АКРБ 011-2022 “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, зацвержаным пастановай Міністэрства адукацыі ад 24 сакавіка 2022 года № 54. Пералік спецыяльнасцей, па якіх не дапускаецца атрыманне адукацыі ў дыстанцыйнай форме, зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 9 жніўня 2022 года № 518. Напрыклад, нельга вучыцца дыстанцыйна па спецыяльнасці “Выкладанне замежнай мовы”.

Па педагагічным профілі ўпершыню ў краіне з лютага гэтага года пачалася пера­падрыхтоўка слухачоў па спецыяльнасці “Педагагічная дзейнасць спецыялістаў”. Яна ажыццяўляецца ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў дыстанцыйнай форме атрымання адукацыі. У ліку слухачоў — прадстаўнікі ўсіх абласцей і Мінска. Навучанне будзе доўжыцца на працягу аднаго года і завершыцца здачай дзяржаўнага экзамену ў 2024 годзе з прысваеннем кваліфікацыі “выкладчык у адпаведнасці з кваліфікацыяй па асноўнай адукацыі”. Па гэтай дыстанцыйнай праграме ўжо цяпер ажыццяўляецца новы набор слухачоў на 2024 год.

Што тычыцца рабочых спецыяльнасцей, то немагчыма дыстанцыйна рыхтаваць вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын; весці іх перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, ажыццяўляць прафесійную падрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку па прафесіях рабочых.

Калі гаварыць аб умовах выкарыстання дыстанцыйнага навучання, то без пэўнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі немагчыма яго арганізаваць. Павінна быць створана электроннае адукацыйнае асяроддзе, якое ўключае адпаведнае праграмнае забеспячэнне, сродкі абароны і захоўвання інфармацыі, забеспячэння доступу да сеткавых інфармацыйных рэсурсаў, стварэння асабістага кабінета і г.д. Акрамя таго, неабходна забяспечыць парадак верыфікацыі асобы навучэнца, тэхналогію правядзення практорынгу; распрацаваць вучэбна-метадычную дакументацыю, кантрольна-вымяральныя, інфармацыйна-аналітычныя матэ­рыялы і іншыя кампаненты электроннага адукацыйнага рэсурсу, неабходныя для арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама вызначыць формы ўліку гадзін вучэбнай работы педагагічных работнікаў, уліку наведвальнасці вучэбных заняткаў навучэнцамі.