Педагогі разам з навучэнцамі стварылі мемарыяльны сквер «Сад камянёў і хвойных» ля памятнай стэлы ў Мастах
02.05.2023Педагогі Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна разам з навучэнцамі стварылі мемарыяльны сквер ля памятнай стэлы ў Мастах.
Мінаюць гады. Усё далей той час, калі скончылася Вялікая Айчынная вайна. З кожным годам застаецца ўсё менш ветэранаў. Але помнікі, прысвечаныя людзям, які аддалі сваё жыццё, нагадваюць аб той цане, што заплаціў наш народ за мір на зямлі. Сучаснае пакаленне павінна быць дастойным памяці загінуўшых.
У 1969 годзе ў памяць аб загінуўшых земляках вёскі Занеманск быў устаноўлены помнік-скульптура воіна са сцягам. Далей, калі вёска ўвайшла ў межы Мастоў, скульптуру замянілі стэлай. Калектыў Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна разам з навучэнцамі, якія наведваюць розныя аб’яднанні па інтарэсах, прапанавалі ідэю стварэння каля стэлы мемарыяльнага сквера “Сад камянёў і хвойных”. Аддзел архітэктуры і будаўніцтва Мастоўскага райвыканкама дапамог педагогам і дзецям візуалізаваць ідэю на паперы, стварыўшы праект, згодна з якім тэрыторыя, якую добраўпарадкоўваюць, складаецца з мемарыяльнай часткі з элементамі ландшафтнага дызайну і рэкрэацыйнай зоны з лаўкамі для адпачынку.
Праект заснаваны на сучасных тэндэнцыях развіцця ландшафтнага дызайну ў стылі мінімалізм. Паколькі камень з’яўляецца агульначалавечым сімвалам вечнай памяці, то ён стаў асновай ландшафтнага рашэння для гэтай тэрыторыі: ад гравію і шчэбню да валуноў розных памераў, формы, фактуры і колеру. Кожнаму каменьчыку вызначана сваё месца. Яны гарманічна размяшчаюцца па ўсёй тэрыторыі. Валуны кампануюцца ў некалькі асобных груп, якія разам створаць суцэльную кампазіцыю. Яна вытрымана ў адзінай колеравай гаме.
У якасці зялёных акцэнтаў для саду камянёў вырашылі выкарыстоўваць хвойныя расліны розных відаў і гатункаў: хвоі, кедры, туі, елкі, ядловец, кіпарысавікі і інш. Высадзілі расліны навучэнцы сярэдняй школы № 2 Мастоў разам з педагогамі эколага-біялагічнага цэнтра ў рамках прафесійнай падрыхтоўкі рабочых па прафесіі рабочы зялёнага будаўніцтва. Хвойнікі падабралі так, што яны пры пасадцы спалучаюцца адно з адным па памерах, форме і афарбоўцы. Сквер можна будзе дапаўняць новымі відамі хвойных раслін.
Элементы добраўпарадкавання тэрыторыі ля стэлы напоўнены сімвалічным сэнсам. Камяні сімвалізуюць загінуўшых жыхароў нашага горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а хвойныя расліны, якія будуць там высаджаны, з’яўляюцца сімвалам стойкасці і мужнасці беларускага народа. Сімвалічна і тое, што камяні — нямыя сведкі вайны — былі прывезены з розных населеных пунктаў Мастоўскага раёна. Дапамогу ў гэтым аказалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: ЗАТ “Гудзевічы”, КСУП імя Адама Міцкевіча, філіял “Дубна” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, КСУП “Азяранскі”, ААТ “Чарлёна”.
На працягу ўсяго года хвойнікі будуць радаваць сваёй прыгажосцю. Нават зімой на фоне снежнага покрыва яны выглядаюць эфектна, не страчваюць сваёй прывабнасці, уражваючы раснастайнасцю адценняў. За кошт дэкаратыўнай падсыпкі, падбору непатрабавальных раслін, адмаўлення ад адналетнікаў даглядаць сад будзе лёгка і малазатратна. Сад камянёў і хвойных створыць адзінае цэлае не толькі з помнікам, але і будзе гарманіраваць з тым пейзажам, які распасціраецца за мемарыяльным комплексам.
Варта адзначыць, што праект “Мемарыяльны сквер “Сад камянёў і хвойных” унікальны для нашага раёна. Ён стане прывабным месцам не толькі для мастаўчан, але і для турыстаў, і гасцей нашага горада. Прагулка па такім садзе прынясе людзям вялікае эстэтычнае задавальненне.
Стэла стане значным месцам пры правядзенні памятных мерапрыемстваў у святочныя дні, элементам ваенна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Пагадзіцеся, што захаванне памяці — гэта і ёсць клопат аб будучыні нашага горада, нашай краіны! Помнік жа доўгія гады будзе ўсім нагадваць аб подзвігу нашых продкаў.
Кацярына РЭКУЦЬ,
дырэктар Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна
Источник: https://nastgaz.by/