РУС БЕЛ ENG 中文

Калядныя цуды

13.01.2023
У завяршэнні рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" супрацоўнікі дзяржаўнай установы адукацыі "Дзіцячы сад № 110 г. Гродна" адсвяткавалі Каляды з выхаванцамі дзяржаўнай установы "Гродзенскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр".

Каляды – даўняе народнае свята нашых продкаў. Калядныя святы прыносілі радасць у кожную хату, іх чакалі, да іх адказна рыхтаваліся.

Вось і нашы супрацоўнікі з задавальненнем дапамаглі акунуцца ў святочную атмасферу выхаванцам гродзенскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў час фальклорнага свята “Калядныя цуды".

У музычнай зале гасцей сустракала гаспадыня, якая расказала выхаванцам аб павер’ях на час каляд: сад абвязаць невымашчанай саломай – да добрага ўраджаю садавіны, галінкі дуба ўтыкаць у вокны  на шчодрую куццю – да моцнай і здаровай гаспадаркі, як дуб. Гаспадыня пачаставала куццёй мароз, каб не замерзлі палеткі.

Якія Каляды без калядоўшчыкаў? Не абышлі калядоўшчыкі свята. Сюды завіталі Цыган з Цыганкай, Мядзведзь з Казою. Яны запрасілі выхаванцаў у карагод, каб весяліць увесь народ!

Разам з Казою дзеці закружыліся ў беларускім народным танцы. Напрыканцы танца Каза стамілася і ўпала, а каб яна ўстала – патрэбна ёй даць кавалак сала.

З Мядзведзем выхаванцы таксама пагулялі. А Цыганка ўсім наваражыла на ўвесь год дабра, шчасця і здароўя.

Усе дзеці і дарослыя на нейкі час трапілі ў дзівосны свет народнай культуры, атрымалі добры настрой і салодкія пачастункі.

 

Источник: http://udo110.oktobrgrodno.gov.by