Гаварыць і чуць адно аднаго: у краіне праходзяць ХІІ Беларускія Калядныя адукацыйныя чытанні
27.11.2026З 12 лістапада па 10 студзеня ў нашай краіне праходзяць ХІІ Беларускія Калядныя адукацыйныя чытанні. Старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, настаяцель прыходу ў гонар Усіх Святых, протаіерэй Фёдар Поўны расказаў пра асноўныя падзеі калядных чытанняў.

У гэтым годзе іх тэма — “Хрысціянскае вучэнне пра чалавека і выклікі сучасных тэхналогій”.
— Мерапрыемствы ў рамках чытанняў праводзяць амаль усе сінадальныя аддзелы Беларускай Праваслаўнай Царквы, — адзначыў айцец Фёдар. — На форумах, за круглымі сталамі, у невялікіх канферэнц-залах і нават на zoom-сустрэчах закранаюцца розныя сферы жыцця чалавека ва ўзаемадзеянні з найноўшымі тэхналогіямі: гэта і сям’я, і здароўе, і маладзёжная палітыка, і адукацыя, і рэлігійная адукацыя, архітэктура, мастацтва, культура, СМІ і медыя.
24 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё ІІ Рэспубліканскага фестывалю праваслаўных духоўных песнапенняў “Духоўны спеў зямлі беларускай”. Яго мэта — захаваць і развіць традыцыі духоўна-маральнага выхавання і даць новыя магчымасці творчага развіцця праз харавое выканальніцкае мастацтва. Мерапрыемства прайшло ў мемарыяльным комплексе “Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі”.
Па словах протаіерэя, усе існуючыя тэорыі асобы чалавека і тэорыі чалавечай годнасці будуюцца на падмурку чалавека як выявы Божага аблічча. Без гэтай найвышэйшай планкі ўсе тэорыі разбураюцца. Без Божай выявы чалавек сам па сабе непазбежна паўстае недасканалым, а таму лішнім у гэтым свеце.
— Лагічна, што, калі будзе ўспрымацца такім нямоглым, ён стане нікім у параўнанні з новымі тэхналогіямі. Пазбавіць чалавека вобразу Божага — значыць асудзіць яго на падпарадкаванне машыне. У вачах Божых чалавек — каштоўнасць. І толькі з Богам ён свабодны ад любога віду асуджанасці, — сказаў айцец Фёдар.
Кіраўнік Сінадальнага аддзела БПЦ адзначыў, што царква карыстаецца тэхналогіямі і не забараняе іх. Разам з тым гаворыць, што “перамогу над тэхналогіяй можа дасягнуць толькі дасканалы дух моцнага і прыгожага
чалавека”.
— Царква кажа, што чалавек большы за тэхналогіі, а значыць, можа і павінен імі кіраваць, — адзначыў Фёдар Поўны.
Задача чытанняў — дасягнуць згоды ў грамадстве праз дыялог. Дыялог — гэта ўменне слухаць, знаходзіць агульнае ў процілеглым. Для гэтага патрэбна смеласць: не прыкрывацца нейтральнай свецкасцю і не адхіляць матэрыяльны свет, як робяць некаторыя людзі супрацьлеглых палюсоў, а даваць магчымасць гаварыць і чуць адно аднаго.
Галоўная падзея чытанняў — пленарнае пасяджэнне 27 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы, на якім выступіць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Сваё бачанне па тэме Калядных чытанняў прадставяць таксама генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Гігін, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш і рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Дзяніс Дук. На пасяджэнні выступіць і архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.
Асаблівую ўвагу на форуме ўдзеляць выхаванню моладзі і сістэме адукацыі. Педагогі і святары абмяркуюць, як абараніць маладое пакаленне ў інфармацыйнай прасторы, а таксама прывіць моладзі крытычнае мысленне.
Пленарнае пасяджэнне Калядных адукацыйных чытанняў завершыцца сумеснай канферэнцыяй праваслаўнай царквы і прадстаўнікоў беларускага казацтва. Найлепшыя даклады і ініцыятывы, агучаныя ў Мінску, у студзені прадставяць на Міжнародных Калядных чытаннях у Расіі.
Удзел у чытаннях бяруць эксперты як з рэлігійна-духоўнай, так і са сферы свецкіх навук, прадстаўнікі грамадскасці. Падрабязна з праграмай Калядных адукацыйных чытанняў можна азнаёміцца на сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Источник: https://nastgaz.by
