РУС БЕЛ ENG 中文

На філалагічным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта адбыліся мерапрыемствы да Тыдня роднай мовы

23.09.2022

У межах Тыдня роднай мовы запланавана многа цікавых мерапрыемстваў. Гэта і акцыі, і конкурсы, і сустрэчы. Расказваем, што адбылося на філалагічным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта.

Дацэнты кафедры беларускай філалогіі Руслан Казлоўскі і Аліна Сабуць разам са студэнтамі 1-га і 2-га курсаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія» правялі квэст-гульню «Фальклор, фальклор – душа народа», прымеркаваную да Тыдня роднай мовы.

Падчас мерапрыемства студэнты згадвалі беларускія народныя абрады і звычаі, прыкметы і павер’і, дэманстравалі тэхніку вымаўлення скарагаворак, спаборнічалі ў адгадванні загадак, у выкананні беларускіх народных песень, паводе фрагменту тэксту ўзгадвалі назвы беларускіх народных казак і інш. У аўдыторыі панавала ўзнёслая і ўрачыстая атмасфера. Мерапрыемства атрымалася надзвычай цікавым, эмацыйным і жывым.

Напрыканцы квэста-гульні кожны са студэнтаў з цеплынёй у душы і гонарам назваў сваю малую радзіму, той куток Беларусі, што сімвалізуе самабытнасць нашага краю.

Таксама на факультэце кафедра беларускай філалогіі правяла конкурс творчых пісьмовых прац «За што я люблю родную зямлю?..», у якім актыўны ўдзел прынялі студэнты спецыяльнасці «Беларуская філалогія». Прапанаваная тэматыка асабліва актуальная, паколькі сёлетні 2022 год згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.

Студэнты-славеснікі шчыра падзяліліся сваімі меркаваннямі, за што кожны з іх любіць сваю родную зямлю, Бацькаўшчыну, Беларусь.

Напрыканцы творчых прац гучалі студэнцкія запаветныя словы-пажаданні, «каб родны край развіваўся і заставаўся заўсёды годным памяці сваіх продкаў», «каб мець вялікую ласку да месца, дзе нарадзіліся», а таксама «берагчы сваю зямлю, наш народ, нашу Бацькаўшчыну – нашу Беларусь».

Источник: https://www.grsu.by

поделиться в: