РУС БЕЛ ENG 中文

Педагогі Шчучыншчыны падвялі вынікі работы за мінулы год і акрэслілі арыенціры развіцця сістэмы адукацыі раёна

31.08.2022

 

Інтэрактыўная выстава "Духоўнасць. Памяць. Патрыятызм", падрыхтаваная ўстановамі адукацыі нашага раёна,  гістарычнае праменад-знаёмства са знакамітымі дзеячамі Шчучыншчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё адукацыі і навукі на нашай малой радзіме, дэфіле школьнай формы – ярка, цікава, крэатыўна і ўрачыста прайшла традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.

 

На гэты раз у рабоце канферэнцыі прымалі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, прадстаўнікі аддзелаў і службаў райвыканкама, грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, дэлегацыі ўстаноў адукацыі Шчучыншчыны.

 

Асаблівая атмасфера панавала ўжо ў фае, дзе адразу можна было акунуцца ў гістарычнае мінулае нашай малой радзімы: установы адукацыі прадстаўлялі топ-5 музейных экспанатаў. А ў наступнай зале ўдзельнікі канферэнцыі знаёміліся з самымі яркімі дасягненнямі сістэмы адукацыі Шчучыншчыны, прысвечанымі Году гістарычнай памяці. Нібы сапраўдныя мадэлі, дэфіліравалі па подыуме вучні школ раёна, прадстаўляючы новую школьную форму, – у кожнай установы адукацыі цяпер ёсць свая адметная рыса.

 

         

 

 

З нашай шчучынскай зямлі выйшла шмат знакамітых навукоўцаў і вядомых дзеячаў, якімі мы заўсёды будзем ганарыцца. І вельмі сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці іх імёны зноў прагучалі сярод людзей, якія прыкладаюць шмат намаганняў для станаўлення і развіцця адукацыі Шчучыншчыны. Станіслаў Баніфацый Юндзіл, Казімір Нарбут, Ігнат Дамэйка, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Фелікс Стацкевіч і Фларыян Катовіч, а таксама настаўнікі Іосіф і Соф'я Камінскія завіталі на гэта педагагічнае веча, каб перадаць школьнікам каштоўныя падарункі ў выглядзе сваіх даследаванняў, твораў, падручнікаў, а педагогаў заклікаць вучыць дзяцей любіць сваю мову,  родную зямлю, шанаваць народныя традыцыі, ведаць гісторыю свайго народа, каб гэтыя веды дапамагалі ім будаваць светлую будучыню і берагчы мір на нашай зямлі. Выдатна ўжыліся ў вобразы знакамітасцей артысты.   

 

Сёння справу ўсіх педагагічных пакаленняў Шчучыншчыны будуць працягваць прадстаўнікі маладога пакалення, якія папоўнілі дружную педагагічную сям'ю раёна. Маладыя спецыялісты далі клятву вучыць, выхоўваць і любіць сваіх вучняў, развівацца, замацоўваць адукацыйныя традыцыі шчучынскай зямлі і з гонарам несці званне настаўніка. А тэкст гэтай клятвы будзе захоўвацца у музеі адукацыі Шчучыншчыны ў гімназіі.

 

         

 

На сцэне – начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі. Ён расказаў аб дасягненнях сістэмы адукацыі раёна ў мінулым навучальным годзе і падкрэсліў, што яна ўпэўнена набывае свой унікальны твар.

– Увогуле ў раёне функцыянавала 33 установы, 16 з якіх забяспечвалі агульную сярэднюю адукацыю, – адзначыў Павел Віктаравіч. – У 11 ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні на ІІІ ступені. У профільных класах займаюцца 56,3 % вучняў X-XI класаў, на павышаным узроўні вывучаецца дзевяць прадметаў. Развіваецца сістэма дапрафесійнага і прафесійнага навучання: дзейнічаюць групы аграрнай і педагагічнай накіраванасці. Удасканальваецца сістэма работы са здольнымі дзецьмі. Працягваецца камп'ютарызацыя сістэмы адукацыі: у мінулым годзе набыта 10 камп'ютараў  і адзін мульціборд, чатыры шматфункцыянальныя ўстройствы на суму 30763 руб. У выніку ўзаемадзеяння з Паркам высокіх тэхналогій у сямі ўстановах адукацыі рэалізуецца адукацыйныя праекты  «Праграміраванне ў асяроддзі Scratch», «Інфарматыка без разеткі».

 

У гэтым годзе 19 вучняў з шасці школ атрымалі падчас цэнтралізаванага тэсціравання рэзультат вышэй за 90 балаў. На працягу трох апошніх гадоў павялічваецца працэнт паступлення выпускнікоў у вну з 60,3 до 66,5.

 

Павел Віктаравіч таксама спыніўся на дзейнасці раённай школы "Інтэлект", арганізацыі выхаваўчай работы і падтрымцы дзіцячых ініцыятыў, павышэнні адукацыйнага узроўню педагогаў, рэалізацыі інавацыйных праектаў, праблемах па выяўленні сямейнага недабрабыту, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і многіх іншых пытаннях.

 

– Новы навучальны год прынясе нямала змен беларускім школам, – заключыў Павел Віктаравіч. – Але мы ўжо ведаем, над якімі праблемамі працаваць, у якім накірунку рухацца і да чаго імкнуцца.

 

           

 

Свой унікальны вопыт у сістэме дашкольнага выхавання, агульнай сярэдняй адукацыі, пры правядзенні кадравай палітыкі і метадычнай работы, арганізацыі выхаваўчай і сацыяльнай дзейнасці прэзентавалі педагогі.

 

Шчыра вітала ўсіх педагогаў Шчучыншчыны старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

 

– Складальнікі поспеху адукацыйнай сістэмы Шчучыншчыны крыюцца ў двух словах: карані і крылы, – заўважыла Алена Васільеўна. – Карані – гэта традыцыі, якія беражліва захоўваюцца да сённяшніх дзён, гэта тое, што дае аснову, закладвае фундамент. А пажадаць хачу крылаў, каб вы, паважаныя настаўнікі, дарылі іх сваім вучням, якім прадстаіць будаваць будучае нашай Радзімы, маладым спецыялістам і абавязкова сабе.

 

Алена Васільеўна уручыла Ганаровую грамату Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў галоўнаму спецыялісту аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дануце Шостак.

 

З самымі цёплымі словамі падзякі за самаадданую працу звярнулася да ўдзельнікаў канферэнцыі Ганна Хвядзюк – старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў. Яна таксама ўручыла заслужаныя узнагароды. Ганаровымі граматамі Шчучынскага райвыканкама ўзнагароджаны  Ірэна Барысевіч – загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аг. Васілішкі, і  Ірына Залога – загадчыца ясляў-сада №6 г. Шчучына, а Падзячным пісьмом – Алена Арабчык, дырэктар Шчучынскага цэнтра турызму і краязнаўства. Ганаровыя граматы Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў атрымалі Таццяна Глаўдаль – настаўнік хіміі і біялогіі Ражанкаўскага д/с-СШ, і Андрэй Макей – настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі г. Шчучына.

 

    

 

Высокай узнагародай – Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь – быў адзначаны Уладзімір Дубок, дырэктар гімназіі г. Шчучына. А Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала Гелена Баронік – метадыст Шчучынскага ПТДіМ.

 

 

         

Многія педагогі паднімаліся сёння на сцэну. Граматы галоўнага упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама, Падзячныя пісьмы Шчучынскай раённай арганізацыі ГА "Белая Русь", Ганаровыя граматы Гродзенскага абласнога і Шчучынскага раённага камітэтаў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі знайшлі сваіх герояў.

 

Выдатным падарункам для ўсіх прысутных сталі музычныя нумары ў выкананні выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі і выступленне народнага артыста Рэспублікі Беларусь прафесара Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокага Мікалая Скорыкава.

Источник: https://dzyannica.by