З лампадай да Вечнага агню адправілася ў аўтапрабег моладзь Астравеччыны
12.05.2021
Напярэдадні Дня Перамогі актывісты піянерскай арганізацыі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі адправіліся ў аўтапрабег па месцах увекавечання памяці герояў вайны – такім чынам астраўчане далучыліся да акцыі “З лампадай да Вечнага агню”.
Помнік савецкім воінам і партызанам у Астраўцы, брацкія магілы ў Гудагаі і Варнянах, помнікі загінулым воінам у Гервятах, Міхалішках – у кожнай кропцы маршруту падлеткі ўскладалі кветкі і запальвалі свечкі ў памяць аб тых, хто змагаўся за мірнае незалежнае будучае для сваіх нашчадкаў.
У вёсках і аграгарадках удзельнікаў прабегу сустракалі прадстаўнікі сельвыканкамаў, настаўнікі, школьнікі, лідары і актывісты дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, члены раённага савета ветэранаў. І гучалі вершы з песнямі, віншаванні з надыходзячым вялікім святам, напамін пра бяду, што перажыў савецкі народ, і цану, якой каштавала Перамога, – і адлічваў секунды хвіліны маўчання метраном.
Як не цаніць гэты подзвіг, ці можна такое выкрасліць з памяці людской, у імя чаго былі такія ахвяры і дзеля каго – галоўны пасыл акцыі, як эстафету, яе ўдзельнікі перадавалі ад помніка да помніка.
источник: http://www.ostrovets.by