Адчуць сувязь часоў і дакрануцца да гісторыі. Як вучні Навагрудскай спецшколы-інтэрната адправіліся ў падарожжа
05.04.2021
Канікулы – для дзетак самы любімы час.
Падручнікі і сшыткі можна адкласці ўбок, а ў вольны час заняцца любімымі справамі.
А каб канікулы прайшлі яшчэ больш цікавей, трэба здзейсніць падарожжа па роднай краіне. У гэтым упэўніліся вучні 6-10-х класаў Навагрудскай спецшколы-інтэрната падчас вандроўкі ў старажытны горад.
Шлях з Навагрудка да Полацка пралягаў праз такія сумнавядомыя ў Беларусі месцы, як Хатынь, Дальва, Бягомль.
– Хатынь і Дальва – беларускія вёскі, вынішчаныя фашысцкімі акупантамі разам з людзьмі, узрадзіліся, паўсталі з руін вечнай памяццю непакороных.Тут цяжка стрымаць слёзы, калі чытаеш надпісы на мемарыяльных плітах і слухаеш звон калакалоў, – кажа Ірына Гавароўская, кіраўнік музея “Памяць сэрца” Навагрудскай спецшколы-інтэрната. – У Бягомлі падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнічаў партызанскі аэрадром, які звязваў рэгіён з Вялікай зямлёй. Сёння самалёт-помнік у цэнтры гарадскога пасёлка служыць напамінам пра падзеі больш чым паўвекавой даўніны, якія адбываліся ў гэтым краі.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны – трагічная частка гісторыі Беларусі, але пра яе павінен помніць кожны, каб не паўтарыць тых жахлівых падзей!
Полацк сустрэў падарожнікаў сонцам і лагодным плёскатам хваляў Заходняй Дзвіны. На беразе гэтай паўнаводнай ракі размясціўся Сафійскі сабор. Велічнае збудаванне ўзводзілі візантыйскія майстры і гараджане ў 1044 – 1066 гадах па распараджэнні князя Усяслава Чарадзея. Сімвал незалежнасці і магутнасці Полацкага княства, храм нібы ўвасабляў белы карабель, які плыве па Дзвіне.
Пры наведванні Сафійскага сабора кідаецца ў вочы неабсяжны валун, які знаходзіцца ля падножжа храма. Гэта Барысаў камень – адна з самых вядомых беларускіх славутасцяў, якая адносіцца да помнікаў сярэднявечнай культуры. Лічыцца, што на поўнач Беларусі валун трапіў са скандынаўскім ледніком сотні гадоў таму. Доўгі час Барысаў камень ляжаў у Заходняй Дзвіне ў мястэчку Падкасцельцы побач з Полацкам. У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя Барысаў камень прывезлі ў Полацк і паставілі па суседству з Сафійскім саборам на Верхнім замку, дзе яго і можна зараз бачыць. На камені зроблены надпіс: «ХС НІКА. Госпадзе дапамажы рабу свайму Барысу», – а таксама высечаны крыж. Важыць Барысаў камень больш за 70 тон.
Вучні Навагрудскай спецшколы-інтэрната дакрануліся да каменя і адчулі яго сілу, моц, сувязь часоў ...
У Полацку шмат цікавых культурных аб’ектаў, сярод якіх: помнік героям Айчыннай вайны 1812 года, помнік літары “Ў”, помнік “Геаграфічны цэнтр Еўропы”. Пабываўшы ў двары Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, падлеткі даведаліся, што вышэйшая адукацыя ў горадзе мае даўнія традыцыі.
Наступным пунктам падарожжа па старажытным горадзе стаў Сафійскі сабор. Гэта ўнікальны храм Еўропы, адзін з самых ранніх у старажытнай Русі і першы мураваны на тэрыторыі Беларусі. Сабор Сафіі Прамудрасці Божай быў пабудаваны ў Полацку на правым беразе Заходняй Дзвіны ў ХI стагоддзі. У сярэдзіне XVIII яго перабудавалі згодна з праектам архітэктара Яна Глаўбіца ў стылі віленскага (познебеларускага) барока.
Аднак да нашых дзён ад храма ХI стагоддзя дайшлі фрагменты муроўкі, практычна поўнасцю захаваны старажытны фундамент, часткі апсіды, слупоў і сцен, а таксама дзіўныя фрэскавыя размалёўкі 2-й паловы ХI ст. Сабор і сёння ўражвае хараством і веліччу.
На шляху дадому вандроўнікі наведалі вёску Гервяты Астравецкага раёна. Там знаходзіцца Троіцкі касцёл, які ўваходзіць у тройку самых высокіх храмаў Беларусі (61 метр) і, без сумневу, адзін з самых лепшых узораў неагатычнага стылю. Ён быў пабудаваны ў 1903 годзе на месцы драўлянага касцёла 1526 года.
источник: рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда»