Сустрэча з ратавальнікамі
25.03.2021
Сапраўднай падзеяй для выхаванцаў ДУА "Яслі-сад г. п. Мір" стала сустрэча з супрацоўнікамі Карэліцкага РАНС, якія прыехалі ў дзіцячы сад на сваёй службовай машыне.
Дзеці былі ў захапленні ад магчымасці паглядзець ужывую, як укамплектавана сапраўдная пажарная машына, як працуе абсталяванне ратавальнікаў, як выглядае пажарна-выратавальны інвентар і прадметы баявога адзення пажарных. Дзяўчынкам і хлапчукам было цікава прымерыць пажарныя каскі і крагі, пасядзець за рулём машыны.
Супрацоўнікі РАНС прадэманстравалі, як разгортваюць пажарныя рукавы, патлумачылі, як падаюць па іх ваду, паказалі дзецям, як працуе вогнетушыцель і як правільна ім карыстацца ў экстраных выпадках.
Незабыўныя эмоцыі выклікала ў дзяцей магчымасць адчуць сябе сапраўднымі ратавальнікамі і патушыць уяўны пажар вадой з пажарнага брандспойта.
Разам з галоўным героем Ваўком з мультфільма "Чароўная кніга МНС" дзеці паўтарылі правілы бяспечных паводзін у розных сітуацыях, успомнілі нумары тэлефонаў экстранных службаў і алгарытм іх выкліку. Дзеці задавалі шмат пытанняў аб прафесійнай дзейнасці, запазычылі шмат карыснай інфармацыі з гутаркі з тымі, хто, рызыкуючы жыццём, займаецца тушэннем пажараў і выратаваннем людзей.
Асабліва прыемным момантам стала ўзнагароджанне нашых пераможцаў: выхаванца старшай групы Гомза Максіма за перамогу ў раённым этапе конкурсу "Ратавальнікі вачамі дзяцей” у намінацыі “Выраб", і выхавальніка дашкольнай адукацыі Круглік Святланы Уладзіміраўны за перамогу ў раённым конкурсе "Мой бяспечны дом”.
Увогуле, ні адно дзіця пасля сустрэчы з ратавальнікамі не засталося без падарунка – супрацоўнікі РАНС падрыхтавалі для дзяцей тэматычныя буклеты, памяткі, размалёўкі.
Выязджаючы з тэрыторыі дзіцячага сада, нашы госці развіталіся з усімі, уключыўшы пажарную сірэну. Уражанняў і захаплення ад візіту гасцей усім хапіць ні на адзін дзень! .
Святлана Петрыман,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі-сад г.п.Мір”, Карэліцкага р-на, Гродзенскай вобл.