Знаёмая казка на новы лад, альбо казачны агарод на падаконніку
23.03.2021
Для ўзбагачэння ўяўленняў дзяцей пра стадыі росту і развіцця раслін агароду, для знаёмства са спосабамі догляду за імі у сярэдняй групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п.Карэлічы ў канцы лютага быў пасаджаны агарод.
Выбраўшы расліны, якія дзеці павінны ведаць па праграме, мы вырашылі аб’яднаць градкі адным сюжэтам. Назва прыйшла сама сабой. Калі на занятках чыталі казку “ Як курачка пеўніка ратавала”, многія дзеці не ўяўлялі сабе, што такое боб і як ён расце. Таму першым на нашым агародзе і з’явіўся менавіта гэта расліна з казкі. Не зразумелым для дзяцей было таксама слова “Касец”. Таму паміж градкамі пасеялі траву. А яшчэ кожны з дзяцей прынёс з дому цыбулінку і асабіста пасадзіў у шклянку.
Цікава было назіраць, як выхаванцы з хваляваннем садзілі насенне і лукавіцы ў глебу, спяшаліся паглядзець, што там з’явілася на градках. Кожную раніцу па чарзе дзеці палівалі агарод.
І вось, калі з’явіліся першыя ўсходы, радасці не было канца. Разам з усходамі з’явіліся і казачныя героі: курачка, пеўнік, кароўка, касец, кухар і таблічкі з назвамі агародніны і схемамі назірання за раслінамі.
Цяпер наш казачны агарод вабіць дзетак не толькі паназіраць і замаляваць змены ў жыцці кажнай расліны, але разам ці па асобку расказаць казку. Мы заўважылі, што дзецям гэта даецца шмат лягчэй, бо яны бачаць перад сабою тое, пра што расказваюць: касец косіць траву, карова есць сена, пеўнік шукае паміж гарохам і фасоляю менавіта боб. Дарэчы , канец казкі мы трошкі змянілі. Замест пекара у нас працуе кухар, а касец просіць у курачкі прыгатаваць яму не пірагі, а карысныя салаты з агародніны. Далей плануем зрабіць кніжку з рэцэптамі беларускіх страў з буракоў, радыскі, агуркоў і цыбулькі, якія падрастаюць на нашым агародзе.
Канешне, практыкаваць у пераказванні нескладаных казак можна і на занятках, але мы ўпэўніліся ў тым, што наш казачны агарод дапамагае не толькі пераказаць знаёмую казку на новы лад, але садзейнічае сумеснаму з дарослым абыгрыванню казкі, навучае эмацыянальнаму ўспрыманню твора. Адначасова дзеці вучацца выконваць элементарныя працоўныя даручэнні ў кутку прыроды , развіваюць уменне адрозніваць і называць расліны агарода, у іх фарміруецца ўяўленне пра этапы росту і спосабах догляду раслін агароду. Мы ўжо зрэзалі першае пер’е цыбулькі і дабавілі яго ў суп, скасілі нажніцамі першы ўкос травы, якой пачаставалі не толькі нашу казачную кароўку, але і хамяка і папугая з жывага кутка дашкольнай установы.
А яшчэ мы даведаліся, як выглядае насенне цюльпанаў і настурцыі.Менавіта цюльпаны нас ужо парадавалі дзвюма кветачкамі. Тут, дарэчы мы ўспомнілі, што з такой кветкі з’явілася на свет казачная Дзюймовачка.
Упэўнены ў тым, што працаваць , назіраць і расказваць на сваім казачным агародзе мы будзем яшчэ да чэрвеня, а потым працягнем гэтую справу на сапраўдным агародзе.