Сонечны канцэнтратар стаў лепшай ідэяй у Беларусі
03.03.2021
Дыплом пераможцы 10 сезона рэспубліканскага этапу моладзевага праекта БРСМ “100 ідэй для Беларусі” ў намінацыі “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць” сёлета заваяваў Аляксандр Баковіч, навучэнец Новаяльнянскай сярэдняй школы.
Кампетэнтнае журы ацаніла на выдатна яго праект “Сонечны канцэнтратар для вытворчасці цеплавой энергіі ва ўмовах замкнёнага водазабеспячэння”.
– Над праектам працую з маім навуковым кіраўніком, настаўнікам Сяргеем Уладзіміравічам Сокалам. Ён даўно займаецца даследчай і практычнай дзейнасцю ў галіне рыбаводства. Я зацікавіўся гэтай справай два гады таму і ўжо дабіўся пэўных вынікаў: маю перамогі ў раёне і вобласці, – расказвае Аляксандр. – На рэспубліканскі этап трапіў упершыню. Меркаваў, што калі ў фінале не выйду ў пераможцы, то ад удзелу ў ім атрымаю карысны вопыт.
Канкурэнцыя была вялікай, выйсці ў лідары, сумленна кажучы, мы не чакалі. Я быў прыемна ўражаны, калі прагучала маё імя. Эмоцыі, з якімі ішоў на сцэну, словамі не перадаць.
Рэспубліканскі дэбют стаў шчаслівым, і ёсць спадзяванне прыняць удзел у яшчэ адным моладзевым конкурсе – “100 ідэй для СНД”.
Таксама ў планах папулярызаваць другі наш праект – “Вадзяное сэрца”, з якім пабывалі ўжо на двух конкурсах: на абласным этапе “Энергамарафону” занялі першае месца і атрымалі грашовы прыз, які пойдзе на рамонт школы; перамаглі і ў абласным этапе конкурсу “Тэхнаінтэлект”. Як бачыце, сакавік для нас будзе актыўным – зноў паедзем на рэспубліку.
– Аляксандр, ці ёсць задумка выкарыстоўваць сонечны канцэнтратар на практыцы?
– Безумоўна, мы паспрабуем з яго дапамогай разводзіць цеплалюбівую, непатрабавальную, вельмі смачную рыбу – афрыканскага сома. У Беларусі яго вырошчваннем ніхто не займаецца, бо фінансава затратна падаграваць ваду для яго да спрыяльнай тэмпературы. З дапамогай нашага вынаходніцтва мы зможам зрабіць гэта бясплатна, значыць, ёсць магчымасць вырошчваць любую цеплалюбівую рыбу.
– Чаго пажадаеш сваім равеснікам, якія таксама спрабуюць сябе ў даследчай дзейнасці?
– Ніколі не спыняцца на дасягнутым. Паверце, новы праект можа стаць паспяховым не адразу. Магчыма, перш чым атрымаецца перамагчы, давядзецца прыняць удзел у некалькіх конкурсах. Адчайвацца не трэба – трэба працаваць і імкнуцца да большага.
Ірына СТЫРНІК
источник: редакция газеты «Перамога»