Тут карані, адсюль вытокі…
02.03.2021
Кожны высокаадукаваны чалавек павінен ведаць традыцыі і мову свайго народа. Зразумела, што чым болей нацыянальнага будзе ў працэсе адукацыі і выхавання, тым мацней, духоўна багацей будзе нацыя. Далучыць выхаванцаў да беларускай мовы, народнай культуры, традыцый дапамагаюць забавы і святы, пабудаваныя на фальклорным матэрыяле сваёй мясцовасці.
Патрэбна памятаць, што ў нашы дні няма натуральнага пераймання фальклору ад старэйшых. Таму ў той фальклор, які быў спрадвеку дарослым, дзяцей уводзяць штучна. Абавязкова трэба ўлічваць узроставыя асаблівасці дашкольнікаў, і не трэба вельмі падрабязна знаёміць іх з усімі святамі гадавога кола, а толькі з тымі, якія будуць зразумелымі, адпавядаюць нашым сённяшнім эстэтычным патрабаванням. Гэта датычыцца і абрадавых дзеянняў, гульняў, танцаў, песняў, якія выконваюцца на тым ці іншым свяце.
Пры падборы матэрыялаў для правядзення забаў і святаў мэтазгодна ўлічваць фальклорныя матэрыялы сваёй мясцовасці, малой радзімы. Праз іх не толькі поўніцца і актывізуецца беларускі слоўнік дзіцяці, выхоўваецца любоў і павага да роднай мовы і культуры, але і спасцігаецца светапогляд, душа, мудрасць, гумар, таленавітасць, майстэрства свайго народа.
Адной з забаў, праведзеных ў ДУА “Яслі-сад г.п.Мір” ў межах рэалізацыі пректа патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту праз беларускія народныя святы і абрады з’явілася фальклорная забава на мясцовым матэрыяле "Тут карані, адсюль вытокі". У ходзе мерапрыемства выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту знаёміліся з мясцовымі легендамі, гісторыяй пасёлка Мір, народнымі рамёствамі, якія былі распаўсюджаны ў пасёлку. Дзеці расказвалі вершы пра малую радзіму, пра родны пасёлак Мір, спявалі песні, гулялі ў беларускія гульні, а таксама паказалі невялікую сцэнку пра знакаміты Мірскі кірмаш.
Хочацца спадзявацца, што ў нашых выхаванцаў пачалі фарміравацца пачуцці і якасці характару, якія звязваюць дзяцей з гістарычнымі каранямі, паходжаннем, уплываюць на зараджэнне нацыянальнай самасвядомасці і спрыяюць жаданню стаць уладарамі і носьбітамі культурнай спадчыны.
Святлана Петрыман,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Яслі-сад г.п.Мір”
Карэліцкага р-на, Гродзенскай вобл.